Слабада, паселішча

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Слабада́, во́ля або ву́лька — тып паселішча, характэрны для феадалізму.

Першапачаткова ў перыяд феадалізму паселішчы гэтага тыпу атрымлівалі часовае вызваленне ад выплаты падаткаў на карысць уладальнікаў, пасля свайго заснавання. Мэтаю было пашырэнне ворыўных земляў.

Розныя формы гэтак званых вольных паселішчаў, слабод, з'яўляюцца ва Усходняй Еўропе ў XIVXVI ст. Слабоды ўзнікалі, да прыкладу, у паўднёвых рэгіёнах і вядомыя як казацкія паселішчы. Уся тэрыторыя ад ніжняга цячэння Дняпра да Дону зрабілася казацкім рэгіёнам — Слабадшчызнай, Слабодскай украінай.

Слабоды ў Беларусі — іншага паходжання. Адной з прычынаў іх узнікнення было імкненне феадалаў стымуляваць засваенне малапрыдатных для земляробства зямель: балоцістых, парослых кустоўем, пашкоджаных прыроднай эрозіяй. Другая, асноўная прычына, — заняпад цэлых рэгіёнаў у выніку войнаў і эпідэмій. Так, у 2-й палове XVІІ ст. колькасць «дымоў» у беларускім Падняпроўі скарацілася больш, чым на траціну, а колькасць насельніцтва ў некаторых усходніх староствах — на палову. У гэтых умовах адміністрацыя Рэчы Паспалітай выдавала прывілеі, паводле якіх пасяленцы на апусцелых землях вызваляліся (рабіліся свабоднымі) ад падаткаў на тэрмін 20 гадоў. Гэта дало штуршок узнікненню слабод, воляў і вулек (гл. напр. Бракава Слабада, Святая Воля, Дабраволле, Вулька).

Апроч сельскіх слабод, ужо з XIІ ст. вядомыя і гарадскія слабоды — рамеснікаў, служылага люду і г.д. Як у іншых славянскіх краінах, на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў XIІXІІI ст. слабодамі часам называлі і запрыгоненыя паселішчы, што былі яшчэ не абкладзеныя падаткамі.

Пазней слабодамі сталі называць паселішчы гарадскога тыпу, або мястэчкі, дзе пражывалі галоўным чынам мяшчане і рамеснікі, якія пакінулі абшчыну і былі звязаныя з сельскай гаспадаркай толькі часткова.[1]

Зноскі

  1. Беларусы: У 8 т. Т. 2. Дойлідства… С. 22.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сабаленка, Э. Р., Гуркоў, У. С., Іваноў, У. М., Супрун, Дз. Д. Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973.
  • Беларусы: У 8 т. Т. 2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. — 391 с.: іл. ISBN 985-6234-28-X

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]