Народны паэт Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нагрудны знак у 1995—2020 гадах (злева) і з 2020 года (справа).

Наро́дны паэ́т Белару́сі — ганаровае званне, якое надаецца паэтам, якія стварылі выдатныя творы мастацкай літаратуры і маюць вялікія дасягненні ў развіцці беларускай літаратуры.

Заснавана паводле Загада Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 27 сакавіка 1956 года як «Народны паэт БССР». Пры гэтым званні Народнага паэта Беларусі нададзеныя Янку Купалу і Якубу Коласу паводле пастановы СНК БССР у 1925 і 1926 гадах адпаведна.

У незалежнай Беларусі званне «Народнага паэта Беларусі» заснавана пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь N 3726-XII ад 13 красавіка 1995 года. Прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Палажэнне[правіць | правіць зыходнік]

Ганаровае званне «Народны паэт Беларусі» прысвойваецца не раней як праз пяць гадоў пасля прысваення ганаровага звання «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь» паэтам за асаблівыя заслугі ў развіцці паэтычнай творчасці, стварэнне высокамастацкіх твораў, якія ўнеслі выдатны ўклад у айчынную літаратуру і атрымалі шырокае грамадскае прызнанне.

Нагрудны знак[правіць | правіць зыходнік]

У 1995—2020 гадах

У 1995—2020 гадах нагрудны знак уяўляў сабой роўнабаковы чатырохвугольнік з авальнымі вугламі, упісанымі ў круг дыяметрам 26 мм. У ніжняй яго частцы размяшчаўся вянок з дубовага і лаўровага лісця. Плошча знака мела рэльефную насечку ў радыяльным кірунку. У цэнтры знака знаходзілася рэльефная выява аркуша з тэкстам «Народны паэт Беларусі». Адваротны бок знака меў гладкую паверхню[1].

Знак пры дапамозе вушка і кольца злучаўся з калодкай шырынёй 20 мм і вышынёй разам з вушкам 18 мм. Калодка была абцягнута муаравай стужкай зялёнага колеру. У ніжняй частцы калодкі размяшчаўся надпіс «Рэспубліка Беларусь». Калодка ўніфікавана для трох відаў знакаў. Знак вырабляўся з тампака з пазалотай[1].

З 2020 года

Паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2020 года быў зменены дызайн нагруднага знака да звання «Народнага паэта Беларусі». Цяпер ён уяўляе сабой шасціграннік дыяметрам 35 мм апісанай акружнасці, поле якога абрамляе вянок з пшанічных каласоў, абкручаных у ніжняй яго часткі сцебламі васілька з кветкамі, пакрытымі эмаллю адпаведна зялёнага і сіняга колераў. У правай частцы поля шасцігранніка — фонавая плоская выява кветкі ў выглядзе народнай вышыўкі[2].

У цэнтры нагруднага знака ў два радкі размяшчаецца надпіс «Народны паэт Беларусі», выкананы рэльефам і пакрыты эмаллю сіняга колеру з пазалочаным борцікам. Элементы нагруднага знака злучаны паміж сабой штыфтамі. Адваротны бок нагруднага знака мае гладкую паверхню[2].

Нагрудны знак пры дапамозе вушка і кольца злучаецца з прамавугольнай калодкай, верхняя частка якой па гарызанталі абцягнута муаравай стужкай з палосамі чырвонага і зялёнага колераў шырынёй адпаведна 8 мм і 5 мм. У цэнтры ніжняй частцы калодкі — выпуклы малюнак Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь памерам 9 х 9 мм, справа і злева ад якога размешчаны беларускі арнамент. Пад выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь — дзве лаўровыя галіны. На адваротным баку калодкі знаходзіцца шпілька з замком для мацавання нагруднага знака да адзення. Памеры калодкі: шырыня 30 мм і вышыня разам з вушкам 28 мм[2].

Нагрудны знак і калодка вырабляюцца з латуні з пазалотай метадам чаканкі[2].

Спіс народных паэтаў Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Пасведчанне Рыгора Барадуліна аб званні Народнага паэта Беларусі
Нумар Асоба Гады жыцця Год узнагароджання
1
Янка Купала
1882—1942
1925
2
Якуб Колас
1882—1956
1926
3
Пятрусь Броўка
1905—1980
1962
4
Аркадзь Куляшоў
1914—1978
1968
5
Максім Танк
1912—1995
1968
6
Пімен Панчанка
1917—1995
1973
7
Ніл Гілевіч
1931—2016
1991
8
Рыгор Барадулін
1935—2014
1992

Зноскі

  1. а б Народный поэт Беларуси (руск.)(недаступная спасылка). Государственные награды Республики Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2020. Праверана 14 студзеня 2020.
  2. а б в г Указ Президента Республики Беларусь от 1 июля 2020 года № 245 «Об изменении Указа Президента Республики Беларусь» (руск.). Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь (7 ліпеня 2020). Праверана 14 студзеня 2020.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]