Котра (рака)
Котра | |
---|---|
літ. Katra | |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 140 км |
Басейн | 2 060 км² |
Расход вады | 12,8 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | |
• Месцазнаходжанне | Варэнскі раён |
• Каардынаты | 54°00′45″ пн. ш. 24°38′23″ у. д.HGЯO |
Вусце | Нёман |
• Каардынаты | 53°33′53″ пн. ш. 24°02′36″ у. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Нёман → Балтыйскае мора |
|
|
Краіны | |
Рэгіён | Гродзенская вобласць |
Раёны | Гродзенскі раён, Шчучынскі раён |
Ко́тра (літ.: Katrá) — рака ў Літве, Гродзенскім і Шчучынскім раёнах Беларусі, правы прыток Нёмана.
Даўжыня 140 км. Плошча вадазбору 2060 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 12,8 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2 ‰.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва Котра (< Katrá) старабалцкага паходжання.
Разам з літоўскім гідронімам Katarė лічыцца вельмі архаічным гідронімам, напрамую сягаючы індаеўрапейскага *kataro- «рэчка, плынь»[1]. Той жа корань у назве рэчкі Катаранкі (Которянка, Катарянка) на Верхнім Павоччы (у верхнім цячэнні ракі Жыздры)[2].
Фанетычна блізкая будова ў не менш архаічнай назве праточнага возера (цяпер, асушанае ў балота, адразу за літоўскай мяжой) Matara (польск. Motoro, Motora, рус. Моторка), з якога выцякае левы прыток Котры.
Назву Matara параўноўваюць з літоўскім гідронімам Matrūna і звяртаюць увагу на чаргаванне ў пашыральніку: -r- : ar-, як і ў назвах Kat-r-a : Kat-ar-ė[3]. У стараеўрапейскіх гідронімах тыпу Matra вылучаюць аснову Mat- са значэннем «цякучасці»[4], яе фанетычны варыянт Met- мяркуецца ў назвах тыпу *Мецела (на Падняпроўі), Мецна (на Павоччы), Пустамеціжка (прыток Бярэзіны каля Жодзіна), значыць «рака, плынь». Корань Mat- і ў назве верхнедняпроўскай ракі Матолка, з балцкім дыягнастычным пашыральнікам -(o)l-[5].
Суседства балцкіх гідронімаў, утвораных ад розных каранёў з дапамогай аднаго і таго ж пашыральніка, таксама ў парах *Немілна́ — *Акілна́ (Nem- / Ak-, -ln-) каля Лоева, або *Гардата́ — *Аката́ (Gard- / Ak-, -at-) каля смаленскага мястэчка Угра.
Гідраграфія
[правіць | правіць зыходнік]Пачынаецца на тэрыторыі Літвы (Варэнскі раён), амаль на ўсім працягу цячэ праз лес. Непадалёк таксама пачынаецца і цячэ ў процілеглым напрамку рака (ці хутчэй, ручай) Катра, што ўпадае ў спрамленую раку Нізянка.
Гідраграфічная сетка ў вярхоўі Котры значна трансфармавалася ў апошнія 100—150 гадоў за кошт прыродных эразійных працэсаў і асушальнай меліярацыі.
Існуе версія, пацверджаная старымі картамі, што ў другой палове XIX стагоддзя ў выніку працэсу біфуркацыі рака Пеляса раздзялілася на дзве ракі — Улу і Котру. Рэчышча Котры ў самым вярхоўі, у сваю чаргу, было разарвана ў выніку правядзення гідрамеліярацыйных работ[6].
Даліна ракі да возера Корава выразная, яе шырыня 300—500 м. Пойма двухбаковая, шырынёй 300—500 м; да вусця Рычы нізкая, роўная, забалочаная, ніжэй — звілістая, сухая; сустракаюцца невялікія, але глыбокія поймавыя азёры.
Рэчышча спачатку слаба-, потым моцназвілістае, ніжэй вёскі Агароднікі Шчучынскага раёна на працягу 3 км камяністы перакат. Шырыня рэчышча ў межань 10—20 м. Берагі да р. Скарбянка спадзістыя, слаба-забалочаныя, ніжэй — стромкія, вышынёй 1—5 м, у ніжнім цячэнні да 15 м. Вусце знаходзіцца на поўдзень ад вёскі Коматава Гродзенскага раёна.
Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы сакавіка — пачатку красавіка. Замярзае ў канцы снежня, крыгалом у пачатку сакавіка.
У пойме меліярацыйныя каналы. Ад вусця ўверх па цячэнні (35 км) рыбапрамысловы ўчастак. У басейне ракі знаходзяцца азёры Берштаўскае, Зубраўка, Цімніца.
Асноўныя прытокі: Скарбянка, Нявіша, Жэчка, Астрынка, Рыча, Скідалька, Пыранка.
На рацэ
[правіць | правіць зыходнік]Вёскі: Бершты. Зоны адпачынку: Котра (уздоўж ракі), Скідаль (па левабярэжжы).
На левабярэжжы Котранская пушча.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 150.
- ↑ В. Н. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. II. Балто-славянские исследования. 1987. Москва, 1989. С. 49.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 206—207.
- ↑ H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 100.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 195.
- ↑ План управления республиканским ландшафтным заказником «Котра». Гродно, 2014.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Котра // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 435. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Прыгажуня-рака Котра пакутуе ў завалах паваленых дрэў і смецця Архівавана 5 сакавіка 2016.