Рыгор Іванавіч Кійко

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рыго́р Іва́навіч Кійко́
Імя пры нараджэнні Рыго́р Іва́навіч Кійко́
Дата нараджэння 27 чэрвеня 1951
Месца нараджэння Цалуйкава, Луганская вобласць
Дата смерці 2 кастрычніка 2014
Месца смерці Мінск, Беларусь
Грамадзянства Беларусь
Адукацыя мастак
Веравызнанне каталік
Партыя
Род дзейнасці палітык
Жонка Алена
Дзеці Алена, Наталля

Рыго́р Іва́навіч Кійко́ (нар. 27 чэрвеня 1951, вёска Цалуйкава Луганскай вобласці, Украінская ССР — 2 кастрычніка 2014, Мінск, Беларусь) — беларускі мастак, ветэран партыі БНФ , адзін з ініцыятараў стварэння мемарыялу ў Курапатах, сябра Беларускага саюза мастакоў, удзельнічаў ў працы мастацкай суполкі «Пагоня», палітвязень Беларусі, вязень сумлення[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся у в. Цалуйкава Луганскай вобласці Украіны ў настаўніцкай сям’і. Неўзабаве сям’я пераехала на радзіму маці ў Бабруйск. У 1980 г. Р. Кійко скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці мастак-кераміст.

У партыі БНФ ад моманту ўтварэння руху і партыі. Пасля расколу БНФ у 1999 г. — сябра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.

Удзельнічаў у першай масавай акцыі дэмакратычнай апазіцыі ў мітынгу-рэквіеме Дзяды 30 кастрычніка 1988 г.

Каталік. Пэўны час працаваў бібліятэкарам у касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску.

У 1997 г. у касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску была выстава творчасці Рыгора Кійко «Беларускі космас».[2]

Храналогія пераследу

Неаднойчы затрымліваўся міліцыяй. У1996 г. Р. Кійко быў асуджаны на восем сутак зняволення за ўдзел у пікеце каля СІЗА-1 у падтрымку грамадзян Украіны, затрыманых у Мінску падчас Чарнобыльскага шляху.

1 красавіка 1997 г. Р. Кійко быў зняволены і абвінавачаны ў хуліганскіх дзеяннях падчас святкавання Дня Волі 23 сакавіка 1997 г., якое вылілася ў той дзень у сутычкі з міліцыяй. Агулам па справе Дня Волі-97, акрамя Р. Кійко, праходзілі ў якасці абвінавачаных яшчэ 4 чалавекі: Уладзімір Лыско, Анатоль Сарокін, Алесь Коваль, Алесь Бондараў. Неўзабаве справу перакваліфікавалі і ўсіх затрыманых абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і актыўным удзеле ў іх.

Утрымліваўся ў мінскім СІЗА №1 тры месяцы, у ліпені 1997 г. быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.

Суд пачаўся 30 кастрычніка 1997 г. Асуджаны 16.12.1997 г.  па арт. 186 і 187 КК РБ за «супраціўленне супрацоўнікам міліцыі» і «агрэсіўныя дзеянні з мэтай прынясення шкоды» да двух гадоў абмежавання волі з прымусовымі працамі. Да такога ж тэрміну пакарання быў асуджаны У. Лыско. А. Бондараў, А. Коваль і А. Сарокін былі асуджаныя на два гады выпраўленчых прац па месцы працы з утрыманнем 20% заробку.[3]

Адбываў пакаранне ў Зэмбінскай спецкамендатуры, каля г. Барысаў. Працаваў фізічна ў калгасе, затым мастаком на Барысаўскім мастацкім камбінаце.

26 студзеня 1999 г. выйшаў на волю.

Быў прызнаны Amnesty Internatoinal вязнем сумлення.

Працягваў палітычную дзейнасць. На Дзень Волі ў 2000 годзе быў жорстка затрыманы ў цэнтры Мінска разам з жонкай і дачкой Наталляй.[4]

У 2001 г. быў удзельнікам лагеру абароны Курапатаў, адзін з аўтараў народнага мемарыялу «Алеі крыжоў». Вырабляў драўляныя крыжы і ставіў іх, браў удзел у акцыях пратэсту супраць пашырэння аўтамагістралі, якая праходзіць праз некропаль. 8 лістапада 2001 г. быў моцна збіты АМАПам у лагеры абаронцаў Курапатаў, затрыманы разам з дачкой Ліліяй і асуджаны на штраф. Стала займаўся і далей мемарыялізацыяй Курапатаў.

27 ліпеня 2003 г. сябры арганізацыі «Зубр» праводзілі на плошчы Незалежнасці  несанкцыянаваны пікет у гонар 13-й гадавіны падпісання Дэкларацыі незалежнасці Беларусі. Пад час затрымання супрацоўнікамі міліцыі удзельнікаў пікету Р. Кійко выходзіў у гэты час з касцёлу св. Сымона і Алены і кінуўся іх бараніць. У выніку, ён быў таксама затрыманы.[5]

Р. Кійко быў удзельнікам «Плошчы Каліноўскага» — пратэста ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 г.

Быў жанаты. Меў двух дачок, Наталлю і Лілію. Наталля, была актывісткай «Маладога Фронта».[6]

Памёр 2 кастрычніка 2014 г. ў 10 клінічнай бальніцы г. Мінска ад анкалагічнай хваробы.[7]

Зноскі

  1. Аднаму з першых беларускіх палітвязняў Рыгору Кійко патрэбная дапамога. spring96.org.
  2. КІЙКО РЫГОР ІВАНАВІЧ (1950 – 3.10.2014)(недаступная спасылка)
  3. Списки лиц, преследуемых по политическим мотивам. old.memo.ru.
  4. Contact Support(недаступная спасылка). ds.ru. Архівавана з першакрыніцы 16 красавіка 2022. Праверана 16 красавіка 2022.
  5. 27 июля в Минске прошли акции оппозиции, приуроченные к 13-й годовщине подписания Декларации независимости Беларуси.. spring96.org.
  6. Р.Кійко: “З гонарам зноў усталюем нацыянальны сьцяг”. Радыё Свабода.
  7. Памёр мастак Рыгор Кійко(недаступная спасылка). www.racyja.com (3 кастрычніка 2014). Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2020. Праверана 16 красавіка 2022.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Palitviazni.info Хронікі беларускіх палітвязняў. - 2013г. - 131 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]