Тутэйшая Шляхта
Тутэйшая Шляхта | |
---|---|
Асноўная інфармацыя | |
Жанры | фолк, рок, сімфа, а капэла |
Гады | з 1992 |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Мова песень | беларуская |
instagram.com/ts.folkband |
«Тутэйшая Шляхта» — беларускі народны фальклорны ансамбль, створаны ў 1992 пры Беларускім Дзяржаўным Універсітэце. З 2023 — студыйны фолк-рок праект. Складаецца з аматараў нацыянальнай гісторыі і культуры. Творчасць ансамбля — спалучэнне музычнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, беларускіх народных і аўтарскіх песень на словы класікаў у жанрах фолк, рок, сімфа і а капэла.
Народны ансамбль (1992—2011)[правіць | правіць зыходнік]
За час свайго існавання калектыў прымаў удзел у шматлікіх канцэртах, гастраляваў у Польшчы, Германіі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Украіне, Расіі. У 2000 годзе ансамблю Тутэйшая Шляхта прысвоена ганаровае званне «Народны», а ў 2013 і ў 2021 гадах ансамбль станавіўся лаўрэатам фестывалю народнай творчасці «Сузор’е», тым самым атрымліваў званне лепшага народнага самадзейнага ансамбля Мінска.
Ансамбль пад кіраўніцтвам Лявона Махнача выдаў два музычных зборнікі ў традыцыйнай фальклорнай стылістыцы ў 2001 і 2011 гадах. У сярэдзіне 2000-х дачка заснавальніка ансамбля цымбалістка і кампазітар Тутэйшай Шляхты Вольга Махнач, якая захаплялася рок музыкай, пачала ўносіць у творы ансамбля ноткі фолк-року. Першым эксперыментальным творам у фолк-рок стылістыцы стала песня «Ах, вы, столікі мае», запісаная ў 2006 годзе. Гэты і некалькі іншых фолк-рок запісаў трапілі ў другі зборнік, стаўшы прадвеснікамі новага фолк-рокавага гучання Тутэйшай Шляхты.
Шлях да фолк-року (2012—2015)[правіць | правіць зыходнік]
У 2011 годзе ў ансамбль у якасці адміністратара і вакаліста прыйшоў Дзяніс Сцяпура, якому выпадкова дала паслухаць запіс «Ах, вы, столікі мае» яго жонка, салістка Тутэйшай Шляхты Марыя Копцель-Сцяпура. Дзяніс, аматар цяжкой рок-музыкі, быў уражаны цікавым спалучэннем року з народным фальклорам і вырашыў стаць удзельнікам Тутэйшай Шляхты, каб разам з Вольгай Махнач развіваць фолк-рок кірунак і папулярызаваць яго ў шырокіх масах. З 2012 году ў рэпертуары ансамбля пачало з’яўляцца ўсё больш твораў, прыпраўленых цяжкімі гітарнымі рыфамі. У 2013 годзе пачуўшы новы фолк-рок рэпертуар Тутэйшай Шляхты ў ансамбль вярнуўся гітарыст Сяргей Маісейчык, які прымаў удзел у запісы песні «Ах, вы, столікі мае» ў якасці бас-гітарыста.
У выніку ўтварылася фолк-рок троіца — Вольга Махнач, Дзяніс Сцяпура, Сяргей Маісейчык — якая распачала падрыхтоўку да запісу дэбютнага фолк-рок альбому Тутэйшай Шляхты пад назвай «Сармацкі рок». Студыйны запіс стартаваў у 2014 годзе, першыя 2 творы былі прэзентаваныя ў канцы года і былі вельмі цёпла ўспрынятыя публікай, песня «Каляда-Калядзіца» трапіла ў рэпертуар беларускамоўнага «Радыё Сталіца». Да сярэдзіны 2015 года была падрыхтаваная дэма-версія альбому з 6-ці твораў, песня «Сэрца ў роспачы ня плача» стала лепшай песняй жніўня на «Радыё Сталіца», ансамбль выйшаў з ценю беларускай музычнай сцэны і займеў шмат новых прыхільнікаў. Фолк-рок кірунку стала цесна ў межах народнага ансамбля і ў канцы 2015 году паўстала пытанне пра стварэнне асобнага гурта, які б выконваў фолк-рок рэпертуар. Але з прычыны арганізацыйных, тэхнічных і фінансавых цяжкасцяў асобны фолк-рок гурт так і не быў створаны.
Студыйны фолк-рок праект (2016—2023)[правіць | правіць зыходнік]
У пачатку 2016 году Сяргей Маісейчык пакінуў ансамбль, а Дзяніс Сцяпура і Вольга Махнач сталі развіваць фолк-рок кірунак Тутэйшай Шляхты як асобны студыйны праект [TŠ]. На канцэртах ансамбль выконваў рэпертуар фолк-рок праекта акустычна ці пад рок-фанаграму, зрэдку музыкі давалі паўнавартасныя электрычныя канцэрты. Запіс альбома «Сармацкі рок» аднавіўся, але ішоў марудна. Цягам 2016—2017 гадоў было дазапісана некалькі песень у дэбютны альбом, і запісаныя некалькі сінглаў. Песня «Імжа» стала яшчэ адным хітом Тутэйшай Шляхты. У канцы 2017 года адбыўся рэліз адгалінавання будучага поўнафарматнага альбому — міні-альбома «Зорка Крэва». Тры песні з міні-альбома трапілі ў рэпертуар «Радыё Сталіца». У 2018 годзе запіс альбома «Сармацкі рок» быў скончаны, у 2019 годзе адбыўся яго рэліз, у гэтым жа годзе альбом перамог у восеньскім чарце буйнога музычнага партала беларускай музыкі «TuzinFM».
У пачатку 2020 года адміністратар Тутэйшай Шляхты Дзяніс Сцяпура пераклаў на беларускую мову вірусную песню з серыяла Netflix «The Witcher». На гэтую песню ансамбль зняў музычны дэма-ролік, які атрымаў шырокі розгалас у байнэце, нягледзячы на невысокую якасць карцінкі і гука. У беларускім варыянце песня атрымала назву «Ведзьмару дайце талер». Калектыў пайшоў далей і ў сціслы тэрмін за два тыдні запісаў студыйную версію кавера і зняў прафесійны live-кліп, які быў прэзентаваны беларусам да Дня роднай мовы і аказаў значны ўплыў на рост папулярнасці гурта. У канцы 2020 года быў выдадзены максі-сінгл «Ведзьмару дайце талер».
У 2021—2022 гадах ансамбль працягнуў студыйную працу, зрэдку даючы жывыя канцэрты на айчынных сцэнах. У гэты перыяд было знята і апублікавана некалькі музычных кліпаў. Восенню 2022 адбыўся рэліз альбома-зборніка «Літвінскія балады», які ўвабраў у сябе рэзультат студыйнай працы за апошнія тры гады.
Пачынаючы з 2017 ансамбль вёў працу над запісам асобнага сімфа-рок альбома AnnaMaria, у канцы 2023 альбом быў выдадзены. Станам на 2024 год гэты альбом ёсць фінальнай кружэлкай калектыву.
Тутэйшая Шляхта сёння[правіць | правіць зыходнік]
У цяперашні час Тутэйшая Шляхта ўяўляе сабой выключна студыйны фолк-рок праект з пастаяннымі і сесійнымі ўдзельнікамі. Галоўны мужчынскі вакал праекта — Андрэй Сцяпанаў, некалькі песень выконвае адміністратар праекта Дзяніс Сцяпура, жаночы вакал падзелены на два падпраекты: «Зорка Крэва» з салісткай Анастасіяй Сенько і сімфа-рок трыа «AnnaMaria» з вядучым вакалам Марыі Копцель-Сцяпуры. Вакал і бэк-вакал у некаторых трэках выконвае сесійны саліст Павел Пенязь.
Дыскаграфія (народны ансамбль)[правіць | правіць зыходнік]
Зборнікі[правіць | правіць зыходнік]
Дыскаграфія (фолк-рок праект)[правіць | правіць зыходнік]
Альбомы[правіць | правіць зыходнік]
- Тутэйшая Шляхта (2006) Singles
- Зорка Крэва (2017) EP
- Самотнікі (2017) Singles
- Сармацкі рок (2019) LP
- Ты пачуеш (2019) Single
- Ведзьмару дайце талер (2020) Maxi-single
- Літвінскія балады (2022) LP
- AnnaMaria (2023) LP
Удзельнікі (ансамбль)[правіць | правіць зыходнік]
- Лявон Махнач — мастацкі кіраўнік, адміністратар
- Вольга Махнач — лідар ансамбля, хормайстар, адміністратар, цымбалы, кампазітар
- студэнты і выпускнікі БДУ
Удзельнікі (фолк-рок праект)[правіць | правіць зыходнік]
- Дзяніс Сцяпура — сузаснавальнік, адміністратар, прадзюсар, бэк-вакал, вакал, дызайнер
- Вольга Махнач — сузаснавальніца, кампазітар, цымбалы, бэк-вакал
- Андрэй Сцяпанаў — вакал, бэк-вакал, духавыя інструменты
- Марыя Копцель-Сцяпура — вакал, бэк-вакал, дызайнер
- Анастасія Сенько — вакал, бэк-вакал
- Павел Пенязь — вакал, бэк-вакал
- Андрэй Анціпенка — духавыя інструменты
- Альгерд Грышчанка — клавішныя інструменты
- Ягор Дзыгун — электрычная і акустычная гітара
- Сергей Кунцэвіч — бас-гітара
- Андрэй Маўрын — ударныя інструменты
- Анастасія Бараненкава — скрыпка
- Уладзіслаў Жбанаў — электрычная і акустычная гітара, бас-гітара
- Ганна Суворава — бэк-вакал
- Валянціна Захарыч — бэк-вакал
- Іншыя сесійныя ўдзельнікі
Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]
- Ніводзін з салістаў Тутэйшай Шляхты не мае вакальнай музычнай адукацыі
- Родная цётка стваральніка ансамбля Лявона Махнача з’яўляецца жонкай Кандрата Крапівы
- Усе музычныя аранжыроўкі студыйнага фолк-рок праекта напісаныя дачкой стваральніка ансамбля цымбалісткай Вольгай Махнач
- Сын Вольгі Махнач клавішнік Альгерд Грышчанка прымаў удзел у запісах студыйнага фолк-рок праекта з 11-гадовага ўзросту
- Адміністратар і вакаліст студыйнага фолк-рок праекта Дзяніс Сцяпура — капітан міліцыі ў запасе
- Запіс альбома «Сармацкі рок» пачаўся з песні «Ня журыся, хлапеча», але яе дэма-версія была адбракаваная ўдзельнікамі запісу. Песня была перазапісана і апублікавана праз 5 гадоў па рэлізе альбома.
- Аўтар герба Тутэйшай Шляхты, які размешчаны на вокладцы альбому «Сармацкі рок» — Дзяніс Сцяпура
- Аўтар лагатыпа Тутэйшай Шляхты — Лявон Махнач
- Першыя 5 гадоў свайго існавання ансамбль не меў уласных шляхецкіх касцюмаў і быў вымушаны выступаць у пазычаных народных касцюмах
- Студыйны фолк-рок праект не назапашвае матэрыял для альбому, а вядзе студыйную працу бесперапынна і публікуе запісы паводле канцэпцыі «адзін сінгл у некалькі месяцаў», таму на момант выхаду альбому амаль усе кампазіцыі з яго ўжо вядомыя слухачам.
- Аўтар беларускамоўнай версіі тэксту песні «The Witcher (Ведзьмару дайце талер)» Дзяніс Сцяпура ніколі да гэтага не рабіў мастацкіх перакладаў.