Тахоку

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Размяшчэнне рэгіёна Тахоку
Рэгіён Тахоку на карце Японіі
Размяшчэнне
Краіна Японія
Востраў Хонсю
Каардынаты 38°54′ пн. ш. 140°41′ у. д.HGЯO
Статыстыка
Плошча 66 889,55 км²
Насельніцтва (на 1 мая 2010)
     Усяго 9 339 982 чал.
     Шчыльнасць 139,6 чал./км²
Прэфектур 6

Тахоку[1], або Оу (яп.: 東北地方, «паўночна-ўсходні рэгіён») — рэгіён усходняй Японіі на востраве Хонсю. Цэнтр рэгіёна — прэфектура Міягі. У рэгіён уваходзяць 6 прэфектур: Акіта, Аомары, Іватэ, Міягі, Фукусіма і Ямагата.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Рэгіён размешчаны на паўночным усходзе вострава Хонсю. На поўначы рэгіён Тахоку аддзелены ад вострава Хакайда пралівам Цугару. З захаду абмываецца Тахоку Японскім морам, а з усходу — Ціхім акіянам. На поўдні ён мяжуе з рэгіёнам Канто, а на паўднёвым захадзе — з рэгіёнам Цюбу[2]. Мясцовасць пагорыстая ці гарыстая, пакрытая лясамі. Клімат вільготны, кантынентальны.

Кароткія звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Порт Сіягамы.

У цэлым Тахоку займае каля 18 % плошчы Японіі[2].

У старажытнасці зямлі рэгіёна засялялі аўтахтонныя плямёны эмісі. Яны былі заваяваны цягам VII—X стагоддзяў японскімі заваёўнікамі з дзяржаўнага ўтварэння Ямата. У VII стагоддзі японцы звалі рэгіён Тахоку правінцыяй Міціноку (яп.: 道奥国, みちのくのく, Далёкі край). Праз сто гадоў яе падзялілі на ўсходнюю правінцыю Муцу і паўднёва-заходнюю правінцыю Дэва. З тых часоў і да XIX стагоддзя сам рэгіён звалі Оў (яп.: 奥羽地方, おううちほう) (Муцу-Дэўскі рэгіён) ці рэгіёнам Муцу (яп.: 奥州, おうしゅう), па імі найбуйнейшай правінцыі рэгіёна. Назва «Тахоку», што даслоўна азначае «Паўночна-ўсходні», сталі выкарыстоўваць пасля рэстаўрацыі Мэйдзі 1868 года[2].

Тэмпы гаспадарчага развіцця рэгіёна Тахоку саступаюць тэмпам развіцця іншых рэгіёнаў краіны. У XI—XII стагоддзях назіраўся кароткачасовы ўзлёт пры кіраванні самурайскага роду Фудзівара. Аднак на працягу наступных стагоддзяў узмацнілася эканамічнае адставанне рэгіёна. Да XX стагоддзя насельніцтва Тахоку неаднаразова пакутавала ад голаду, найбуйнейшым з якіх быў голад Тэмпо 1833—1837 гг. Агульнанацыянальная індустрыялізацыя Японіі канца XIX стагоддзя практычна абышла рэгіён. У першай палове XX стагоддзя большасць прадпрыемстваў Тахоку належала да першаснага сектара эканомікі. Прамысловасць была пераважна здабыўной. Рэгіён пастаўляў ва ўрбаністычныя раёны Цэнтральнай Японіі харчаванне, вугаль, жалезную руду і рабочую сілу. Пасля Другой сусветнай вайны японскі ўрад правёў рэструктурызацыю гаспадаркі Тахоку, аднак доля першаснага сектара ў эканоміцы рэгіёну застаецца адной з найбуйнейшых у Японіі[2].

Шчыльнасць насельніцтва ніжэй, чым у сярэднім па Японіі[2]. Найбуйнейшым горадам рэгіёна Тахоку з'яўляецца Сэндай. Іншымі буйнымі ўрбаністычнымі цэнтрамі з'яўляюцца прэфектурныя цэнтры Аомары, Марыёка, Акіта, Фукусіма і Ямагата, а таксама прамыслова-гандлёвыя цэнтры Хатынохэ, Карыяма і Івакі[2].

У сакавіку 2011 года рэгіён Тахоку пацярпеў ад моцнага землетрасення сілай у 9 балаў па шкале Рыхтэра.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Тахоку ўяўляе сабой пераважна аграрны рэгіён. У ім пераважаюць сельскае і лясное гаспадаркі, а таксама рыбалоўства. На палях вырошчваюцца рыс, ячмень, пшаніцу, проса і бульба. На агародах вырошчваюцца агуркі і бабы, а ў садах — галоўным чынам яблыкі. Акрамя таго займаюцца тытуняводствам, шаўкаводствам (у прэфектурах Міягі і Іватэ) і мясамалочнай жывёлагадоўляй.

У рэгіёне здабываюцца вугаль, газ і нафта, жалезная руда і марганец, сера і пірыты. Прамысловасць галоўным чынам арыентавана на забеспячэнне рэгіёна Канто. У Тахоку развіты здабыўная, электраэнергетычная і электратэхнічная галіны прамысловасці. Іншыя галіны складаюцца з харчовай і фарфорафаянсавай прамысловасці, электрамашынабудаваня, суднабудавання і суднарамонту, цэлюлозна-папяровай вытворчасці, нафтаперапрацоўкі і металургіі.

Важнае значэнне мае турызм. Сярод славутасцей возера Товада, заліў Мацусімы і нацыянальны парк Бандай-Асахі.

Зноскі

  1. БЭ у 18 т. Т. 15. — С. 416.
  2. а б в г д е Хасэгава Н. Регион Тохоку // Энциклопедия Ниппоника: в 26 тт. 2-е издание. — Токио: Сёгакукан, 1994—1997.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]