Аршанскае ўзвышша

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Аршанскае ўзвышша займае ўсходнюю частку Беларускай грады. На ўзвышшы часткова знаходзяцца Аршанскі, Дубровенскі, Сенненскі, Талачынскі, Чашніцкі раёны Віцебскай вобласці і частка Крупскага раёна Мінскай вобласці.

Узвышша працягнулася з захаду на ўсход больш чым на 120 км, з поўначы на поўдзень ад 10 да 40, месцамі да 60 км, плошча каля 2,5 тыс. км². Мяжуе на поўначы з Верхнебярэзінскай нізінай, Чашніцкай раўнінай і Лучоскай нізінай, на поўдні — з Горацка-Мсціслаўскім узвышшам і Аршанска-Магілёўскай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі, на захадзе — з Мінскім узвышшам.

Аршанскае ўзвышша прыўзнята над прылеглымі нізінамі і раўнінамі на 100 м; вышыня над узроўнем мора да 255 м. Найвышэйшы пункт - 263 м. Сфарміравалася яно на працягу не меней трох зледзяненняў, а ў паўночнай частцы прыкметны ўплыў апошняга паазерскага зледзянення. Паверхня ўзвышша пласкахвалістая, значна перасечана на поўначы, дзе добра выяўлены канцавыя грады і ўзгоркі, якія ўтвараюць слабапакатую дугу. Астатняя частка ўзвышша спадзістахвалістая або згладжаная градава-ўзгорыстая, пакрыта лёсападобнымі адкладамі таўшчынёй да 2-7 м. Пашыраны невялікія забалочаныя сподкападобныя паніжэнні і яры на прыдалінных участках. Адметная прыкмета ўзвышша — скразныя даліны, утвораныя расталымі ледавіковымі водамі. Карысныя выкапні: даламітызаваныя вапнякі, керамічная сыравіна, пясчана-жвіровы матэрыял, падземныя, у тым ліку мінеральныя, воды, торф.

Па ўзвышшы праходзіць частка водападзелу паміж басейнамі рэк Балтыйскага і Чорнага мораў. Да басейна Заходняй Дзвіны належаць рака Усвейка з прытокамі, да басейна ДняпраАдроў, Друць, Бобр. Пад ворывам больш за 45% тэрыторыі. Лясістасць 21 % (пераважаюць ельнікі, суборы, драбналістыя лясы).

Зноскі

Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. - Мн.: БелЭн, 1992. - С. 44.

Асабістыя прылады
Прасторы імёнаў

Варыянты
Дзеянні
Навігацыя
Прылады
На іншых мовах