Украінскі хіп-хоп

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Украінскі хіп-хоп, таксама вядомы як укра-хоп або укр-хоп — частка украінскай музычнай культуры. Хіп-хоп ва Украіне з’явіўся ў 2-й палове 1990-х гадоў. Пачынальнікі — В. У. З. В.

Некаторыя ўкраінскія групы, як напрыклад МІСТо 44, На Відміну Від, Вова зі Львова, ТНМК і іншыя аддаюць перавагу украінскай мове, насуперак некаторым украінскім выканаўцам (пераважна з усходніх рэгіёнаў), якія спяваюць частку трэкаў рускай мовай.

Меладычнасць украінскай мовы і ўкраінскія тэматычныя біты (часам з ужываннем украінскіх традыцыйных інструментаў) ствараюць добра ўспрымальны на слых трэк. Да такіх мілагучных хіп-хоп моў можна аднесці таксама французскую, італьянскую і іспанскую.

Цяперашнім часам большая частка ўкраінскай рэп-сцэны знаходзіцца ў андэграўндзе («у падполлі»).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Хіп-хоп культура ва Украіну прыйшла з ЗША. Уласны ўкраінскі хіп-хоп зведвае сваю трэцюю хвалю.

Першая хваля[правіць | правіць зыходнік]

Першая хваля пайшла ад В. У. З.В (Вхід у змінному взутті). Менавіта яны папулярызавалі хіп-хоп кірунак і прынеслі музыку ў масы. Аднак першая хваля аказалася хуткацечнай — мала хто з выканаўцаў дагэтуль працуе ў гэтай плыні. Ды і саміх імён было небагата. Найвядомейшыя — Потап і UGO. Аднак уклад выканаўцаў тых часоў нельга адмаўляць ці забываць — яны прынеслі хіп-хоп ва Украіну.

Другая хваля[правіць | правіць зыходнік]

Лідар гурта Тартак Сашко Положинський.

Другая хваля пачалася пад канец 1990-х — на пачатку 2000-х гадоў і ахапіла ўжо большую геаграфію. На дадатак да ТНМК, фестываль Червона Рута адкрыў такія імёны як Тартак, Основний Показник і шмат іншых. Пазней пра сябе на хіп-хоп карце Украіны заяўляюць Харкаў (ХарківРапаСіті), Кіеў (КиївГеттоСіті), Львоў, Луцк, Данецк і іншыя месцы. З’яўляюцца новыя каманды, адбываюцца фестывалі, культура развіваецца ў слушным кірунку. Працягласцю другая хваля даўжэйшая. Яна характарызуецца трыма этапамі — уздымам, пікам і затуханнем. Падчас уздыму адзначаны не толькі колькасны, але і якасны складнік росту, то бок разам з павелічэннем колькасці калектываў, выканаўцаў і прыхільнікаў, расце іх узровень. Варта адзначыць, што тым часам ва Украіне сапраўды развівалася хіп-хоп культура агулам, а не асобныя яе элементы. На піку другой хвалі Украіна выходзіць на міжнародную хіп-хоп арэну дзякуючы бі-боям (Soul B, Ruffneck Attack) райтэрам і эмсі (Інваліди Кунг-Фу, Шнель Шпрехен, У.еР.Асквад, СLС та ін.), адбываецца абмен досведам, шмат фестываляў, прычым не асобных, а такіх, што ўключалі ўсе элементы культуры. Спад другой хвалі характарызуецца некалькімі тэндэнцыямі, што паўплывалі на наступнае развіццё хіп-хопу ва Украіне, а таксама на фармаванне трэцяй хвалі, якая ўласна зараз і адбываецца.

Трэцяя хваля[правіць | правіць зыходнік]

Трэцяя хваля пачалася адносна нядаўна. Аднак пэўную дату вызначыць цяжка, хоць шмат людзей схіляюцца да даты выхаду альбому Гострослови ад луцкага гурта Лязо. Некаторыя прыхільнікі называюць яго адным з найбольш паспяховых у гісторыі ўкраінскай індустрыі рэпу. У перыяд трэцяй хвалі паспелі з’явіцца вядомыя гурты і выканаўцы, напрыклад Німий ды ALCO Brothers.

Сама трэцяя хваля — пачатак перакваліфікацыі ўкраінскага рэпу менавіта на сваю сцэну. Калі да гэтага шмат выканаўцаў арыентаваліся на расійскую сцэну, то зараз праз палітычную сітуацыю багата рэпераў аддаюць перавагу выступам у межах краіны.

Спаборніцтвы і рэп-батлы[правіць | правіць зыходнік]

Змаганні сярод рэпераў пачалі праводзіцца яшчэ з часоў першай хвалі. Свайго піку набылі ў часы другой хвалі (гэта тлумачыцца тым, што для многіх украінскі рэп быў чымсьці новым, адметным ад таго ж амерыканскага або расійскага). Адзін з буйнейшых арганізатараў рэп-батлаў ва Украіне — партал ПідБіт. Праект пачынаўся як рэп-батлы на адлегласці (у рэжыме анлайн). За ўвесь час правядзення такіх запісаў было запісана больш за 1 200 трэкаў. Пазней, калі праектам пачало цікавіцца ўсё болей людзей, пачалася арганізацыя розных змаганняў для рэпераў са ўсёй Украіны. Батлы праходзяць звычайна ў Львове або Кіеве.

Ёсць некалькі меншых арганізатараў батлаў — заходнеўкраінскі WURB «UrbanLife» і львоўскія Banderstadt Battle (VERSUS).

Студыі гуказапісу[правіць | правіць зыходнік]

Прафесійных студый для запісу рэпу ва Украіне надзвычай мала. У большасці выпадкаў гэта ўласная студыя («на даму»). Запіс рэпу робяць некалькі студый: Santander Records (Львоў), Tanto Sound records (Львоў), Magic Music records (Львоў), VAGON Records (Львоў), Rec Me studio (Кіеў).

Украінскія рэп-выканаўцы[правіць | правіць зыходнік]

Цяперашнім часам сітуацыя з украінскім рэпам склалася даволі няпростая. Ніводная радыёстанцыя не транслюе ўкраінскіх выканаўцаў рэпу, і толькі дзякуючы падтрымцы фанаў большасць гуртоў застаецца ў індустрыі. Не зважаючы на гэта за часы 1-3 хваль была створана даволі вялікая колькасць гуртоў. Для выканаўцаў рэпу ён, пераважна, не асноўная крыніца даходаў. Аснова ўкраінскага рэпу — захад краіны.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]