Музей рымскай цывілізацыі
| Музей рымскай цывілізацыі іт. Museo della Civiltà Romana |
|
Музей рымскай цывілізацыі. Выгляд знадворку. |
|
| Месцазнаходжанне | Piazza G. Agnelli, 10 - 00144 Roma |
|---|---|
| Каардынаты | |
| www.museociviltaromana.it | |
Музей рымскай цывілізацыі — адзін з найбуйнейшых у свеце музеяў па гісторыі Старажытнага Рыма.
Экспазіцыя галоўным чынам складаецца з рэпрадукцый класічных узораў скульптуры, якія былі згублены ці разбураны, а таксама з твораў, якія цяпер існуюць у выглядзе асобных частак і сабраны разам.
Гэта копіі статуй, бюстаў, надпісаў, рэльефаў і фрагментаў будынкаў у натуральную велічыню, макеты манументаў і архітэктурных комплексаў Рыма і правінцый Рымскай імперыі, а таксама начынне, аб'екты хатняй гаспадаркі і інструменты. Музей падзелены на 59 секцый, якія размяшчаюцца на плошчы ў 13 тыс. кв. м. з агульнай даўжынёй сцен у 3 кіламетры і вышынёй каля 10 метраў.
У першых 14-ці залах размяшчаецца свайго роду гістарычны сінтэз паходжання Рыма аж да VI стагоддзя н. э. Сярод экспанатаў можна адзначыць геаграфічную карту, на якой паказаны заваяванні Рымскай імперыі ў гістарычным развіцці, партрэты імператараў і выбітных людзей, сярод якіх Юлій Цэзар, Аўгуст, Клаўдзій, Нерон, Брут, Пампей, Цыцэрон, макеты шматлікіх манументаў Аўгуста, Траяна, Севера, Аўрэлія.
У секцыі, прысвечанай хрысціянству, выстаўлены копіі надпісаў і раннехрысціянскіх рэльефаў, саркафагаў, сярод якіх саркафаг у парфіры Канстанціны, дачкі і цёзкі імператара, саркафаг гарадскога прэфекта Юнія Баса і Св. Амвросія.
У секцыях музея адноўлена рымская цывілізацыя ў розных яе аспектах: грамадскае і паўсядзённае жыццё, тэрмы, акведукі і вадаёмы, тэатры, амфітэатры, цыркі і гімнастычныя залы з макетамі Калізея і тэатра Марцэла ў Рыме.
Характэрна поўная калекцыя копій Траянскай калоны з рэльефамі, якія адлюстроўваюць два ваенных пахода Траяна супраць Дакіі (101—102 і 105—106 гады н. э.), а таксама макет Рыма (маштаб 1:250, паверхня 200 кв. м.), выкананы архітэктарам Італа Джысмондзі на падставе вынікаў шматгадовых раскопак і даследаванняў і адлюстроўвае горад часоў імператара Канстанціна. Гэты макет, які дапамагае вывучыць старажытны горад у супастаўленні з горадам сучасным, быў пачаты для выстаўкі «Веліч Старажытнага Рыма» ў 1937 г. і скончаны ў 60-я гады.
Спасылкі [правіць]
На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Музей рымскай цывілізацыі- www.museociviltaromana.it — афіцыйны сайт Музея рымскай цывілізацыі