Савецка-літоўская вайна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Савецка-літоўская вайна
Асноўны канфлікт: Вайна за незалежнасць Літвы
Грамадзянская вайна ў Расіі
Савецкія палонныя ў Літве.
Савецкія палонныя ў Літве.
Дата 12 снежня 1918 — 31 жніўня 1919
Месца Літва
Вынік перамога Літвы,
Маскоўскі дагавор (РСФСР — Літва, 1920)
Праціўнікі
РСФСР
Літоўская СР (до 27 лютага)
Літбел (з 27 лютага)
Літва Літва
 Веймарская рэспубліка
Латвія Латвія
 БНР
Польшча Польшча (з вясны 1919)
Камандуючыя
Уладзімір Альдэрогэ Сільвястрас Жукаўскас,
Рудзігер фон дэр Гольц
Сілы бакоў
18—20 тысяч 8 тысяч літоўцаў і 10 тысяч немцаў

Савецка-літоўскі ўзброены канфлікт або Савецка-літоўская вайна, у Літве — вайна з бальшавікамі (літ.: karas su bolševikais) — узброены канфлікт РСФСР з Літвой у 1918—1919 гадах. Канфлікт быў часткай грамадзянскай вайны ў Расіі, а ў прыватнасці наступлення РСЧА на Заходнім фронце.

Наступленне РСЧА[правіць | правіць зыходнік]

У выніку Беларускай аперацыі 12 снежня 1918 года часці Чырвонай Арміі, а менавіта Пскоўская стралковая дывізія (пазней літоўская), Інтэрнацыянальная дывізія і 17-я дывізія падышлі да Літвы ў колькасці каля 18—20 тыс. Пазней з РСФСР былі накіраваны яшчэ некалькі часцей, арганізаваны атрады для тылу. У бальшавікоў было дрэннае забеспячэнне войск правізіяй і коньмі, таму салдаты павінны былі адбіраць гэта ў літоўцаў. Армія ж Літвы спачатку не змагла аказаць сур’ёзнага супраціву, з прычыны малалікасці войск і іх дрэннай падрыхтоўкі.

Чырвонаармейцы імкліва захоплівалі адзін горад за адным: 22 снежня ўзяты Езяросы і Свянцяны, 23 снежня — Утэна, 27 снежня — Ракішкі, 5 студзеня — Вільня, 9 студзеня — Вілкамір і Панявеж, 15 студзеня — Шаўлі, 25 студзеня — Цельшы. У выніку пад савейкай уладай упынулася 2/3 тэрыторыі Літвы. Прасоўванне спынілася, калі латвійскія і нямецкія войскі напалі на «чырвоных» каля ракі Вэнта. 18 студзеня дзеля прадухілення нязручных баёў савецкія і нямецкія войскі падпісалі дагавор, які ўсталяваў дэмаркацыйную лінію. З-за гэтага РСЧА не магла наступаць на Коўна, часовую сталіцу Літвы, напроста.

Акружэнне Коўна[правіць | правіць зыходнік]

Аперацыя па акружэнню Коўна пачалася 7 лютага. 1000 салдат Пскоўскай стралковай дывізіі атакавалі Кейданы, размешчаныя з поўначы ад горада, і сустрэлі супраціўленне літоўскіх войск з Панявежа, якімі камандаваў капітан Ёнас Вар’якоіс, і з Кейдан (усяго налічвалася каля 200 чалавек). Літоўцы здолелі ўтрымаць Кейданы, бо ім на дапамогу прыйшлі нямецкія войскі. 10 лютага літоўска-нямецкія сілы захапілі Шаты і вымусілі варожых вайскоўцаў адступіць. Пасля баёў за Кейданы паспяховыя вылазкі ў суседнія гарады стаў таксама праводзіць літоўскі Панявежскі добраахвотніцкі полк, чыёй мэтай была дэмаралізацыя чырвонаармейцаў і павышэнне даверу мясцовых жыхароў да антысавецкіх сіл. Поспех аперацый падняў баявы дух літоўцаў і прымусіў бальшавікоў паспрабаваць узяць Коўна з поўдня.

9 лютага 7-ы стралковы полк РСЧА (900 чалавек) захапіў Езна, а 12 лютага напаў на Аліту. 10 лютага 300 літоўцаў паспрабавалі нечакана атакаваць праціўніка, але пацярпелі няўдачу і адступілі. 13 лютага літоўска-нямецкія войскі адбілі ў РСЧА Езна. У ноч з 14 на 15 лютага немцы пры падтрымцы літоўскіх добраахвотнікаў адбілі Аліту. Такім чынам, савецкім войскам не ўдалося ўзяць Коўна і яны вырашылі заняць абарончыя пазіцыі, што дазволіла праціўніку выйграць час для навучання людскіх рэзерваў і падрыхтоўкі контрнаступлення.

Контрнаступленне літоўска-нямецкай арміі[правіць | правіць зыходнік]

Наступленне польскіх (сінія стрэлкі), літоўска-нямецкіх (цёмна-фіялетавыя стрэлкі) і латышскіх (белыя стрэлкі) войск. Сіняя лінія — польскі фронт у маі 1920 года.

Паўночныя раёны Літвы (Жмудзь) былі пад кантролем часцей РСЧА ў колькасці 3000 чалавек (іх мэта складалася ў тым, каб дасягнуць Балтыйскага мора і адрэзаць доступ нямецкаму забеспячэнню латвійскіх войск). Літоўскія камуністы ў Жмудзі былі найбольш актыўнымі, бо гэта быў самы кароткі шлях для рускіх ваеннапалонных у Расію. У Шаўлі яны сфармавалі полк у 1000 байцоў пад камандаваннем Ф. Р. Балтушыса-Жамойціса з былых рускіх ваеннапалонных і нямецкіх дэзерціраў. Таксама ў гэтым рэгіёне, у Шкудах, дзейнічалі партызаны, прыхільнікі нацыянальнага ўрада Літвы, аб’яднаныя П. Пляхавічусам.

Так як прасоўванне бальшавікоў да Усходняй Прусіі пачало турбаваць германскі штаб, ён паслаў атрад добраахвотнікаў пад камандаваннем Р. Гольца, з заданнем вызваліць чыгунку, якая злучае Лібаву, Мажэйкі, Радзівілішкі і Кейданы. Гэта было часткай маштабнага наступлення немцаў. У канцы лютага нямецкія войскі і літоўскія партызаны ўзялі Мажэйкі і Сяды, пераследвалі «чырвоных» да Куршан. Да сярэдзіны сакавіка немцы ўзялі Куршаны, Шаўлі, Радзівілішкі, Шадаў і Янішкі. 5 сакавіка ўрад Літвы абвясціў мабілізацыю мужчын, якія нарадзіліся з 1887 па 1889 год. Да 3 мая колькасць арміі дасягнула 440 афіцэраў і 10 729 ніжніх чыноў. Але толькі каля паловы з іх былі навучаны і падрыхтаваны да баявых дзеянняў. Уводзілася новая форма. 22 сакавіка Панявежскі добраахвотніцкі полк быў перайменаваны ў Асобны Панявежскі батальён. З 19 па 24 сакавіка РСЧА пакінула Панявеж, а 26 сакавіка горад занялі літоўскія войскі, але 4 красавіка яны зноў яго страцілі.

Літоўскае наступленне ў маі—чэрвені 1919 года. Даты паказваюць, калі горад быў узяты літоўскімі сіламі. Ружовая лінія — мяжа Літвы з 1990 года.

Першае арганізаванае наступленне літоўскіх войск было праведзена з 3 па 8 красавіка 1919 года. Былі арганізаваны ўдары на Вільню, ад Аліты да Даўг на поўдні і ад Кашадар да Жаслей. Да гэтага часу нямецкія войскі ўжо перасталі ўдзельнічаць у баях. Першапачаткова прасоўванне было паспяховым, але затым чырвонаармейцы здолелі спыніць праціўніка.

У сакавіку 1919 года ў канфлікт уступіла Польшча. Яе армія змагалася як з бальшавікамі, так і з літоўцамі. Польскае наступленне прымусіла літоўцаў перагледзець сваю стратэгію. Начальнік літоўскага штаба С. Жукаўскас спланаваў наступленне ў паўночна-ўсходнім кірунку. Мэтай быў Вілкамір. 3 мая Асобны Панявежскі полк і 18-ы нямецкі добраахвотніцкі полк узялі горад. Нягледзячы на рызыкоўнасць аперацыі, яна апынулася для літоўцаў удалай: у палон былі ўзятыя 500 чырвонаармейцаў. 7 мая Жукаўскас стаў галоўнакамандуючым і пачаў рэарганізацыю арміі.

18 мая літоўцы вярнулі сабе Куркле і Анікшты, з 19 па 23 мая — Панявеж, 2 чэрвеня — Уцяны. Пасля гэтага нямецкія добраахвотнікі перасталі аказваць падтрымку літоўцам, але ім на дапамогу прыйшлі латвійскія партызаны. 12 і 20 чэрвеня Чырвоная армія правяла ўдалыя контратакі, і фронт стабілізаваўся.

У той час, калі на паўночным усходзе Літвы працягваліся баі, адносіны Літвы з Польшчай пачалі зноў пагаршацца, у асноўным з-за тэрытарыяльных спрэчак у раёне Вільні і Віленскага краю, што затым прывяло да польска-літоўскай вайны.

Завяршальныя баі[правіць | правіць зыходнік]

З-за пагрозы для РСЧА новых баёў з палякамі фронт савецка-літоўскага канфлікту заціх больш чым на месяц, і савецкія войскі выкарыстоўвалі гэтае зацішша для рэарганізацыі часцей і іх папаўнення. У гэты час літоўскія войскі мелі два пяхотных палка і пяць асобных батальёнаў, у бальшавікоў было шэсць палкоў і адзін асобны батальён; літоўцы, аб’яднаўшыся з палякамі, запланавалі наступленне на Даўгаўпілс 9 жніўня, але тады так і не адважыліся яго разгарнуць.

Войскі з Укмерге першымі пачалі актыўныя баявыя дзеянні пад Зарасай, захапілі яго 25 жніўня і прайшлі каля 30 км. Войскі з Панявежыса разам з палякамі 26 жніўня пачалі наступаць уздоўж чыгункі да Турманту. Да 31 жніўня на поўдзень ад Даўгавы РСЧА кантралявала толькі Грыву (прыгарад Даўгаўпілса), але затым і яе страціла.

Такім чынам, у верасні на тэрыторыі Літвы часцей РСЧА ўжо не было, іх ад літоўскіх войск аддзяляла Даўгава, баявыя дзеянні РСЧА з Літвой спыніліся.

Амаль праз год пасля заканчэння баявых дзеянняў быў падпісаны мірны дагавор.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]