Пасольства Лівіі ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пасольства Лівіі ў Беларусі
Лівія
Лівія
Беларусь
Беларусь

Пасольства Дзяржавы Лівія ў Рэспубліцы Беларусь (араб. سفارة دولة ليبيا في جمهورية بيلاروس‎‎) — дыпламатычная місія Лівіі ў Беларусі, размешчаная ў Мінску.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Лівійскае пасольства было адкрыта 1 красавіка 2001 года[1]. Першым часовым павераным у справах з рэспублікай быў прызначаны Усам аль-Джаміль[2]. У той час краіна афіцыйна называлася Вялікая Сацыялістычная Народная Лівійская Арабская Джамахірыя, а яе лідарам нязменна з 1969 года з’яўляўся Муамар Кадафі.

У 2011 годзе супраць дзеючых лівійскіх уладаў успыхнулі масавыя пратэсты і беспарадкі, якія пазней перараслі ў грамадзянскую вайну. 22 жніўня пасольства ў Мінску афіцыйна перайшло на бок праціўнікаў Кадафі, змяніўшы сцяг з ўрадавага на паўстанцкі. Дыпламаты апавясцілі аб гэтым беларускім уладам па тэлефоне, прадставіўшыся як «Народнае бюро Лівіі». Беларусь, якая падтрымлівала дзеючыя ўлады і не прызнавала паўстанцкі ўрад, як паведаміў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных, захавала дыпмісію ў інтарэсах тых беларускіх грамадзян, што ўсё яшчэ знаходзіліся ў ваюючай краіне. Па словах дыпламата, пасольства ажыццяўляла маніторынг падзей у Лівіі і падтрымлівала цесныя кантакты з іншымі дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі[3].

У 2014 годзе пачынаецца новы этап грамадзянскай вайны. Асноўнымі ўдзельнікамі канфлікту сталі два ўрады — у Трыпалі і Табруку. Першы ўзначальваў Фаіз Сарадж. Ён быў афіцыйна прызнаны кіраўніком дзяржавы ў ААН і карыстаўся падтрымкай Турцыі і некаторых заходніх краін. Другім кіраваў Агіла Салах Іса, які меў дружалюбныя адносіны з фельдмаршалам Халіфа Хафтарам. Іх альянс падтрымлівалі Францыя, Расія, ААЭ і Егіпет.

У Беларусі прысутнічалі прадстаўнікі ад абодвух бакоў, але будынак пасольства і непасрэдную дзейнасць з беларускім урадам мелі толькі прыхільнікі табрукскіх уладаў. У чэрвені 2020 года былы ваенны аташэ Рамадан Фарджані, у якога скончыліся паўнамоцтвы, вырашыў прысягнуць Фаізу Сараджу. Той скраў з рахунку пасольства некалькі мільёнаў долараў і наняў грамадзян Беларусі для ажыццяўлення захопу дыпмісіі[4].

Першы інцыдэнт адбыўся ў ліпені таго ж года, калі на тэрыторыі дыпмісіі быў збіты часовы павераны Мухамад Істэйта. Пасля гэтага пасольства наняло для сваёй абароны расійскую ПВК «РСБ-Груп»[5]. Раніцай 27 жніўня каля 27 нанятых беларусаў і тры прадстаўніка ад урада Сараджа, у тым ліку часовы павераны Эмхімед Маграві, пералезлі праз плот і пачалі шкодзіць маёмасці лівійскай місіі. Неўзабаве тут пачалася масавая бойка, а работнікі суседняга пасольства Малдавіі выклікалі міліцыю. З’яўленне праваахоўнікаў прыпыніла штурм, і бліжэй да поўдня прыхільнікі Сараджа пакінулі будынак. Тым не менш, яны не пакінулі спроб захапіць дыпмісію. У снежні канфлікт зноў абвастрыўся, калі супрацоўнікі «РСБ-Груп» перайшлі на бок уладаў у Трыпалі, прычынай чаго стаў разрыў кантракту аб ахове пасольства з боку табрускіх дыпламатаў. У ноч з 19-га на 20-га снежні была ажыццёўлена новая спроба штурму, але прыбыццё міліцыі зноў прадухіліла захоп будынка[6][7].

Размяшчэнне[правіць | правіць зыходнік]

Будынак пасольства знаходзіцца ў Ленінскім раёне па адрасе вуліца Беларуская, дом 4. З паўночнага боку да яго прымыкае малдаўская дыпмісія, а з усходняга, праз дарогу, размешчаны Ляхаўскі сквер, дзе знаходзіцца «Сцяна Цоя». Побач ёсць стадыён «Дынама» і аднайменны прыпынак грамадскага транспарту. Найбліжэйшымі станцыямі метро з’яўляюцца «плошча Леніна» і «Першамайская»[8].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі