Філіп дэ Шампень

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Копія аўтапартрэта мастака, музей Грэнобля

Філіп дэ Шампень (фр.: Philippe de Champaigne; 26 мая 1602, Брусель - 12 жніўня 1674, Парыж) — французскі мастак эпохі барока.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Бруселі ў беднай сям'і, стаў вучнем пейзажыста Жака Фук'ера. У 1621 г. перабраўся ў Парыж, дзе працаваў з Нікаля Пусэнам над упрыгожваннем Люксембургскага палаца пад кіраўніцтвам Нікаля Дзюшэнэ, на дачцы якога ён пазней жэніцца.

Пасля смерці цесця, які заступаўся за яго, Шампань пачаў працаваць для каралевы-маці Марыі Медычы, а таксама для кардынала Рышэльё, для якога ён упрыгожыў палац, царкву і іншыя будынкі. У 1648 г. стаў членам каралеўскай акадэміі жывапісу і адным з яе заснавальнікаў. Нароўні з Сімонам Вуэ з'яўляўся найбольш ушанаваным мастаком эпохі. З 1654 канкураваў з Шарлем Лебрэнам, удзельнічаў ва ўпрыгожванні палаца Цюільры пад яго кіраўніцтвам.

Да канца жыцця актыўна займаўся педагагічнай дзейнасцю. Не пакінуў друкарскіх прац, але захаваліся яго лекцыі і каментары, запісаныя ў 1660-х гадах Андрэ Феліб'енам.

«Патройны партрэт кардынала Рышэльё», 1637, Нацыянальная Галерэя, Лондан

З 1640 г. Шампань падпадае пад уплыў янсенізму. Пасля таго, як яго паралізаваная дачка цудоўнай чынам была загоена ў манастыры Пор-Раяль, у сценах якога яна жыла, Шампань напісаў нетыповую для яго працу — воціўную карціну «Ex-Voto de 1662», якая у наш час знаходзіцца ў Луўры, дзе ён намаляваў сваю дачку і маці-ігуменню. Сканаў мастак у Парыжы.

Працы[правіць | правіць зыходнік]

Шампань пакінуў досыць вялікую колькасць палотнаў, па большай частцы на рэлігійныя сюжэты, але з яго спадчыны найбольшую цікавасць для наступных пакаленняў уяўляюць партрэты, самымі знакамітымі з якіх апынуліся выявы Рышэльё. Таксама ён пісаў партрэты Мазарыні, Людовіка XIII, Кальбера, віконта Цюрэна, Карла II Англійскага, а таксама Блеза Паскаля, Вуацюра, архітэктараў Жака Лемерсье і Франсуа Мансара, і іншых значных асоб той эпохі.

У ранні перыяд творчасці знаходзіўся пад уплывам Рубенса, але з часам яго манера набывае большую сухасць і строгасць. У псіхалагічна завостраных, строгіх паводле стылю парадных партрэтах спалучаў рысы фламандскага рэалізму і ранняга французскага класіцызму. Яго партрэтны жывапіс у нашы часы шануецца вышэй рэлігійнага, які нічым не вылучаецца на фоне звычайных барочных палотнаў таго часу.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • БЭ ў 18 тамах. Т.17, Мн., 2003, С.366 // Філіп дэ Шампень
  • Rosenberg P. Philippe de Champaigne. Milano: Fratelli Fabbri, 1966
  • Dorival B. Philippe de Champaigne, 1602—1674: la vie, l'œuvre, et le catalogue raisonné de l'œuvre. Paris: L. Laget, 1976
  • Lesné Cl. Philippe de Champaigne et Port-Royal. Paris: Seuil, 1995
  • Marin L. Philippe de Champaigne, ou, La présence cachée. Paris: Hazan, 1995
  • Philippe de Champaigne, 1602—1674: entre politique et dévotion/ Alain Tapie, Pierre-Nicolas Sainte-Fare-Garnot, eds. Paris: Réunion des musées nationaux, 2007.