Страсбургскія клятвы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рукапіс Страсбургскіх клятваў

Страсбургскія клятвы (лац.: Sacramenta Argentariae, фр.: Serments de Strasbourg, ням.: Straßburger Eide) — саюзніцкі дагавор паміж заходнефранкскім каралём Карлам II Лысым і яго братам усходнефранкскім каралём Людовікам II Нямецкім 14 лютага 842. Тэкст змяшчае найстаражытны помнік французскай (старафранцузскай) мовы.

Гісторыя падзей[правіць | правіць зыходнік]

Тэкст захаваўся ў складзе лацінамоўнага сачынення гісторыка Нітгарда «Пра звадкі сыноў Людовіка Набожнага». Нітгард быў сучаснікам апісваных падзей і пісаў неўзабаве пасля іх (ён памёр у 844). Акрамя таго, ён быў стрыечным братам непасрэдных удзельнікаў падзей, даводзячыся ўнукам Карлу Вялікаму. Паводле Нітгарда, падчас міжусобнай барацьбы сыноў Людовіка I Набожнага (унукаў Карла Вялікага) сярэдні брат, Людовік, і малодшы, 19-гадовы Карл, аб'ядналіся супраць самага старэйшага брата — Лотара. Карл, які стаяў на чале раманамоўнага войска, і Людовік, які камандаваў германамоўнымі «тэўтонамі», з'ехаліся 14 лютага 842 у Страсбургу. Перад тым, як была прамоўлена клятва, браты выступілі за прамовай да народа: Карл гаварыў «па-тэўтонску», каб воіны Людовіка маглі яго зразумець, Людовік — «па-раманску». Першым пачаў гаварыць Людовік, як старэйшы. Ён паказаў у сваёй прамове на праследаванні Лотарам Карла і на тое, што яны аддюць суду Божаму вырашыць, хто з іх мае рацыю; але з прычыны таго, што ён працягваў варагаваць і спусташаць іх землі, «даведзеныя да крайнасці», яны вырашылі для забеспячэння дабрабыту дзяржавы, не кіруючыся беззаконнымі жаданнямі, замацаваць вернасць і братэрскую любоў узаемнай клятвай у прысутнасці воінаў. Калі клятва будзе парушана кім-небудзь з братоў, воіны таго, хто яе парушыў, вызваляюцца ад падпарадкавання і прысягі свайму кіраўніку. Пасля прамовы першы прысягу прамовіў Людовік на раманскай мове (ізноў жа каб быць зразумелым войску брата). Такую ж клятву прамовіў і Карл па-тэўтонску. Затым кожнае войска паклялася на сваёй мове.

У наступным, 843 годзе, сыны Людовіка Набожнага склалі Вердэнскі дагавор і падзялілі паміж сабой імперыю дзеда.

Страсбургскія клятвы сталі адным з самых ранніх сведчанняў таго, што адзіная лацінамоўная прастора, атрыманая ў спадчыну ад Рымскай імперыі і якая захоўвалася ў эпоху варварскіх каралеўстваў, пачала саступаць месца новым нацыям Еўропы — у гэтым выпадку французскай і нямецкай, мовы якіх пачынаюць выкарыстоўвацца напаўафіцыйна.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Нітгард прыводзіць гэтыя тэксты ў арыгінале, называючы мову войска Карла «раманскай» (лац.: lingua romana), а мова войскаў Людовіка «тэдэскскай» ці «германскай» (лац.: lingua teudisca). З пункту гледжання мовы першае ўяўляе сабой найстаражытны вядомы помнік старафранцузскай мовы, другое — адзін са старых помнікаў старажытнаверхненямецкай мовы (верагодна, адлюстроўвае дыялект Рэйнскай вобласці).

Першыя даследаванні адносяцца да XIX ст. У «Monumenta Germaniae Historica» (II, 666) змешчана даследаванне Грыма пра Страсбургскія клятвы. Затым Гастон Бары даследаваў тэкст Нітгарда з філалагічнага боку.

Да помніка і ў далейшым была прыцягнута галоўным чынам увага раманістаў, і даследуецца перш за ўсё старафранцузскі тэкст. Меркаванні паконт уласцівасцей раманскай мовы «Клятваў» разыходзяцца. У ёй адны бачаць раманскую мову вобласці Ліёна, але іншыя лакалізуюць дыялектную базу клятваў на паўночным усходзе Галіі; адны лінгвісты лічаць, што тэкст адлюстроўвае жывую гала-раманскую гаворку таго часу, іншыя ж лічаць значнай штучную латынізацыю тэксту. Тэкст клятваў адлюстроўвае раннюю страту лацінскіх канцавых галосных, няўстойлівасць рэалізацыі фінальных галосных, якія сталі такімі ў раманскую эпоху (Karle — Karlo), з'яўляецца ўнікальным сведчаннем прыдыхальных зычных, якія рана выпалі (cadhuna < cada una).

Тэкст Нітгарда звычайна цытуецца па рукапісе Нацыянальнай бібліятэкі ў Парыжы (спіс lat. 9768 канца X стагоддзя).

Тэкст раманскіх (старафранцузскіх) клятваў[правіць | правіць зыходнік]

Клятва, прачытаная Людовікам Нямецкім перад войскам Карла:

Pro Deo amur et pro christian poblo et nostro commun salvament, d’ist di en avant, in quant Deus savir et podir me dunat, si salvarai eo cist meon fradre Karlo, et in aiudha et in cadhuna cosa, si cum om per dreit son fradra salvar dift, in o quid il mi altresi fazet, et ab Ludher nul plaid num quam prindrai qui meon vol cist meon fradre Karle in damno sit.

«У імя любові да Бога і ў імя хрысціянскага народа і нашага агульнага выратавання з гэтага дня і надалей, наколькі Бог мудрасць і ўладу мне дае (ці: даў), выратую я гэтага свайго брата Карла і ў дапамозе і ў кожнай справе, як свайго брата ратаваць варта з тым, каб ён мне гэтак жа рабіў, і з Лотарам ніякага дагавора не заключу, які па маёй волі гэтаму майму брату Карлу на шкоду быў бы».

Клятва, прачытаная войскам Карла:

Si Lodhuvigs sagrament que son fradre Karlo jurat conservat, et Karlus meos sendra de suo part non lostanit, si jo returnar non l’int pois, ne jo ne neuls cui eo returnar int pois, in nulla aiudha contra Lodhuuvig nun li iv er.

«Калі Людовік клятву, якую ён дае свайму брату Карлу, стрымае, а Карл, мой гаспадар, са свайго боку яе парушыць, калі я яму ў гэтым не змагу перашкодзіць, ні я, ні іншы, каму я ў гэтым змагу перашкодзіць, ніякай дапамогі супраць Людовіка яму не акажа».

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]