Сяргей Канстанцінавіч Туманскі

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
С.К.Туманскі

Сяргей Канстанцінавіч Туманскі (8(21) мая 1901, Мінск9 верасня 1973, Масква), савецкі канструктар авіяцыйных рухавікоў, акадэмік АН СССР. Туманскі зрабіў вялікі ўнёсак у стварэнне высокатэмпературных турбін авіяцыйных рухавікоў, правёў фундаментальныя даследаванні па стварэнні рэактыўных рухавікоў з двухкаскадным кампрэсарам, прапанаваў рэкамендацыі па ўхіленні небяспечных вібрацыйных напружанняў лапатак кампрэсараў і турбін.

Жыццяпіс [правіць]

Бацька Сяргея Туманскага - Канстанцін Мікалаевіч Туманскі - быў дробным чыноўнікам; належыў да дваранскага роду Туманскіх, радавым маёнткам якіх было сяло Туманскае, недалёка ад Мінска. Быў жанаты на мяшчанцы Кацярыне Аляксееўне Шчолкінай. Разам з Сяргеем, у сям'і было сямёра дзяцей - шэсць сыноў і адна дачка. Нягледзячы на невялікае жалаванне бацькі і пастаянныя пераезды, дзеці атрымалі добрую адукацыю, і з ранніх гадоў валодалі французскай мовай. Аднак, неўзабаве пасля нараджэння малодшага сына, Канстанцін Мікалаевіч памірае, і сям'я апыняецца ў вельмі цяжкім становішчы.

У 1918 годзе Туманскія пераехалі ў Тамбоў. У гэты час ішла грамадзянская вайна і тамака размяшчаўся адзін з першых на тэрыторыі Расіі аэрадромаў. Пры аэрадроме працавала школа лётчыкаў. Сяргей Туманскі вырашыў уступіць добраахвотнікам у Чырвоную Армію, у 1-ы Тамбоўскі авіяатрад. Пасля заканчэння школы ён атрымаў званне малодшага матарыста. У верасні 1918 авіяатрад ваяваў на Усходнім фронце. Улетку 1920 ў авіяцыі Чырвонай Арміі з бамбавікоў "Ілля Мурамец" быў сфармаваны 1-ы атрад "Гром". Старэйшы брат Сяргея Аляксей быў камандзірам аднаго з бамбавікоў і ўзяў яго да сабе ў экіпаж. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны Сяргей паступіў у Петраградскую ваенна-тэхнічную школу ВПС, якую скончыў у 1922.

Туманскі вельмі жадаў стаць авіяцыйным інжынерам. З-за таго, што Сяргей быў сынам двараніна, атрымаць вышэйшую адукацыю ён мог толькі маючы пэўны стаж службы ў войску. Больш пяці гадоў ён праслужыў тэхнікам у розных авіяатрадах. У 1927 годзе ён атрымаў неабходны "пралетарскі" стаж, і, здаўшы 23 іспыты, паступіў у Ваенна-паветраную акадэмію імя М.Я. Жукоўскага. Аднакурснікамі Туманскага былі авіяканструктар Аляксандр Сяргеевіч Якаўлеў, міністр авіяцыйнай прамысловасці СССР Пётр Васільевіч Дзяменцеў, генерал-палкоўнік Аляксандр Мікалаевіч Панамароў, намеснік галаўкама ВПС СССР. Падчас вучобы, у рамках конкурснага задання, разам з Панамаровым, Фёдаравым і Сенічкіным Туманскі спраектаваў невялікі матор ТУПФСЕН (абрэвіятура прозвішчаў стваральнікаў), за што іх групе была прысуджаная грашовая прэмія.

Пасля заканчэння акадэміі, С.К. Туманскі быў накіраваны на пасаду старэйшага інжынера ў ЦІАМ і стаў вядучым інжынерам па маторы М-22, савецкай копіі матора "Юпітэр VI". Нягледзячы на тое, што матор быў копіяй французскага, ён меў мноства дэфектаў і быў ненадзейным. Сяргей Канстанцінавіч высвятліў, што прычынай гэтага з'явілася неналаджанасць тэхналагічных працэсаў на запарожскім заводзе №29. Дзякуючы суправаджэнню вытворчасці Туманскім гэтыя праблемы былі вырашаныя.

Неўзабаве для авіяцыі запатрабаваўся новы, больш магутны рухавік. У Францыі была набытая ліцэнзія на 14-цыліндравы двухрадковы зоркападобны рухавік Гном-Рон "Містраль Мажор" 14Кdrs, які атрымаў пазначэнне М-85, і ў 1935 стаў вырабляцца на запарожскім заводзе №29. Тамака былі распрацаваныя яго мадыфікацыі М-86 і М-87. Аднак гэтае сямейства мела мноства дэфектаў, і галоўнага канструктара завода А.С. Назарава спачатку перавялі ў Варонеж, а неўзабаве арыштавалі. На яго месца ў лютым 1938 прызначылі Сяргея Канстанцінавіча Туманскага. Дзякуючы супрацоўніцтву са сваімі калегамі па ЦІАМ Нэйманам і Кінасашвілі, ужо да восені 1938 Туманскаму ўдалося ліквідаваць недахопы. Таксама, для павелічэння магутнасці і падвышэння вышыннасці матора, ім была распрацаваная мадыфікацыя М-87Б.

У пачатку 1939 г. на заводзе № 29 быў сабраны новы матор М-88 з істотна павялічанымі ўзлётнай магутнасцю (1100 к.с.) і вышыннасцю. Пад кіраўніцтвам С.К. Туманскага ў АКБ-29 былі спраектаваныя мадыфікаваныя маторы М-88А і, адзін з асноўных авіярухавікоў у 2-й сусветнай вайне, М-88Б.

У 1939 з'явілася пастанова ўрада №226, якая загадвала С.У. Ілюшыну прадставіць да 1 верасня 1939г. палепшаны варыянт бамбавіка ДБ-3Ф з маторамі М-88. Аднак М-88 быў яшчэ не гатовы да масавай вытворчасці, і на ДБ-3Ф паставілі М-87Б. Самалёт прайшоў дзяржіспыты і быў рэкамендаваны да вытворчасці з рухавікамі М-88. Калі самалёт з імі нарэшце прыбыў на дзяржіспыты ў снежні 1939, ён быў зняты з-за негатовасці рухавікоў. Паўстала сітуацыя калі ў серыйнай вытворчасці знаходзіўся неіснуючы самалёт. У сакавіку 1940 рухавік давялі да нармальнага стану, і да сярэдзіны 1940 атрымалася яго фарсіраваць, але патрабаванні пастановы не былі выкананыя. Дзякуючы высокай адзнацы новага штурмавіка Ілюшына, яму атрымалася пазбегнуць пакарання, і вінаватымі ў зрыве вытворчасці ДБ3-Ф зрабілі канструктараў рухавікоў. М-88 часова знялі з вытворчасці, а С.К. Туманскага адхілілі ад пасады, і ён вярнуўся ў ЦІАМ.

У сакавіку 1941, па запрашэнні М.М. Громава, Туманскі пераходзіць у Лётна-даследчы інстытут НКАП. У 1943 ён становіцца намеснікам галоўнага канструктара А.А. Мікуліна на даследчым авіяматорным заводзе № 300. Сяргей Канстанцінавіч займаўся распрацоўкай рухавікоў АМ-39 і АМ-39ФН-2(АМ-40). У 1946 годзе па заданні Сталіна прыярытэт быў аддадзены турбарэактыўным рухавікам. На заводзе №300 былі распрацаваныя АМТКРД-01 і яго мадыфікацыя АМРД-02, якія аднак не атрымалі наступнага развіцця. А.А. Мікулін захапіўся стварэннем малых рухавікоў, Туманскі жа наадварот - жадаў распрацаваць рухавік вялікай цягі. У 1948 Мікулін сышоў у доўгі адпачынак, і ў яго адсутнасць Туманскі, выконваючы абавязкі галоўнага канструктара, пачаў распрацоўку АМ-3. Дзякуючы падтрымцы дырэктара заводу А.А. Завітаева, Туманскі, пад сваю адказнасць разгарнуў вытворчасць новага рухавіка. Затым яны сустрэліся з міністрам М.В. Хрунічавым, і, атрымаўшы яго падтрымку, перавялі ўвесь завод на вытворчасць АМ-3. Вярнуўшыся Мікулін падтрымаў ідэю, але пачаў распрацоўку малагабарытнага рухавіка АМ-5. Туманскі стаў даводзіць АМ-3 для дальняга бамбавіка Ту-16. У 1957 годзе за стварэнне гэтага рухавіка Сяргею Канстанцінавічу прысудзяць Ленінскую прэмію.

Рухавік Р-11

У 1951-1954 гадах АКБ Мікуліна займалася фарсіраваннем АМ-5 для пераадолення хуткасці гуку. У 1954 годзе ім гэта ўдалося, рухавіку было прысвоена пазначэнне АМ-9Б і іх усталявалі на знішчальнікі МіГ-19. Паралельна ў 1953 пачалася распрацоўка АМ-11. У студзені 1955 Мікулін быў нечакана вызвалены ад сваёй пасады і яго месца заняў С.К. Туманскі. Пасля сыходу Мікуліна ўсе рухавікі былі перапазначаны: АМ-3 у РД-3, АМ9Б у РД9Б, яшчэ не гатовы АМ-11 атрымаў пазначэнне Р11-300. Першым самалётам для Р11-300 стаў МіГ-21, падчас працы па яго стварэнні быў павялічаны дыяметр фарсажнай камеры і рухавік атрымаў серыю Р11Ф-300.

У 1957 годзе пачалася распрацоўка маларэсурснага газатурбіннага рухавіка КР15-300 для крылатых ракет. Таксама ў 1960-я вялася распрацоўка не меўшага аналагаў у свеце рухавіка для супрацькарабельных крылатых ракет КР7-300. На базе кароткарэсурснага КР15-300 быў распрацаваны Р15-300 для перахопнікаў з хуткасцямі М>2. На рухавіку Р15Б-300 ўпершыню ў СССР была ўсталяваная асноўная электронная сістэма рэгулявання палівападачы.

У ліпені 1957, па просьбе былога аднакурсніка, авіяканструктара Аляксандра Якаўлева, Туманскі пачаў праектаванне РУ19-300, спецыяльна для вучэбных самалётаў. Аднак пасля таго, як замест Як-З0, у якасці вучэбнага прынялі L-29, аб рухавіку на некаторы час забыліся. Астатнія былі ўжытыя ў эксперыментальных экранапланах Расціслава Аляксеева. У сярэдзіне 60-х гэты рухавік сталі ўжываць у якасці дадатковага рухавіка на самалётах Ан-24, Ан-26 і Ан-30 для краін з спякотным кліматам.

Даведаўшыся аб пачатку распрацоўкі эксперыментальнага самалёта("турбалёта") вертыкальнага ўзлёту і пасадкі (СВУП), Туманскі прапанаваў ужыць на ім мадыфікаваны АМ-5. Прыйшлося правесці вялікі аб'ём даследаванняў для вырашэння праблем, якія ўзнікаюць пры рабоце рухавіка на СВУП. У 1962 АКБ Якаўлева вырашаюць спецыялізаваць на самалётах ВУП. Паўстала праблема стварэння пад'ёмна-маршавага рухавіка, якую А.С. Якаўлеў прапанаваў вырашыць Туманскаму. Падчас працы над гэтым самалётам - Як-36 - былі створаныя адмысловыя мадыфікацыі рухавіка Р11-300 - Р21-300 і Р21М-300. Неўзабаве праект машыны быў перагледжаны і на яе паставілі эксперыментальны Р27-300. Для новага самалёта Як-36М (пасля Як-38) у АКБ быў спраектаваны новы, больш магутны рухавік Р27В-300, у якім быў улічаны эфект адлюстравання газаў.

У АКБ былі спраектаваныя і вадкасныя рэактыўныя рухавікі Р201-300 і Р209-300 для ракет "паветра-зямля" і ракет-мішэняў. У 1962-1963 былі створаныя мікрарухавікі Р210Д -300 і Р210Е-300 для арыентацыі і стабілізацыі касмічных караблёў. Па ініцыятыве Туманскага на заводзе было створана адмысловае АКБ па мікрарухавіках.

У 1960 Туманскі таксама кіраваў працамі па стварэнні ядзернай энергетычнай усталёўкі ТУ-5 ("Таполя", пазней "Тапаз").

С.К. Туманскі быў лаўрэатам Дзяржаўнай і Ленінскай прэмій, Героем Сацыялістычнай Працы. У 1965 г. яго абралі сапраўдным чальцом АН СССР. У апошнія гады свайго жыцця С.К. Туманскі сумяшчаў кіраўніцтва канструктарскім бюро з працай у іншых навуковых установах.

Сяргей Канстанцінавіч Туманскі памёр у 1973 г.

Крыніца [правіць]

  • Берне Л. Генеральный конструктор Сергей Константинович Туманский. Часопіс "Двигатель" №№26-29.

Сеціва [правіць]

Берне Л. Генеральный конструктор Сергей Константинович Туманский.