Стаіцызм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Стаіцызм — філасофская школа, заснаваная каля 300 да н.э. ў часы ранняга элінізму ў Афінах, якая захавала ўплыў да канца антычнага свету.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сваё імя школа атрымала па назве порціка Стаа Пайкілэ (грэч. στοά ποικίλη, літар. «Размаляваны порцік»), дзе заснавальнік стаіцызму, Зянон з Кітыёна, упершыню самастойна выступіў у якасці настаўніка. Да таго стоікамі ў Афінах называлі супольнасць паэтаў, якія збіраліся ў Стаа Пайкілэ за сто гадоў да з'яўлення там Зянона і яго вучняў і аднадумцаў.

У гісторыі стаіцызму адрозніваюць тры галоўныя этапы: Старажытная (Старэйшая) Стоя (канец IV стагоддзя да н.э. — сярэдзіна II стагоддзя да н.э.), Сярэдняя (II—I стагоддзя да н.э.), Новая (I—III стагоддзя н.э.).

Старажытная Стоя характарызуецца жорсткасцю, рытарызмам этычнага вучэння. Найбольш вядомымі ў наш час з прадстаўнікоў Старажытнай Стоі з'яўляюцца Зянон з Кітыёна, Клеанф і Хрысіп і іх вучні Арыстон з Кеаса, Герыл Карфагенскі, Эратасфен Кірэнскі і інш.

Сярэдняя Стоя (Баэт, Панетый, Пасідоній) характарызуецца памякчэннем вучэння стоікаў і выкарыстаннем метадаў Платона і Арыстоцеля.

Позняя Стоя (рымскі стаіцызм; Сенека, Эпіктэт, Марк Аўрэлій, Мусоній Руф і інш.) характарызуецца тэндэнцыяй да сакралізацыі.

Некаторыя даследчыкі вылучаюць чацвёрты перыяд у развіцці стаіцызму, да якога адносяць эклектычных платонікаў і піфагарэйцаў І — ІІ ст. н.э., а таксама Філона Александрыйскага.

Філасофская сістэма[правіць | правіць зыходнік]

Філасофская сістэма стаіцызму складаецца з трох частак: фізікі (натурфіласофіі), этыкі і логікі.

У аснове натурфіласофіі стаіцызму — вучэнне Арыстоцеля пра матэрыю і форму, адноўлены і значна перагледжаны касмалагізм Геракліта. Натурфіласофскія погляды стоікаў адрозніваюцца тэалагічнай, правідэнцыяльнай, фаталістычнай арыентаванасцю і эклектычнасцю. На іх думку, сусвет уяўляе сабой адушаўлёнае сферычнае цела, а першаасновай усяго існага з'яўляецца агонь («пнеўма», «дух», «дыханне»), іманентная ўласцівасць якога Логас. Паводле стоікаў, сусвет стварае і кіруе ім Першаагонь (Бог-Логас). Стоікі прызнавалі існаванне сусветнага плана і ўсеагульнай мэтазгоднасці; лічылі, што свет развіваецца цыклічна. Стаіцызм прызнае ўсеагульную цялеснасць, у т.л. Бога і душы. Душа чалавека разглядалася стоікамі як частка сусветнай душы, якая са смерцю пакідае цела.

У цэнтры стаіцызму — этычнае вучэнне. Дабрадзейнасць, паводле стоікаў, — гэта жыццё ў адпаведнасці з законамі прыроды, Логасу, але толькі мудрацы бяруць прыклад з прыроды з яе «бясстраснасцю». Галоўную задачу філасофіі стоікі бачылі ў выпрацоўцы ў людзях «бясстраснасці» (стану, калі адсутнічаюць афекты) і маральнага абавязку. Лёс у стаіцызме разглядаецца як дадзенасць, непахісны факт, які пашыраецца і на чалавека, і на ўвесь космас, а свабода — як добраахвотнае падпарадкаванне чалавека знешнім абставінам.

Стоікі ўпершыню ўвялі тэрмін «логіка», пад якім разумелі навуку аб славесным выказванні. Логіка ў стаіцызме падзяляецца на рыторыку і дыялектыку, якая складаецца з вучэнняў пра гукі мовы (паэтыка, тэорыя музыкі і граматыка) і пра значэнне, сэнсавы бок мовы.

Вучэнне стаіцызму паўплывала на неаплатанізм і хрысціянскую філасофію. Этычныя погляды стоікаў развіваліся ў XVII—XVIII ст.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]