Рака Друць
| Рака Друць | |
| Вусце | Дняпро |
| Даўжыня | 295 км |
| Расход вады | 31,6 м³/с |
| Вадазбор | 5020 км² |
| Краіна | Беларусь |
Друць — рака ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, правы прыток Дняпра. Даўжыня 295 км. Вадазбор 5020 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 31,6 м³/с. Агульнае падзенне ракі 105,2 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4 ‰.
Асноўныя прытокі[правіць]
Справа: Аслік, Малыш, Даўжанка, Вепрынка, Белая, Дабрыца, Каменка. Злева: Крывая, Няропля, Вабіч, Арлянка, Балонаўка, Грэза.
На рацэ[правіць]
Гарады: Талачын, Рагачоў. Гарадскія пасёлкі: Круглае, Бялынічы. Вёскі: Друцк. Вадасховішчы: Чыгірынскае. Зоны адпачынку: Чыгірынка, Маліна, Друць, Лужкі.
Агульнае[правіць]
Пачынаецца за 1 км на захад ад в. Раздольная Талачынскага р-на, вусце на паўднёвай ускраіне Рагачова. Агульная даўжыня рачной сістэмы Друці складае 2000 км, густата рачной сеткі — 0,39 км/км³. Вадазбор у вярхоўі — ў межах Аршанскага ўзвышша, на астатнім працягу — ва ўсходняй частцы Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Суднаходная ніжэй плаціны Чыгірынскага вадасховішча (за 84 км ад вусця) у паўнаводны перыяд.
Асаблівасці рэжыму — вельмі выразнае веснавое разводдзе, на якое прыпадае 54 % гадавога сцёку. Веснавы пад’ём узроўню вады інтэнсіўны (7—10 сутак), найвышэйшы ўзровень разводдзя ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанню 2,5—2,8 м. Веснавы ледаход доўжыцца каля 3 сутак. Рака прымае сцёк з меліярацыйных каналаў.
Даліна да ўпадзення р. Крывая невыразная, ніжэй трапецападобная, шырынёй 1,5—2,5 км. Схілы парэзаныя, вышыня іх 8—30 м, да г.п. Бялынічы адкрытыя і пад ворывам, ніжэй па цячэнні пераважна пад лесам. Левы схіл больш спадзісты, правы ўмерана стромкі, нярэдка абрывісты. Пойма пераважна двухбаковая (на асобных участках у нізоўі левабярэжная, у верхнім цячэнні часткова затопленая Цяцерынскім, у ніжнім — Чыгірынскім вадасховішчамі), адкрытая, лугавая. Паверхня поймы ў прырэчышчавай частцы роўная, месцамі ўзгорыстая, перасечаная старыцамі, асушальнымі канавамі, лагчынамі.
Рэчышча каналізаванае на 2 участках у вярхоўі: ад в. Навасёлкі да г. Талачын (7 км) і ад пункта за 0,4 км ніжэй моста на аўтамабільнай дарозе Мінск—Масква да в. Друцк (8,6 км). На астатнім працягу моцна-звілістае, свабодна меандруе, ніжэй упадзення р. Вабіч разгалінаванае на пратокі і рукавы з шматлікімі старыцамі і залівамі. Шырыня ракі ў межань у вярхоўі 10—20 м, ніжэй — 30—50 м. Берагі пераважна стромкія, месцамі абрывістыя, вышынёй 1—2,5 м (на лукавінах 3—5 м), у вусцевай частцы спадзістыя, вышынёй да 1 м.
Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. –Л., 1971. • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. • Блакiтная кнiга Беларусi: Энцыкл. / БелЭн; Рэдкал.: Н. А. Дзiсько i iнш. — Мн.: БелЭн, 1994.
| Дняпро | |
|---|---|
| Левыя прытокі | Арціслаўка | Баброўка | Ворскла | Вязьма | Гутлянка | Дзясна | Лешча | Мярэя | Окра | Псёл | Ржаўка | Рось | Самара | Сож | Сула | Ухлясць |
| Правыя прытокі | Аршыца | Адроў | Брагінка1 | Бярозаўка | Бярэзіна | Добасна | Друць | Дубровенка | Інгулец | Ірпень | Лахва | Макранка | Прыпяць | Цецяраў |
| 1раней левы прыток Прыпяці | |

