Патыгуара

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Патыгуара
(potiguara)
Агульная колькасць 16095 (2009 г.)
Рэгіёны пражывання Бразілія
Мова патыгуара
Рэлігія анімізм, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы тупінікім

Патыгуа́ра (саманазва potiguara «ядок крэветак») — народ індзейскага паходжання ў Бразіліі. Агульная колькасць (2009 г.) — 16 095 чалавек.

Дакаланіяльны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Патыгуара — адзін з народаў тупі, які да прыходу еўрапейцаў насяляў тэрыторыі сучасных бразільскіх штатаў Параіба, Пернамбуку і Рыу-Гранды-ду-Норты. У першай палове XVI ст. яго агульная колькасць магла дасягаць 90 000 — 100 000 чалавек. Іх асноўнымі заняткамі былі ручное земляробства, рыбалоўства, збіральніцтва і паляванне. Патыгуара не мелі адзінства, падзяляліся на ваенна-тэрытарыяльныя саюзы на чале са спадчыннымі правадырамі.

Каланіяльны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Першыя партугальскія перасяленцы прыбылі на тэрыторыі, населеныя патыгуара, у другой палове XVI ст. У 1574 г. паміж імі і тубыльцамі ўзнік узброены канфлікт, у выніку якога каланісты былі выгнаны. Гэта прывяло да працяглай вайны, у якой правадыры патыгуара імкнуліся выкарыстаць дапамогу з боку Францыі. У 1599 г. пасля эпідэміі воспы яны былі вымушаны заключыць з партугальцамі мірнае пагадненне. У сваю чаргу, партугальская каланіяльная адміністрацыя перайшла ад палітыкі сілы да прыцягнення тубыльцаў з дапамогай касцёла. У 1587 г. езуіты пачалі місіянерскую дзейнасць сярод патыгуара. Пры місіях ствараліся фармальна аўтаномныя індзейскія паселішчы, жыхары якіх павінны былі прыняць еўрапейскі лад жыцця. Пазней узніклі кармеліцкія місіі. Аднак у місіянерскіх паселішчах апынулася толькі частка карэннага насельніцтва. Астатнія аддалі перавагу традыцыйнаму ладу.

Раскол паміж патыгуара выявіўся ў 1630 г., калі захад Бразіліі быў захоплены галандцамі. Частка каталікоў на чале з правадыром Філіпэ Камарау прыняла ўдзел у паўстанні партугальскіх каланістаў супраць іншаземцаў. Астатнія патыгуара на чале з правадыром Поты падтрымалі галандцаў. Ваенныя дзеянні суправаджаліся чалавечымі ахвярамі і прымусовымі перасяленнямі значнай колькасці індзейцаў. Іх трагічны лёс быў апісаны патыгуара Антоніа Параўпаба, які тройчы наведваў Нідэрланды і служыў капітанам у галандскай арміі.

Пасля выгнання галандцаў у 1654 г. патыгуара практычна зніклі як самастойная група насельніцтва. Захаваліся толькі 3 місіянерскія паселішчы. У другой палове XVIII ст. яны былі перададзены пад кіраванне партугальскай каланіяльнай адміністрацыі.

Адраджэнне[правіць | правіць зыходнік]

Да пачатку XX ст. нашчадкі патыгуара ў былых місіянерскіх паселішчах былі моцна асіміляваны. Яны практычна страцілі родную мову, а матэрыяльная культура мала адрознівалася ад культуры жыхароў суседніх сельскагаспадарчых паселішчаў. У такіх умовах улады Бразіліі лічылі, што патыгуара зніклі. Аднак, калі ў 1919 г. улады штата Параіба выставілі на продаж землі, што павінны былі належаць індзейскай супольнасці, патыгуара выступілі ў абарону сваіх правоў. Іх падтрымалі прадстаўнікі цэнтральнай адміністрацыі. У 1930-х гг. насельнікі 3 былых місіянерскіх паселішчаў былі прызнаны індзейцамі. Размежаванне іх зямель працягвалася да 2005 г. і да нашага часу цалкам не скончылася. У нашы дні ім належыць 21 238 га, яшчэ 50 32 га знаходзяцца ў прыватнай маёмасці.

Барацьба за зямельныя правы актуалізавала тоеснасць патыгуара, цікавасць да самабытнай культуры продкаў. У нашы дні патыгуара з’яўляюцца адзіным індзейскім народам, прызнаным у Параібе. У мясцовай школе пачалося выкладанне роднай мовы. Адбылося адраджэнне некаторых старажытных традыцый, у прыватнасці танцавальнай тарэ́, якая ператварылася ў свята еднасці патыгуара.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]