Максім Танк

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Максім Танк
Gorelov tank.jpg
Імя пры нараджэнні:

Яўгеній Іванавіч Скурко

Псеўданімы:

Максім Танк

Дата нараджэння:

4 (17) верасня 1912(1912-09-17)

Месца нараджэння:

в. Пількаўшчына, Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя, цяпер Мядзельскі раён Беларусь

Дата смерці:

7 жніўня 1995(1995-08-07) (82 года)

Месца смерці:

Мінск, Беларусь

Грамадзянства:

Сцяг Расіі Расія
Сцяг Польшчы Польшча
Сцяг СССР СССР
Сцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасці:

паэт, перакладчык

Кірунак:

сацыялістычны рэалізм

Жанр:

верш

Мова твораў:

беларуская

Прэміі:
Ленінская прэмія Сталінская прэмія — 1948
Узнагароды:
Герой Сацыялістычнай Працы
Ордэн Леніна Ордэн Леніна Ордэн Леніна Ордэн Леніна
Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі Ордэн Чырвонага Сцяга Ордэн Дружбы народаў Ордэн Айчыннай вайны 2 ступені
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга
Ордэн Адраджэння Польшчы 4-й ступені

Максім Танк, сапр.: Яўген Іванавіч СКУРКО (17 верасня 1912, в. Пількаўшчына Вілейскага павета (цяпер Мядзельскі раё-н Мінскай вобласці) — 7 жніўня 1995; Іншыя псеўданімы: Аўгень Бура; А.Граніт) — беларускі паэт, перакладчык. Народны паэт БССР (1968). Акадэмік АН Беларусі (1972). Лаўрэат літаратурнай прэміі Янкі Купалы (1959), ганаровы грамадзянін Мінска (1987).

Змест

Біяграфічныя звесткі[правіць]

Фармiраванне будучага выдатнага паэта праходзiла ва ўмовах бурных, складаных i супярэчлiвых падзей першай сусветнай вайны i бежанства ў Расii.

У 1914 годзе сям'я Яўгена была вымушана выехаць у эвакуацыю і пэўны час жыла ў Маскве. Там Яўген Скурко пайшоў у школу, там прачытаў свае першыя кнігі. А родная Пількаўшчына ў 1921 годзе апынулася за мяжой — паводле ўмоў Рыжскага міру адышла да Польшчы.

Восень 1926 года прывяла будучага паэта Максіма Танка, а тады яшчэ маладога Яўгена Скурко ў Вілейку, куды ён паступіў у 3 клас рускай прыватнай гімназіі. Малады М.Танк працаваў iнструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусi, у легальных i падпольных вiленскiх перыёдыках, вёў актыўную грамадска-патрыятычную i культурна-асветную дзейнасць, за што падвяргаўся праследаванню польскай дэфензiвы, арыштам i турэмнаму зняволенню на Лукiшках.

У БССР былі допыты ў засценках НКУС. Пасля непрацяглага зняволення паэта засылаюць назад на тэрыторыю «крэсаў усходніх». З прыходам савецкай улады ў Заходнюю Беларусь (дзесьці пасля 4 снежня 1939 г. — са стварэння Вілейскай вобласці), Максім Танк зноў вярнуўся на Вілейшчыну, але ўжо легальна. Ён працуе ў сектары нацыянальных школ Вілейскага абласнога аддзела народнай асветы. Таксама працуе ў аддзеле культуры ў абласной газеце «Вілейская праўда» (выдавалася з лістапада 1939 па люты 1940). Дзесьці ў гэты час Максім Танк дапамог уладкавацца на працу ў газету паэтцы Наталлі Арсенневай. Па ўспамінах Танка, яна працавала стуль рэдактарам.

За ўдзел у выданні часопіса «Часопіс для ўсіх» 27 красавіка 1932 Максім Танк быў арыштаваны і зняволены ў віленскай турме Лукішкі.

З 1948 па 1966 год М. Танк працуе галоўным рэдактарм часопiса «Полымя», з 1966 па 1990 год — першым сакратаром, старшынёй Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. Абiраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947—1971) i СССР (1969—1989), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР VI—VII склiканняў (1963—1971), з'яўляецца членам шматлiкiх грамадскiх арганiзацый.

Памёр М. Танк 7 жнiўня 1995 года.

Творчасць[правіць]

Пiсаць вершы ён пачаў у другой палове 20-х гадоў, будучы гімназiстам, друкавацца — з 1932 года. Першы верш — «Заштрайкавалi гіганты-комiны» — пад псеўданiмам Максiм Танк быў апублiкаваны ў газеце-аднадзёнцы «Беларускае жыццё» (г. Львоў) 7 красавiка 1932 года.

У 1935 годзе Максім Танк у Вільні пачаў пісаць паэму «Нарач». Паэма была навеяна Нарачанскай забастоўкай рыбакоў, якая рэхам прайшла па азёрах суседняй Вілейшчыне і даволі далёкім Палессі. З-за цэнзуры цалкам твор надрукаваць было не магчыма. Таму аўтару прыходзілася, выкрэсліваючы найбольш вострыя моманты, друкаваць яго часткамі ў «Калосьсі». І тым не менш некаторыя нумары часопіса з фрагментамі паэмы былі канфіскаваныя польскімі ўладамі. Толькі ў 1940 годзе, магчыма падчас працы ў Вілейцы, паэту ўдалося цалкам узнавіць тэкст паэмы.

У 1936 годзе выходзiць першы зборнiк вершаў М. Танка «На этапах» (канфiскаваны палiцыяй), у 1937 — другi зборнiк «Журавiнавы цвет» i асобным выданнем паэма «Нарач», у 1938 — трэцi зборнiк «Пад мачтай». Неяк спакваля i ў той жа час iмклiва, для многіх, вiдаць, шмат у чым неспадзявана паэт апынуўся ў цэнтры лiтаратурна-мастацкага жыцця ў 3аходняй Беларусi. Пра яго загаварылi ў друку (ды як загаварылi!), яго творы i кнiгi сталi прадметам шырокага i зацiкаўленага абмеркавання, лiтаратурна-творчых дыскусiй. «Максiм Танк гэта вельмi маладая, але сiльная творчасцяю iндывiдуальнасць, — пiсала газета „Наша воля“, даючы iнфармацыю аб вечары беларускай паэзii i песнi, якi адбыўся ў Вiленскiм унiверсiтэце 15 сакавiка 1936 года. — Ягоная творчасць вырасла ў вастрогах i, вырваўшыся з турмы, залiла 3ах. Беларусь. Творы Танка — гэта лявiна, гэта бурная хваля, якая парывае ўсiх, трасе ўсiм i ламае ўсё. Танк можа стацца вялiкiм песьняром Беларусi, калi не забудзе аб найважнейшай умове — згушчаць чым найбольш думку на палатне вобразу». Дадзеная ўмова — «згушчаць чым найбольш думку на палатне вобразу» — станецца адным з вядучых мастацка-выяўленчых прынцыпаў, стылеўтваральных сродкаў паэта.

Творчасць М. Танка 30-х гадоў вызначалася маштабнасцю гiстарычнага мыслення, шырынёй духоўна-мастацкiх даляглядаў аўтара. Вялiкую папулярнасць у чытача набылi яго вершы «Спатканне», «Песня кулiкоў», «Чорныя скiбы», «Да дня», «Акт першы», «Тры песнi», «Паслухайце, вясна iдзе…», «Раманс», «На пероне» i iнш. Лiрычны герой паэта прываблiваў паўнакроўнасцю ўспрымання жыцця, натуральнасцю i нязмушанасцю сваiх паводзiн i ўчынкаў, непадробнай чалавечнасцю, цвёрдай верай у народныя першакаштоўнасцi, жыццесцвярджальныя сiлы грамадства. Ён засяродзiўся на пошуках адказаў на самыя балючыя пытаннi часу, на асэнсаваннi актуальных грамадска-патрыятычных i сацыяльных праблем рэчаiснасцi, глыбокiм выяўленнi душэўна-псiхалагічнага свету свайго сучаснiка. Фiласофская лiрыка суседнiчала ў паэта з сатырычнымi творамi, пейзажныя матывы i вобразы перапляталiся з выяўленнем асаблiвасцей iнтымнага свету героя, традыцыйныя, сiлаба-танiчныя вершы змянялiся дольнiкамi i верлiбрамi i iнш. І ўсе цi амаль усе яны хораша ўражвалi багаццем i разнастайнасцю моўна-выяўленчых, мастацка-стылiстычных сродкаў.

Выконваючы высокую мiсiю гераiчнага змагання за свабоду i незалежнасць роднай Бацькаўшчыны, М. Танк годна прайшоў дарогамi ахвярнага ваеннага лiхалецця, якое з'явiлася своеасаблiвым працягам заходнебеларускага перыяду жыцця i творчасцi паэта. У гады вайны ён працуе ў газеце «За Савецкую Беларусь», агiтплакаце «Раздавiм фашысцкую гадзiну», пiша i выдае паэму «Янук Сялiба» (1943), зборнiкi вершаў «Вастрыце зброю» i «Праз вогненны небасхiл» (1945).

Адзначаныя i многiя iншыя якасцi i асаблiвасцi творчай iндывiдуальнасцi М. Танка напоўнiцу раскрылiся ў пасляваенны перыяд духоўна-эстэтычных пошукаў i здабыткаў паэта.

Адным з лепшых у беларускай паэзii пасляваеннага дзесяцiгоддзя з'явiўся зборнiк М. Танка «Каб ведалi» (1948), адзначаны Дзяржаўнай прэмiяй СССР. Сваiм зместам i пафасам ён цалкам звернуты ў нядаўняе мiнулае, лiрычны герой кнiгі засяродзiўся на асэнсаваннi драматычных i трагічных старонак другой сусветнай вайны. Шмат цiкавых i арыгiнальных твораў увайшло ў наступныя зборнiкi паэта — «На камнi, жалезе i золаце» (1951) i «У дарозе» (1954). Праўда, вершы гэтага перыяду яго творчасцi, канца 40 — першай паловы 50-х гадоў, як, зрэшты, i ўсё тагачаснае савецкае мастацтва, сур'ёзна закранула сумнавядомая «тэорыя бесканфлiктнасцi i iлюстрацыйнасцi». Але надзейнай парукай далейшага паступальнага руху наперад i набору вышынi была тая акалiчнасць, што М. Танк бачыў свае недахопы, падкрэслена крытычна ставiўся да зробленага ў гэты час. «Асабiста я не задаволен вынiкамi сваёй працы за апошнiя гады, — гаварыў ён на з'ездзе пiсьменнiкаў. — Я напiсаў два зборнiкi вершаў… Ёсць там вершы лепшыя, вершы, якiя дорагі мне, i такiя, якiя толькi гавораць аб пройдзенай дарозе. Але ўсе яны, сабраныя ў зборнiк, не даюць цэльнага вобраза, не даюць адказу на многiя пытаннi, якiя хвалююць мяне i маiх герояў…»

У 1960-90-я гады выходзяць лепшыя кнiгi паэта, якiя атрымалi высокую ацэнку крытыкi i лiтаратуразнаўства, усёй грамадска-культурнай супольнасцi: «Мой хлеб надзённы» (1962), «Глыток вады» (1964), «Перапiска з зямлёй» (1967), «Хай будзе святло» (1972), «Дарога, закалыханая жытам» (1976), «Прайсцi праз вернасць» (1979), «За маiм сталом» (1984) i iнш. Яго мастацкая iндывiдуальнасць дасягае сапраўднага росквiту. М. Танк «моцным творчым парываннем разрывае абалонку звыклай штодзённасцi, адкрывае глыбiнныя ўнутраныя сувязi», якiя iснуюць памiж асобнымi прадметамi i грамадскiмi працэсамi. «Факты i з'явы, уключаныя ў перажыванне, узбуйняюцца, — акцэнтаваў В. Бечык, — рэальныя абставiны пераасэнсоўваюцца, панарамная карцiна жыцця канцэнтруецца ў вобразнае адзiнства. Так раскрываецца сучасная насычанасць чалавечай свядомасцi разнастайным духоўным, палiтычным, побытавым матэрыялам жыцця…»

Творчасць Максiма Танка — выдатная з'ява ў свеце сучаснай еўрапейскай лiтаратуры. Па меркаваннi У. Конана, паводле свайго мастацкага таленту народны паэт Беларусi — «на ўзроўнi сучасных лаўрэатаў Нобелеўскай прэмii, калi не вышэй некаторых з iх». Напоўненыя глыбокiм фiласофска-аналiтычным асэнсаваннем жыцця i чалавека, высокiм гуманiстычным зместам i грамадзянска-патрыятычным пафасам, яго творы шырока раскрылi асаблiвасцi нацыянальнага характару, гістарычнага шляху i лёсу беларускага народа, выявiлi багацце i шматстайнасць яго гiсторыi i культуры, вялiкiя патэнцыяльныя магчымасцi мовы, пераканаўча абгрунтавалi паўнапраўнае месца беларусаў у еўрапейскай супольнасцi.

Прэміі і ўзнагароды[правіць]

М. Танк — Герой Сацыялістычнай Працы (1974), узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыйнай вайны II ступені, Дружбы народаў і медалямі, а таксама афіцэрскім крыжам Адраджэння Польшчы, ордэнамі Заслугі ПНР. Ганаровы грамадзянін Мінска (1987). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1948) за зборнік паэзіі «Каб ведалі», Літаратурнай прэміі Янкі Купалы (1959) за зборнік «След бліскавіцы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1966) за зборнік «Мой хлеб надзённы», званнем народнага паэта Беларусі (1968), Ленінскай прэміі (1978) за зборнік «Нарачанскія сосны» (Масква, 1977), Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1980) за кнігу «Прайсці праз вернасць». Атрымаў у Польшчы прэмію аўтарскага аб'яднання «ЗАІКС» (1971) за пераклады твораў польскай літаратуры і ўмацаванне дружбы паміж народамі.

Ушанаванне памяці[правіць]

Імем Максіма Танка названы Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і вуліца ў Мінску.

Нацыянальны банк Беларусі 29 жніўня ўвёў у абарачэнне памятныя манеты - «Максім Танк. 100 гадоў».

Кнігі паэзіі[правіць]

  • «На этапах» (1936, факсімільнае ў 1983, Мінск),
  • «Журавінавы цвет» (1937),
  • «Пад мачтай» (1938),
  • «Выбраныя вершы» (1940),
  • «Вастрыце зброю» (вершы і паэмы, 1945),
  • «Праз вогненны небасхіл» (1945),
  • «Выбраныя вершы» (1947),
  • «Вершы» (1947, 1948),
  • «Каб ведалі» (1948),
  • «На камні, жалезе і золаце» (1951),
  • «Выбраныя творы» (1952, 1954),
  • «У дарозе» (1954),
  • «След бліскавіцы» (1957),
  • «Мой хлеб надзённы» (1962),
  • «Лірыка» (1963),
  • «Глыток вады» (1964),
  • «Вершы» (1967),
  • «Ключ жураўліны» (1972),
  • «Хай будзе святло» (1972),
  • «Дарога, закалыханая жытам» (1976),
  • «Вершы» (1979),
  • «Прайсці праз вернасць» (1979),
  • «Лірыка» (1982),
  • «За маім сталом» (1984),
  • «Лірыка» (1987),
  • «Дарога і хлеб» (1988),
  • «Збор калосся: Вершы 1983—1988» (1989),
  • «Паслухайце, вясна ідзе» (1990),
  • «Мой каўчэг» (1994),

Кнігі вершаў:[правіць]

  • «Галінка і верабей» (1946),
  • «Кніжка пра мядзведзя» (1947),
  • «Вершы» (1948),
  • «Урачыстае абяцанне» (1949),
  • «Сярод лясоў наднёманскіх» (1951, 1987),

Кнігі казак:[правіць]

  • «Ехаў казачнік Бай» (1955, 1984),
  • «Конь і леў» (1955),
  • «Казкі. Легенды» (1960),
  • «Светлячок» (1970)
  • «Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні» (1979).

Зборнік гумару «Селядцы з вершамі» (1966).

  • Паэма «Нарач» (1937).
  • Кніга-дзённік «Лісткі календара» (1970).
  • Збор твораў у 2-х (1958), Збор твораў у 4-х (1966—1967), Збор твораў у 6 тамах(1978—1981).

Пераклады На беларускую — асобныя творы Аляксандра Пушкіна, Уладзіміра Маякоўскага, Паўло Тычыны, М. Рыльскага, А. Венцлавы, Я. Судрабкална, Адама Міцкевіча, Ю. Славацкага, Ю. Тувіма, У. Бранеўскага, Р. Дабравольскага, Т. Ружэвіча, А. Германава і іншых. У тым ліку пераклаў лібрэта оперы «Страшны двор» С. Манюшкі для пастаноўкі яе ў 1952 годзе.

Бібліяграфія[правіць]

  • «На этапах» (Вільня, 1936; факсім. Мінск, 1983)
  • «Журавінавы цвет» (Вільня, 1937)
  • «Пад мачтай» (Вільня, 1938)
  • «Нарач» (паэма, Вільня, 1937)
  • «Выбраныя вершы» (Мінск, 1940)
  • Рукапіс зборніка і сцэнарыя «Бура над Нараччу» загінуў у час вайны
  • «Янук Сяліба» (паэма, Мінск, 1943)
  • «Вастрыце зброю» (вершы і паэмы, Мінск, 1945)
  • «Праз вогненны небасхіл» (Мінск, 1945)
  • «Галінка і верабей» (вершы для дзяцей, Мінск, 1946)
  • «Кніжка пра мядзведзя» (для дзяцей, Мінск, 1947)
  • «Выбраныя вершы» (Мінск, 1947)
  • «Вершы» (Мінск, 1947, 1948)
  • «Каб ведалі» (Мінск, 1948)
  • «Вершы» (для дзяцей, Мінск, 1948)
  • «Урачыстае абяцанне» (для дзяцей, Мінск, 1949)
  • «На камні, жалезе і золаце» (Мінск, 1951)
  • «Сярод лясоў наднёманскіх» (для дзяцей, Мінск, 1951, 1987)
  • «Выбраныя творы» (Мінск, 1952, 1954)
  • «У дарозе» (Мінск, 1954)
  • «Ехаў казачнік Бай» (казкі для дзяцей, Мінск, 1955, 1984)
  • «Конь і леў» (для дзяцей, Мінск, 1955)
  • «След бліскавіцы» (Мінск, 1957)
  • «Казкі. Легенды» (для дзяцей, Мінск, 1960)
  • «Мой хлеб надзённы» (Мінск, 1962)
  • «Лірыка» (Мінск, 1963)
  • «Глыток вады» (Мінск, 1964)
  • «Селядцы з вершамі» (гумар, Мінск, 1966)
  • «Вершы» (Мінск, 1967)
  • «Светлячок» (для дзяцей, Мінск, 1970)
  • «Ключ жураўліны» (Мінск, 1972)
  • «Хай будзе святло» (Мінск, 1972)
  • «Дарога, закалыханая жытам» (Мінск, 1976)
  • «Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні» (для дзяцей, Мінск, 1979)
  • «Вершы» (Мінск, 1979)
  • «Прайсці праз вернасць» (Мінск, 1979)
  • «Лірыка» (Мінск, 1982)
  • «За маім сталом» (Мінск, 1984)
  • «Лірыка» (Мінск, 1987)
  • «Дарога і хлеб» (Мінск, 1988)
  • «Збор калосся: Вершы 1983—1988» (Мінск, 1989)
  • «Паслухайце, вясна ідзе» (Мінск, 1990)

Літаратура[правіць]

  • Калеснік У. Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура. Мн., 1959;
  • Рагойша В. Паэтыка Максіма Танка. Мн., 1968;
  • Калеснік У. Максім Танк: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;
  • Арочка М. Максім Танк: Жыццё ў паэзіі. Мн., 1984;
  • Верабей А. Максім Танк і польская літаратура. Мн., 1984;
  • Танк Максім // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Танк Максім // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Ліс А. На разломе эпохі // Полымя. 2000, № 9;
  • Мікуліч М. Паэзія рэчаіснасці: У свеце Максіма Танка. Мн., 2001;
  • ЭГБ, т. 6-1;
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.2. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Бугаёў Д. Паэзія Максіма Танка. — 2-е выд., выпр. і дап. — Мн., 2003.

Спасылкі[правіць]

Commons