Беларуская Народная Рэспубліка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Беларуская Народная Рэспубліка
Урад у выгнанні1919)
Flag of Russian SFSR (1918-1937).svg
1918 – 1919


Flag of Byelorussian SSR (1919-1927).svg
 
Flag of Poland.svg
 
Flag of Russian SFSR (1918-1937).svg
 
Flag of Lithuania.svg
Flag of Belarus (1991-1995).svg Pahonia BNR.jpg
Сцяг Герб
Гімн
Мы выйдзем шчыльнымі радамі
BNR (Ruthienie Blanche) Map 1918.jpg
Карта БНР (Бацькаўшчына, Мінск, 1918)
Сталіца Мінск, Гродна
Мова беларуская
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка
Старшыня Рады БНР
 - 1918 Янка Серада
 - 19181919 Язэп Лёсік
 - 1919 Пятро Крачэўскі
Гісторыя
 - 9 сакавіка 1918 Абвяшчэнне БНР
 - 25 сакавіка 1918 Абвяшчэнне незалежнасці БНР
 -  1919 Ліквідацыя БНР, стварэнне Рады БНР у выгнанні
Першы склад Народнага Сакратарыята. Злева направа: сядзяць — Бурбіс, Серада, Варонка, Захарка, стаяць — Смоліч, Крачэўскі, Езавітаў, Аўсянік, Заяц.

Беларуская Народная Рэспубліка, БНР — дзяржава, абвешчаная на тэрыторыі Беларусі ў пачатку XX стагоддзя. Галоўным кіраўнічым органам з'яўлялася Рада. Незалежнасць БНР абвешчана Радай ноччу на 25 сакавіка 1918.

Дзяржаўная і абавязковая мова: беларуская (з 28.4.1918).

Атрыбуты дзяржаўнасці: Часовая канстытуцыя (11.10.1918), пячатка БНР (з 28.4.1918), сцяг і герб (з чэрвеня 1918). Былі выпушчаны пашпарты грамадзян БНР (лета 1918).

Выканаўчым органам быў Народны Сакратарыят, з 11 кастрычніка 1918 перайменаваны ў Раду Народных Міністраў БНР. Месца пасяджэнняў урада: Мінск, Гродна (са снежня 1918).

У выніку недастатковага ўзроўню арганізаванасці, недахопу ўзброеных фарміраванняў і інш. дзяржаўныя органы знішчаныя альбо эмігравалі за мяжу. Рада БНР працягвае сваю дзейнасць на эміграцыі ў наш час.

Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі святкуецца часткай беларусаў як Дзень Волі.

Міжнароднае прызнанне і межы БНР[правіць | правіць зыходнік]

Паштовая марка БНР, 10 гр.

Дэ-юрэ БНР у 1918-20 прызналі Украінская Народная Рэспубліка[1], Літва[2], Латвія[3], Эстонія, Чэхаславакія і Фінляндыя. Фактычныя адносіны падтрымліваліся з Германіяй, Балгарыяй, Турцыяй і Польшчай.[4].

Нямецкі даследчык Е. Энгельгардт адзначае, што Германія па розных прычынах не прызнала беларускага ўрада, і таму ён быў вымушаны абмежавацца прадстаўніцтвам беларускага народа ў нацыянальных і культурных пытаннях[5].

Рычард Пайпс робіць вывад аб тым, што немцы не збіраліся падтрымаць абвешчаную Радай БНР незалежнасць, таму што разглядалі Беларусь як крыніцу таннай сыравіны і рабочай сілы[6].

БНР была абвешчана «на землях, дзе жыве і мае лічэбную перавагу беларускі народ».[7] У склад БНР уключаліся: Магілёўшчына, беларуская частка Міншчыны, Гродзеншчына (з гарадамі Гродна і Беласток), Віленшчына, Смаленшчына[8], Чарнігаўшчына і сумежныя часткі суседніх губерняў, заселеных беларусамі (меліся на ўвазе Сувалкаўская і Ковенская губ.[9]).

Перадумовы абвяшчэння БНР[правіць | правіць зыходнік]

Лозунг БНР упершыню прагучаў у 1917, у прыватнасці на Усебеларускім з'ездзе (кангрэсе) у Мінску. Незалежніцкія настроі ў беларускім руху ў значнай ступені былі выкліканы палітыкай Часовага ўрада Расіі, які не хацеў лічыцца з патрабаваннямі беларускіх арганізацый аб наданні Беларусі статуса аўтаноміі ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі, а таксама палітыкай Савета Народных Камісараў Расіі, які вёў перагаворы з Германіяй аб лёсе Беларусі без удзелу ў іх прадстаўнікоў беларускага народу. Незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся пасля разгону Усебеларускага з'езду і пасля таго, як З-і Усерасійскі з'езд Саветаў (студзень 1918) ухваліў гэты разгон.

Ва ўмовах, калі бальшавікі паводле Брэсцкага міру перадавалі беларускія землі Германіі, часткай дзеячаў беларускага нацыянальнага руху было прапанавана абвясціць поўную незалежнасць Беларусі.

Стварэнне БНР[правіць | правіць зыходнік]

Паштовая марка БНР, 25 гр.

Калі ў ходзе І сусветнай вайны, пасля падпісання Брэсцкага міру, Чырвоная Армія пакінула Мінск, а германскія войскі яшчэ не ўступілі, група дзеячаў беларускага нацыянальнага руху зрабіла спробу ўзяць на сябе ўладу. Познім вечарам 19 лютага Выканаўчы камітэт з'езда скончыў сваё апошняе нелегальнае пасяджэнне, апрацаваўшы Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі. Крыху раней адбылося надзвычайнае пасяджэнне Выканкома БЦВР, на якім было прынята рашэнне:

" Па-прычыне абсалютна выразнага памкнення Народнага Камісарыяту Заходняй вобласці ўцякчы на ўсход і па-прычыне набліжэння немцаў і верагоднасці анархіі ў горадзе — узяць на сябе ахову парадку і бяспекі ў Мінску, а калі спатрэбіцца, то і ва ўсёй Беларусі, а таксама прапанаваць Выканкому Рады 1-га Усебеларускага з'езда выканаць волю з'езда і ўзяць уладу ў свае рукі "

[10].

Выканкам Рады Усебеларускага кангрэса 21 лютага 1918 звярнуўся да народа Беларусі з 1-ай Устаўной граматай, у якой аб'явіў сябе ўладай у Беларусі. Часовым выканаўча-распарадчым органам стаў створаны ім Народны сакратарыят на чале з Я. Варонкам. У яго склад увайшлі: П. Крачэўскі, А. Смоліч, П. Бадунова, А. Карач, Т. Грыб, К. Езавітаў, І. Серада, С. Крывец і інш. Разлік быў на тое, што германскаму камандаванню прыйдзецца прыняць як дадзенае беларускае нацыянальнае ўтварэнне.

9 сакавіка 1918 адбылося першае ўрачыстае пасяджэнне Выканаўчага камітэта Рады кангрэса. У яго склад былі запрошаны прадстаўнікі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, меншавікоў, ЕС і СС, Паалей-Цыёна і інш. Агульная колькасць членаў Выканкама была даведзена да 71 чалавека. Пасяджэнне прыняло Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь была аб'яўлена народнай рэспублікай. Выканаўчы камітэт быў перайменаваны ў Раду БНР, абраны Прэзідыум Рады на чале з I. Серадой. У межах Беларусі былі абвешчаны свабоды: слова, друку, сходаў, забастовак, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, права на аўтаномію, раўнапраўе моў усіх нацыянальнасцей Беларусі. Права прыватнай уласнасці на зямлю не адмянялася. Зямля павінна была перадавацца бясплатна тым, хто яе апрацоўваў. Лясы, воды і нетры аб'яўляліся ўласнасцю БНР. Паўсюдна ўстанаўліваўся 8-гадзінны працоўны дзень.

Сацыяльна склад Рады БНР быў неаднародны. Галоўную ролю ў ёй ажыццяўлялі сярэднія слаі нацыянальнай інтэлігенцыі, у партыйных адносінах Рада складалася з прадстаўнікоў розных нацыянальных сацыялістычных партый (БСГ, ЕС і СС, Паалей-Цыён, Бунд), а таксама рускіх эсэраў і меншавікоў. Усе гэтыя партыі адхілялі Кастрычніцкую рэвалюцыю, але не ўсе падтрымлівалі аддзяленне Беларусі ад Расіі і ўтварэнне беларускай нацыянальнай дзяржавы. Рускія эсэры, меншавікі і яўрэйскія сацыялістычныя партыі выказаліся за знаходжанне Беларусі ў складзе Расіі. Яўрэйскія партыі асцерагаліся, што ў беларускай нацыянальнай дзяржаве на першы план выйдзе беларуская буржуазія. Рускія эсэры стаялі на пазіцыі «адзінай і непадзельнай» Расіі. Толькі БСГ паслядоўна патрабавала самавызначэння Беларусі.

Рада БНР на пасяджэнні ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 пасля дзесяцігадзінных спрэчак нязначнай большасцю галасоў прыняла пастанову Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвясціла незалежнасці Беларусі. У пратаколе адзначалася, што атмасфера ў час пасяджэння была «наэлектрызавана». Супраць аддзялення Беларусі ад Савецкай Расіі галасавалі дэпутаты гарадской, земскай і бундаўскай фракцый. Ад галасавання ўстрымаліся прадстаўнікі Аб'яднанай яўрэйскай сацыялістычнай партыі, Паалей-Цыёна і сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Земская фракцыя выйшла з Рады БНР і адазвала сваіх прадстаўнікоў з Народнага сакратарыята. Трэцяй Устаўнай граматай ад 25 сакавіка 1918 БНР абвяшчалася «незалежнай і вольнай дзяржавай».

У пачатку свайго ўтварэння БНР не знайшла падтрымкі шырокіх народных мас. Прычын таму многа. Яна была створана ў вельмі неспрыяльных умовах і існавала пад акупацыяй. Акупацыйны рэжым быў супраць нацыянальных імкненняў, нацыянальных органаў улады абвешчанай дзяржавы. І народам ён успрымаўся як варожы. Але Рада вымушана была калі не супрацоўнічаць з ім, то быць для яго лаяльнай. У працэсе стварэння БНР шырокія народныя масы ўдзелу не прымалі. Вядома, што I Усебеларускі з'езд даверыў абранаму ім Савету з'езда падрыхтаваць і склікаць Беларускі Устаноўчы сход, а затым II Усебеларускі з'езд, на якім абвясціць будучую беларускую дзяржаву. Фактычна выйшла, што БНР абвясціў нават не Савет з'езда, а створаны ім орган — Выканаўчы камітэт Рады Кангрэса, які потым кааптаваў у свой склад 28 прадстаўнікоў нацыянальных груп.

БНР дабіваецца міжнароднага прызнання[правіць | правіць зыходнік]

Народны сакратарыят дамагаўся міжнароднага прызнання БНР. З гэтай мэтай у чэрвені 1918 дэлегацыя на чале з Р. Скірмунтам наведала Кіеў. Урад Украінскай Народнай Рэспублікі прызнаў БНР. 18 красавіка 1918 з Кіева дэлегацыя БНР адправіла радыётэлеграмы ўрадам усіх краін і Савецкай Расіі з пераказам сутнасці падзей, якія адбыліся ў Беларусі, і паведамленні аб тым, што з моманту абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці беларускі народ не прызнае тых пунктаў Брэсцкага дагавора ад 3 сакавіка 1918, якія датычылі яго тэрытарыяльных інтарэсаў.

Летам 1918 дэлегацыя БНР выязджала ў Маскву, але не была прынята народным камісарам РСФСР. Дыпламатычныя місіі былі таксама накіраваны ў Варшаву, Берлін, Берн, Капенгаген. Консульства БНР было адчынена ў Літве.

Мэтай ураду БНР было таксама прызнанне беларускай дзяржавы Германіяй і стварэнне з яе дазволу ўласных узброеных сіл і паліцыі. Але дэмарш урада БНР да Германіі быў без вынікаў. Улада Варонкі, паводле яго прызнання, пачала змяншацца і была абмежавана толькі нацыянальным прадстаўніцтвам пры нямецкай акупацыйнай адміністрацыі і некаторымі другараднымі функцыямі. На пасланыя ў Берлін тры граматы БНР рэйхсканцлер паведаміў Народнаму сакратарыяту, што Берлін разглядае Беларусь як частку Савецкай Расіі, што, згодна Брэсцкаму дагавору, Германія не магла без урада Леніна прызнаць зноў беларускую дзяржаву.

Нягледзячы на адмову кайзераўскага ўрада прызнаць БНР, кансерватыўныя сілы Рады БНР працягвалі дамагацца арыентацыі на Германію. Іх падтрымлівалі буйныя землеўладальнікі. У лісце ўраду Германіі яны пісалі: калі б нямецкія войскі не акупавалі наш край, мы рассталіся б з маёнткамі і жыццём. «Жывём надзеяй, што міжнародны трактат адарве нас ад Расіі і злучыць з Літвой пад абаронай Германіі». У процівагу Радзе БНР, якую германскае камандаванне лічыла сацыялістычнай, у Мінску ўтварылася Беларускае народнае прадстаўніцтва на чале з Р. Скірмунтам, П. Алексюком, В. Гадлеўскім, Т. Вернікоўскім і інш. Узаемаразумення з БНП шукала правае крыло БСГ, зацікаўленае ў паляпшэнні адносін з германскім камандаваннем. Неўзабаве Рада БНР прыняла ў свой склад БНП.

Значных поспехаў БНР дасягнула ў развіцці асветы і культуры. Паводле розных падлікаў, працавалі ад 150 да 350 школ. Падрыхтоўка настаўнікаў вялася ў Свіслацкай семінарыі і Мінскім педінстытуце. У красавіку 1918 была заснавана Мінская вышэйшая музычная школа, якая неўзабаве пераўтварылася ў Беларускую кансерваторыю. У красавіку 1918 створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Беларускага ўніверсітэта ў Мінску, у якую ўвайшлі А. Смоліч, М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі і інш. Па ініцыятыве І. Луцкевіча ў 1918 была створана першая беларуская навуковая ўстанова — Беларускае навуковае таварыства ў Вільні. Выдаваліся беларускія кнігі, часопісы і газеты.

Германскія акупацыйныя ўлады, з аднаго боку, не перашкаджалі культурна-асветніцкай дзейнасці БНР, а з другога — ухіляліся ад афіцыйнага прызнання яе. Шэраг членаў Рады і Народнага сакратарыяту БНР, якія спрабавалі дамагчыся падтрымкі ўрада Германіі, звярнуліся да германскага імператара з тэлеграмай, у якой дзякавалі за вызваленне Беларусі, прасілі дапамагчы ў стварэнні яе дзяржаўнай незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй.

Палітычны крызіс БНР[правіць | правіць зыходнік]

Выданне 3-яй Устаўнай граматы і пасылка тэлеграмы імператару Германіі выклікалі ў БНР палітычны крызіс. Са складу Рады выйшлі гарадская група, прадстаўнікі Бунда, Аб'яднаная яўрэйская сацыялістычная партыя. БСГ раскалолася. Утварыліся новыя партыі: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП), Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПСФ), Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР).

Лідарамі БСДП былі А. Смоліч, Б. Тарашкевіч, Я. Лёсік, А. Прушынскі, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Луцкевіч, І. Луцкевіч. Яе праграма прадугледжвала рэфармісцкае пераўтварэнне капіталістычнага ладу грамадства ў сацыялістычны. Задача нацыяналізацыі прамысловасці не ставілася. Зямлю меркавалася перадаць сялянам для арганізацыі на ёй дробных працоўных гаспадарак. Памешчыкам мелася на ўвазе захаваць разумную норму карыстання зямлёй. Высоўвалася патрабаванне аб'яднання ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў у незалежнай БНР.

Кіруючае ядро БПСФ склалі Я. Варонка, А. Цвікевіч, К. Езавітаў, В. Захарка, А. Аўсянік, П. Крачэўскі, І. Серада. З заявы партыі выцякала, што ў аснову яе светапогляду і тактыкі былі пакладзены інтарэсы і імкненні працоўнага люду. Партыя патрабавала канфіскацыі буйных землеўладанняў і стварэння на гэтай падставе «беларускага нацыянальнага зямельнага фонду», росту прамысловай вытворчасці і паступовай перадачы яе ў рукі народа. Працягваючы лінію БСГ, яна ставіла сваёй задачай вызваленне беларускага народа ад нацыянальнага прыгнёту шляхам стварэння сусветнай федэрацыі, у якой беларуская дэмакратычная рэспубліка павінна стаць састаўной адзінкай.

БСДП і БПСФ на першае месца ставілі нацыянальнае пытанне і толькі пасля яго рашэння разлічвалі прыступіць да сацыяльных пераўтварэнняў. Абедзве партыі былі нешматлікімі, іх сацыяльнай базай была беларуская інтэлігенцыя.

Арганізатарамі БПСР былі Т. Грыб, П. Бадунова, Я. Трафімаў, Я. Мамонька, А. Маркевіч, В. Русак, М. Шыла, Н. Козіч і інш. Яе сацыяльнай базай з'яўлялася беларуская інтэлігенцыя і сялянства. БПСР прэтэндавала на авангардную ролю ў беларускім руху. Патрабаванні яе зводзіліся да ўстанаўлення «дыктатуры працоўных», сацыялізацыі зямлі, кааперыравання сялянства, незалежнай беларускай рэспублікі ў этнаграфічных межах. Пры станоўчых адносінах да акта 25 сакавіка 1918 аб абвяшчэнні незалежнасці БНР яна настойвала на яе «юрыдычным прызнанні» Усебеларускім Устаноўчым з'ездам. Члены БПСР Т. Грыб, П. Бадунова, А. Карач выйшлі са складу Народнага Сакратарыята, але разам з членамі Рады БНР М. Пашковічам, Н. Козічам, М. Шыла, Я. Мамонькам і інш. заставаліся ў Радзе, як непрымірымая апазіцыя. Пасля адстаўкі І. Серады і А. Смоліча члены Народнага Сакратарыята, якія засталіся, склалі свае паўнамоцтвы.

У Радзе БНР месцы гарадской групы занялі прадстаўнікі культурных, прафесіянальных і навуковых беларускіх арганізацый, ад Бунда, СС і ЕС — Мінскай яўрэйскай абшчыны. У выніку Рада стала кааліцыйным органам з перавагай кансерватыўных сіл. Фарміраванне новага складу Народнага сакратарыята было даручана Р. Скірмунту. У сваёй заяве на пасяджэнні Рады 9 ліпеня 1918 апошні паведаміў, што будзе працаваць «у цесным кантакце з акупантамі. Ярмо акупацыі хоць і цяжкае, але з ім неабходна мірыцца, як з непазбежным злом». Яго перагаворы з прадстаўнікамі партый, якія працягваліся амаль 2 месяцы, не прывялі да станоўчага выніку. Палітычны крызіс паглыбляўся. Не знайшоў з яго выйсця і І. Серада, які пасля правалу місіі Скірмунта спрабаваў сфарміраваць урад. Левае крыло Рады, якое раней выступала супраць Варонкі, змяніла сваю пазіцыю і аб'ядналася з цэнтрам, які называлі «фракцыяй былых міністраў». Новай фракцыі належала большасць месцаў у Радзе. Яна ўзняла пытанне аб накіраванні дэлегацый у Маскву і Берлін.

Пасля падпісання Савецкай Расіяй і Германіяй 27 жніўня 1918 дадатковага дагавора, згодна якому германская армія вызваляла тэрыторыю Беларусі да р. Бярэзіны, надзеі БНР на ўмацаванне сваёй улады з дапамогай Германіі пачалі згасаць. Радзе БНР трэба было думаць, як абараніцца ад савецкай улады.

Рада БНР накіравала шэраг дэлегацый у Германію, Швейцарыю, ЗША, на Міжсаюзніцкую нараду ў Ясах. Аднак яна не знайшла падтрымкі. Англія, Францыя і ЗША палічылі за лепшае не прызнаваць БНР, каб мець вароты для ўварвання ў Савецкую Расію.

11 кастрычніка Рада БНР зацвердзіла Часовую канстытуцыю БНР.

У мэтах умацавання свайго становішча Рада БНР 9 кастрычніка 1918 прыняла пастанову аб павелічэнні свайго складу да больш як 100 дэлегатаў за кошт прыцягнення прадстаўнікоў праваслаўнага і каталіцкага духавенства, а некалькі пазней Народны сакратарыят быў пераўтвораны ў Раду народных міністраў.

Рэвалюцыя ў Германіі змяніла адносіны немцаў да БНР. Іх погляды былі накіраваны да падзей унутры Германіі. У Еўропе з-за германскай рэвалюцыі складалася новая палітычная сітуацыя.

Тым часам У. Ленін шукаў магчымасці скарыстаць дадзеныя абставіны ў інтарэсах Савецкай Расіі. Ён меркаваў, што сярод сацыял-дэмакратаў можна будзе знайсці саюзнікаў. А. Луцкевіч, які ўзначальваў Раду народных міністраў БНР, быў запрошаны ў Маскву для перагавораў аб удзеле сацыял-дэмакратаў у Беларускім савецкім урадзе, які меркавалася стварыць пасля вызвалення Беларусі ад нямецкай акупацыі.

Ведаючы аб нежаданні Германіі вырашаць беларускае пытанне без удзелу Савецкага ўрада і ўлічваючы нетрываласць пазіцыі БНР, А. Луцкевіч прыйшоў да высновы аб неабходнасці паездкі ў Маскву. У лістападзе 1918 ён прыбыў для перагавораў. У гэты ж час у Маскву прыязджаў і Т. Грыб каб наладзіць кантакт з камуністычным цэнтрам. Для наладжвання сувязей з Белнацкомам у Маскву ў розны час прыязджалі А. Карач, Я. Мамонька і інш.

Маскоўскія перагаворы А. Луцкевіча з урадам РСФСР не былі завершаны. Было ўмоўлена, што яго бліжэйшыя саратнікі па партыі — члены Прэзідыума Рады БНР і міністры — пасля адыходу нямецкіх акупантаў з Мінска застануцца ў горадзе, каб завяршыць пачатыя ў Маскве перагаворы. Аднак калі 10 снежня 1918 Чырвоная Армія ўступіла ў Мінск, у горадзе ўжо не было членаў Рады БНР, за выключэннем прадстаўнікоў сацыял-дэмакратаў: старшыні Рады Я. Лёсіка, членаў Рады А. Уласава, А. Смоліча, В. Іваноўскага, А. Прушынскага і інш. У Мінску не застаўся і А. Луцкевіч, які ў апошні час выехаў у Вільню.

У абставінах адыходу германскіх войск Рада народных міністраў БНР у 4-ай Грамаце ад 29 лістапада 1918 заклікала беларускі народ да захавання парадку, які ўстанавіла Рада БНР. Была зроблена спроба стварэння палітычнага цэнтра без Рады, на базе земстваў, сацыялістычных партый, прафесійных арганізацый і фарміравання на гэтай падставе органаў краявой улады. Але кіраўнікі гэтых арганізацый не змаглі вырашыць пытанне аб уладзе. Прадстаўнікі левых арганізацый тым часам схіліліся да сумеснай работы з савецкай уладай.

Выпраўляючыся ў Вільню, Рада і ўрад БНР выдалі 5-ую Грамату. У ёй беларускі народ заклікаўся да выступлення супраць савецкай улады, да абароны БНР, да «усеагульнага грамадзянскага шчасця» і стварэння на месцах «беларускіх Саветаў», якія павінны падпарадкоўвацца Радзе БНР. Але ўмоў для гэтага не было.

У далейшым большасць беларускіх дзеячаў вярнуліся ў БССР. Аднак надзеі іх не апраўдаліся. Яны сталі аднымі з першых ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Некаторыя: А. Луцкевіч, С. Рак-Міхайлоускі і інш., знаходзячыся ў Заходняй Беларусі, актыўна змагаліся за яе ўз'яднанне з БССР. А такія, як Я. Варонка, П. Крачэўскі, Я. Мамонька, Т. Грыб і інш., засталіся на ранейшых пазіцыях і працягвалі дзейнасць на эміграцыі.

Структуры БНР у выгнанні[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя Беларусі
Coat of arms of Belarus.svg

Старажытная Беларусь
Усходнія славяне
(Полацкае княства · Тураўскае княства · Менскае княства)
Кіеўская Русь
Вялікае Княства Літоўскае
Рэч Паспалітая
Расійская імперыя
Беларуская Народная Рэспубліка
ССР Беларусі
Літбел
Беларуская ССР // Заходняя Беларусь
Аб'яднанне Беларусі
Генеральная акруга Беларусь
Беларуская ССР
Рэспубліка Беларусь·

У студзені 1919 Рада і ўрад БНР пераехалі ў Вільню, а затым (у выніку наступлення Чырвонай Арміі і дзейнасці польскіх ваенізаваных фарміраванняў) у Гродна. Гэты горад лічыўся сталіцай БНР да верасня 1919. Пад эгідаю ўрада БНР знаходзіліся некаторыя мясцовыя арганізацыі, быў наладжаны выпуск 5 беларускіх газет. Урад БНР у гэты час вёў барацьбу супраць прэтэнзій Польскай дзяржавы на беларускія тэрыторыі, дамагаўся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі, паспяхова прайлі перагаворы з урадам УНР аб пазіцы для ўрада А.Луцкевіча.

У сувязі з дзеяннямі польскіх легіянераў у канцы сакавіка 1919 ўрад БНР выехаў у Берлін. Тут была дэзавуіравана рэзалюцыя «Усебеларукага з'езда», які нібыты адбыўся ў Навагрудку, аб далучэнні Беларусі да Польшчы. У маі 1919 ад старшыні мірнай канферэнцыі быў атрыманы дазвол на прыезд беларускай дэлегацыі ў Парыж.

На пачатку чэрвеня 1919 ўрадавая дэлегацыя БНР прыбыла ў Парыж. Дэлегацыя разам з прадстаўнікамі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і інш. дабівалася прызнання іх дзяржаў поўнапраўнымі суб'ектамі міжнародных адносін.

Тым часам у красавіку 1919 Войска Польскае заняло Вільню і Гродна, на пачатку жніўня быў заняты Мінск. 19 верасня А. Смоліч і Я. Лёсік накіравалі ліст кірааўніку Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскаму ліст, у якім прасілі аднавіць дзейнасць структур БНР. Увосень 1919 доўгі час у Варшаве знаходзіўся А. Луцкевіч, які дабіваўся прызнання Польскай дзяржавай самастойнасці Беларусі.

1 снежня 1919 А. Луцкевіч, В. Захарка, П. Крачэўскі і інш. члены ўрада БНР пераехалі ў Мінск. 13 снежня адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую Раду БНР і Народную Раду БНР. Іх старшынямі сталі адпаведна сацыял-дэмакрат Я. Лёсік і сацыяліст-федэраліст П. Крачэўскі. Таксама былі створаны два ўрады БНР. Найвышэйшая Рада на чале кабінета пакінула А. Луцкевіча, Народная Рада прызнала кіраўніком кабінета В. Ластоўскага. Польскія ўлады хутка распарадзіліся аб разгоне Народнай Рады, арыштавалі В. Ластоўскага, П. Бадунову, Я. Мамоньку. Убачыўшы, што польскі ўрад не прызнае права Беларусі на дзяржаўную самастойнасць, 28 лютага 1920 А. Луцкевіч пакінуў пасаду старшыні Рады народных міністраў. Раней, у студзені, ў Берлін выехалі старшыня Народнай Рады П. Крачэўскі і яго памочнік В. Захарка. Толькі ў маі змаглі выехаць у Рыгу В. Ластоўскі, П. Бадунова, Т. Грыб, Я. Мамонька.

У сакавіку 1920 кіраўніцтва Польшчы пачало перагаворы з Найвышэйшаю Радаю БНР, польская камісія адхіліла большасць прапаноў Найвышэйшай Рады, аднак выдзеліла пэўныя сродкі на патрэбы беларускай школы і культуры. Ва ўмовах савецка-польскай вайны дзеячы БНР шукалі падтрымку як з польскага, так і з савкецкага боку. Аднак, калі ў ліпені савецкія войскі ўступілі ў Мінск, а ўрад РСФСР заключыў дагавор з Літвою, паводле якога значная частка беларускіх зямель перадавалася ў яе склад, гэта выклікала пратэст і Найвышэйшай і Народнай Рады. Надзея на тое, што БНР будзе прызнана Савецкай Расіяй знікла.

У той час калі савецкі і польскі бакі абмяркоўвалі ў Рызе без удзелу прадстаўнікоў беларускага народу ўмовы мірнага дагавору, у Рызе адбылася палітычная канферэнцыя, на якой было вырашана стварыць вакол урада В. Ластоўскага адзіны нацыянальны блок. Народная Рада БНР прызнавалася адзіным прадстаўніком беларускага народа і стала называцца Радаю БНР. Тым часам урад Латвіі на падставе дагавора з РСФСР ад 11 жніўня 1920 прапанаваў Радзе і ўраду Ластоўскага пакінуць тэрыторыю дзяржавы. 11 лістапада быў заключаны дагавор паміж БНР і Літоўскай Рэспублікай аб узаемным прызнанні, аб супрацоўніцтве і супольнай барацьбе за вызваленне беларускіх і літоўскіх зямель з-пад польскай акупацыі. Рада БНР і ўрад Ластоўскага пераехалі ў сталіцу Літвы Каўнас. У гэты час урад БНР спрабаваў сарваць савецка-польскія перагаворы ў Рызе, шукаючы падтрымкі ў розных еўрапейскіх краінах. Адзінае, што далі гэтыя намаганні, тое, што Парыжская мірная канферэнцыя паставіла Польшчы ў абавязак паважаць правы нацыянальных меншасцей. 18 сакавіка 1921 быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор.

У канцы сакавіка 1921 ў Празе прайшла нацыянальна-палітычная нарада, удзел у якой прынялі 37 прадстаўнікоў беларускіх партый і арганізацый з Заходняй Беларусі, Літвы, Чэхаславакіі, Германіі — Першая Усебеларуская канферэнцыя. Канферэнцыя пацвердзіла акт 25 скавіка 1918, прызнала Раду БНР як адзіны законны орган улады на Беларусі.

Урад БНР не спыняў дзейнасці на міжнароднай арэне. 27 красавіка 1922 на Генуэзскую міжнародную канферэнцыю па эканамічных і фінансавых пытаннях прыбылі В. Ластоўскі і міністр замежных спраў А. Цвікевіч. Старшыні канферэнцыі была ўручана нота аб прызнанні ўрадам БНР Вільні як сталіцы Літвы і згодзе на ўключэнне Сярэдняй Літвы ў склад Літоўскай дзяржавы ў якасці аўтаноміі. Мемарандум з просьбаю паставіць пытанне аб прызнанні БНР быў заслуханы на паяседжанні палітычнай камісіі канферэнцыі, аднак пасля дэмаршу дэлегацыі РСФСР беларускае пытанне ў парадак дня канферэнцыі пастаўлена не было.

Нота Ластоўскага і Цвікевіча 20 мая 1922 была асуджана ўрадам БНР. В. Ластоўскі падаў у адстаўку, але яна не была прынята. Затым Ластоўскі хацеў склікаць у Дзвінску нацыянальную нараду, аднак Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі выступіў супраць. Пачаўся ўрадавы крызіс. 11 кастрычніка 1922 была створана Дзяржаўная калегія з членаў Прэзідыума Рады БНР і некаторых міністраў. 20 красавіка 1923 В. Ластоўскі і дзяржаўны пісар Дуж-Душэўскі заявілі аб выхадзе з Дзяржаўнай калегіі.

23 жніўня 1923 сход беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячаў, які адбыўся ў Каўнасе, сфарміраваў новы ўрад БНР на чале з А. Цвікевічам. Палітыка літоўскага ўрада неўзабаве прывяла да таго, што 1 лістапада 1923 Прэзідыум Рады і ўрад БНР выехалі з Каўнаса ў Прагу (Цвікевіч застаўся ў Літве).

Тым часам палітыка беларусізацыі, якая праводзілася ў БССР і абвешчаная амністыя спрыяла таму, што сярод дзеячаў БНР раслі прасавецкія настроі, якія ўзмацніліся пасля ўзбуйнення БССР. 12-16 студзеня па ініцыятыве А. Цвікевіча ў Берліне адбылася Другая Усебеларуская канферэнцыя, якая прызнала Мінск адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі. Цвікевіч і члены яго ўрада пераехалі ў Мінск.

Прэзідыум Рады БНР не прызнаў рашэння канферэнцыі і застаўся верны акту 25 сакавіка 1918. Хоць пасля члены Прэзідыума Бадунова і Мамонька таксама пераехалі ў БССР, Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі і яго намеснік В. Захарка не прызналі Савецкую Беларусь. Дзяржаўная пячатка і дзяржаўны архіў БНР засталіся ў іх.

Пасля смерці П. Крачэўскага (8 сакавіка 1928) яго функцыі выконваў В. Захарка. Пасля акупацыі Чэхіі нацысцкай Германіяй з ініцыятывы германскага боку ў 1939 адбыліся перамовы прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў Рэйху з В. Захаркам. Апошні адхіліў прапануву нацыстаў аб супрацоўніцтве. Перад смерцю Захарка перадаў пячатку і дзяржаўны архіў М. Абрамчыку, які выконваў функцыі Старшыні Рады БНР да 1970. У 1970 эміграцыйная Рада БНР абрала на яго месца В. Жук-Грышкевіча, а ў 1982 — Я. Сажыча. З 1997 Раду БНР у эміграцыі ўзначальвае І. Сурвіла.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама Урад БНР, дзейнасць БНР

Зноскі

  1. Консульствы БНР у Кіеве (ген.) і Адэсе з 1918.
  2. Консульства БНР з 1918, дагавор аб узаемным прызнанні 11.11.1920.
  3. Дыпл. адносіны разарваныя і ўрад БНР выдалены з тэрыторыі Латвіі пасля Слуцкага паўстання і патрабавання РСФСР у адпаведнасці з Маскоўскім дагаворам
  4. А. Сідарэвіч. БНР // ЭГБ Т.1, С.384-389.Доўнар Т. І. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. — Мн.: Амалфея, 2007. — 400 с. ISBN 978-985-441-621-2 С.193.
  5. Engelhardt, E. von. Weissruthenien: Völk und Reich. — Berlin — Amsterdam — Prag — Wien, 1943. — S. 108—109.
  6. Pipes, R. The formation of the Soviet Union> Communism and nationalism. — Cambridge (Mass.), 1964. — P. 151.
  7. Трэцяя Устаўная грамата Рады БНР
  8. На выдадзенай у 1918 г. карце БНР у яе склад было ўключана таксама правабярэжжа Верхняй Волгі
  9. ЭГБ, т. 6, кн. І, с. 537
  10. Варта. — 1918. — № 1. — С. 36

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т.1., кн. 1, 2. / Уклад. С. Шупа. — Вільня; Нью-Ёрк; Менск; Прага. 1998.
  • Латышонак А. Жаўнеры БНР. — Вiльня, 2009.
  • Павлова Т. Я. К вопросу о границах БНР: Международные отношения // Белорусский журнал международного права и международных отношений, 1999, № 1.
  • Сідарэвіч А. Урады БНР і кабінэт Рамана Скірмунта // ARCHE Пачатак. № 4, 2008.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]