Рыгор Цамблак
Рыгор ЦАМБЛАК, ЦАМВЛАХ, ЦЫМІВЛАХ, СЕМІВЛАХ, свецкае імя Гаўрыіл (~1364, Тырнава, Балгарыя — зіма 1419/1420) — дзеяч праваслаўнай царквы, мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі, мітрапаліт малдава-валашскі, пісьменнік.
[правіць] Жыццё і дзейнасць
Паходзіў з абалгаранага валашскага баярскага роду. Адукацыю атрымаў у Тырнаўскім манастыры св. Тройцы пад кіраўніцтвам патрыярха Еўфімія, а таксама ў Канстанцінопалі, дзе займаўся перапіскай і перакладам на царкоўнаславянскую мову агіяграфічных твораў. Светапогляд Р. Цамблака сфарміраваўся пад уплывам візантыйскай культуры. Падчас турэцкай агрэсіі на Балканы, у 1394 г. пакінуў Балгарыю, каля 1400 г. прыняў манаства і ўступіў у манастыр пад імем Рыгора. Займаўся прапаведніцкай дзейнасцю ў манастырах Візантыі, некаторы час быў ігуменам Дзечанскага манастыра ў Сербіі, прэсвітэрам у Сучаве ў Малдавіі. У 1406 г. быў праездам у ВКЛ, падчас паездкі да свайго дзядзькі — мітрапаліта усяе Русі Кіпрыяна, але на Нёмане атрымаў вестку пра яго смерць, на некаторы час затрымаўся ў ВКЛ, пазнаёміўся з вял.кн. Вітаўтам.
Зноў Р. Цамблак з'явіўся ў ВКЛ ў 1410-х. Вітаўт, працягваючы альгердаву палітыку стварэння асобнай ад Масквы праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі (гл. пра г.зв. «Літоўскую мітраполію»), прапанаваў сабору праваслаўных епіскапаў ВКЛ вылучыць кандыдатуру Р. Цамблака на кіеўскі мітрапалічы сталец. Для пасвячэння Р. Цамблак паехаў у Канстанцінопаль, але не меў поспеху. Не мелі поспеху і два вітаўтавых пасольства ў Канстанцінопаль, як і за альгердавым часам, спроба стварэння асобнай мітраполіі сустрэла моцны супраціў Масквы. Тымчасова Кіеўская мітраполія яшчэ захоўвала адзінства і мітрапаліт Фоцій не хацеў зракацца ўлады над Кіевам і Галічам, пастаўленне ў Кіеў асобнага «літоўскага» кіеўскага мітрапаліта прывяло да канфлікту паміж ВКЛ і ВКМ.
Нягледзячы на анафемы канстанцінопальскага патрыярха і мітрапаліта Фоція, царкоўны сабор у Навагрудку (15.11.1415), дзе прысутнічаў увесь праваслаўны епіскапат ВКЛ і Польшчы, пасвяціў Р. Цамблака ў мітрапаліты кіеўскія. Гэтае рашэнне сабор тлумачыў тым, што Фоцій не клапоціцца пра стан Кіеўскай мітраполіі, а таксама царкоўнымі канонамі. Абвінавачванні, што выбары Р. Цамблака адбыліся пад ціскам Вітаўта на епіскапаў, паводле меркавання К. Хадыніцкага, абапіраюцца на пазнейшыя сведчанні тэндэнцыйнага Ніканаўскага летапісу, аўтар якога хацеў паказаць нелігітымнасць абрання Р. Цамблака. Па нагавору Фоція канстанцінопальскі патрыярх наклаў праклён на Р. Цамблака і разам з візантыйскім імператарам звярнуўся да Вітаўта, каб той прызнаваў духоўную ўладу выключна Фоція.
Увесну 1416 г., калі Кіеў быў абложаны татарамі Едзігея, Р. Цамблак перанёс кафедру ў Вільню да Багародзіцкай царквы, а рэзідэнцыяй зрабіў Навагрудак. Не атрымаўшы пастаўлення ад Канстанцінопаля, Вітаўт, гледзячы на ўнійныя тэндэнцыі, паслаў Р. Цамблака на 16-ы Сусветны сабор, які праходзіў 5.11.1414 — 22.4.1418 г. у Канстанцы. Р. Цамблак 19.2.1418 г. урачыста выехаў з Навагрудка да Канстанца на чале дэлегацыі з 300 прадстаўнікоў ВКЛ, Ноўгарада, Малдавіі і Вялікай Арды. У Канстанцы Р. Цамблак меў аўдыенцыю Папы рымскага Марціна V, выступіў з дзвюма прамовамі: «Прывітальнае слова папу Марціну V» і «Прывітальнае слова айцам Канстанцкага сабора» у якіх засведчыў свае, а таксама кар. Ягайлы і вял.кн. Вітаўта, жаданне ўніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў і прапанаваў з мэтай яе заключэння склікаць агульны сабор прадстаўнікоў абодвух веравызнанняў. Але прамова Р. Цамблака не мела поспеху, на саборы ў першую чаргу абмяркоўвалася ўнутранаю рэформа каталіцкай царквы.
Апошнія звесткі пра Р. Цамблака датуюцца 5-18.5.1418, калі ён знаходзіўся ў Кракаве, вяртаючыся з Канстанца ў Навагрудак. Пазнейшыя звесткі з крыніц кажуць ўжо пра памерлага Р. Цамблака. Пасля смерці Р. Цамблака і абвастрэння адносін ВКЛ з Польшчай у пач. 1420-х пытанне Кіеўскай мітраполіі страціла вастрыню, Вітаўт прызнаў царкоўную ўладу Фоція над праваслаўнымі епархіямі ВКЛ.
Некаторыя даследчыкі лічаць, што Р. Цамблак не памер у 1419 г., а з-за пагроз і ганенняў часткi праваслаўных епіскапаў, якія не хацелі раздзелу Кіеўскай мітраполіі, пакінуў ВКЛ каля 1420 г. і з'ехаў у Малдавію, дзе пражыў у манастыры да 1450 г.
[правіць] Творчасць
Творы Р. Цамблака на царкоўнаславянскай мове адносяць да літаратур балгарскай, сербскай, малдаўскай, румынскай, старажытнарускай, старабеларускай і стараўкраінскай. Р. Цамблак лічыцца аўтарам больш 50 твораў, з якіх захаваліся і вядомыя 26, у т.л. 10 твораў напісаныя ў г.зв. «літоўскі» перыяд. Пераважна, творы Р. Цамблака гэта дыдактычна-панегірычныя, урачыстыя словы, казанні на розныя святы і асобныя падзеі рэлігійнага жыцця. Сярод твораў Р. Цамблака «Надмагільнае слова мітрапаліту Кіпрыяну», «Пахвальнае слова Еўфімію Тырнаўскаму», «Як трымаюць веру немцы» і інш. Асаблівую цікавасць уяўляе слова Р. Цамблака пра пакуты Іаана Новага ў Белаградзе, якое з'яўляецца важнай крыніцай па гісторыі Бесарабіі і паўднёвага берага Чорнага мора, гэта слова ўпершыню апублікавана ў працы румынскага біскупа Мельхіседэка, жыццяпісе Р. Цамблака, «Vie'ta si scrierile lui Grigorie Tamblacu» (Бухарэст, 1884). Р. Цамблак прымаў удзел у складанні «Акруговай граматы» і «Апраўдальнага паслання заходнярускіх епіскапаў». Таксама займаўся перапісваннем богаслужэбных кніг.
Творы Р. Цамблака былі папулярныя і ў Маскве, ужо ў 15 ст. яго казанні былі ўнесеныя ў зборнікі царкоўных павучанняў нараўне з казаннямі Іаана Залатавуста і інш. святых айцоў, хоць і ананімна, у 16 ст. казанні Р. Цамблака ўносіліся ў зборнікі ўжо вельмі часта, але пад рознымі імёнамі. Нарэшце, мітрапаліт Maкарый унёс творы Р. Цамблака ў сваю Чэццю-Мінею, змясціўшы пад рознымі чысламі, а потым злучыўшы вялікую частку іх у канцы ліпеньскай кнігі пад загалоўкам «Кніга Г. Самвлака». Як прапаведнік, Р. Цамблак часта пераймаў візантыйскія ўзоры і даходзіў да такой напышлівасці, што часам рабіўся малазразумелы.
Творы Р. Цамблака актыўна перапісваліся ў манастырах (Супрасльскім, Слуцкім, Жыровіцкім, Аршанскім, Лаўрышаўскім) і браліся за ўзор, захаваліся ў шматлікіх рукапісных зборніках 15-19 ст.
[правіць] Літаратура
- Chodynicki K. Camblak Grzegorz // Polski słownik biograficzny. — T. II. — Kraków, 1937. — S. 193—194.
- Антонаў В. В. Цамблак Грыгорый // Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 2001. — С. 348.
- Григорий Цамблак: Живот и творчество. — София, 1984.
- Хаўратовіч І. П. Цамблак Грыгорый // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 1995. — С. 151—154.
- Яцимирский А. И. Г. Цамблак. Очерк его жизни, административной и книжной деятельности. // Православный собеседник. — Казань, 1905, апрель. С. 752.