Швецыя ў Другой сусветнай вайне

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Швецыя ў час Другой сусветнай вайны трымалася нейтралітэту, што вымагала адмысловага ўнутранага рэжыму ў краіне і правядзення вялікай дыпламатычнай работы.

Прэм'ер-міністр Пэр Альбін Хансан, у сваёй прамове 27 жніўня 1939 года ў Скансэне, ацаніў гатоўнасць Швецыі да вайны як добрую. Меўся на ўвазе эканамічны бок, была назапашана важна сыравіна, бо галоўнай пагрозай у Швецыі лічылі магчымую блакаду краіны, як гэта было ў час Першай сусветнай вайны.[1] Што да ваеннага боку, то меры па ўмацаванні шведскай абароны, ажыццёўленыя ў 1936 годзе, яшчэ не прывялі да эфектыўных вынікаў. Таксама, ні ў якіх абарончых планах не разглядалася магчымасць, што Швецыі будзе пагражаць нямецкая армія з Нарвегіі.[2] Толькі ў 1938 годзе было прынята рашэнне пра будаўніцтва Сконскай умацаванай лініі, якое пачалося летам 1939 года.

З пачаткам вайны Германіі з Польшчай, 1 верасня 1939 года шведскі ўрад апублікаваў дэкларацыю пра нейтралітэт. Ужо пасля абвяшчэння Англіяй і Францыяй вайны Германіі, 3 верасня 1939 года, была апублікавана яшчэ адна дэкларацыя пра нейтралітэт.[1]

Напад СССР на Фінляндыю, 30 лістапада 1939 года, выклікаў у Швецыі ўнутрыпалітычны крызіс. Міністр замежных спраў Рыкард Сандлер быў больш рашуча настроены ў пытанні аказання дапамогі Фінляндыі, чым іншыя члены ўрада. Р. Сандлер быў вымушаны сысці ў адстаўку. Ужо 13 снежня 1939 года быў утворана кааліцыйны ўрад, які складаўся з прадстаўнікоў сацыял-дэмакратыі, Правай партыі, Народнай партыі і Сялянскага саюза. П. А. Хансан застаўся прэм'ер-міністрам. Міністрам замежных спраў стаў дыпламат Крысціян Гюнтэр.[3]

«Зімняя вайна» ў Фінляндыі моцна закранула пачуцці шведаў. Пад лозунгам «Справа Фінляндыі — наша справа» была арганізавана розная дапамога фінам, у т.л. былі сабраны сродкі і рэчы. Шведскі ўрад даў Фінляндыі значныя крэдыты, паставіў зброю. Быў створаны добраахвотніцкі корпус, які да канца вайны налічваў 12 тыс. чалавек. Рух салідарнасці патрабаваў таксама адпраўкі ў Фінляндыю рэгулярных войскаў, але ўрад адмовіўся ад гэтага. Добраахвотніцкі корпус не ўдзельнічаў у сур'ёзных аперацыях, але вызваліў фінскае войска ад нясення вартавой службы ў шырокіх прыгранічных раёнах Паўночнай Фінляндыі. «Зімняя вайна» скончылася 13 сакавіка 1940 года, Фінляндыя захавала незалежнасць, але страціла значную частку тэрыторыі.[4]

Менш чым праз месяц, 9 красавіка 1939 года, Германія напала на Данію і Нарвегію. Данія была акупавана ў адзін дзень, а нарвежцы аказалі супраціўленне. Нямецкія войскі трапілі ў цяжкае становішча на поўначы Нарвегіі, Германія патрабавала ад Швецыі дазволу на правоз зброі сваім вайсковым злучэнням, аднак шведскі ўрад адмовіў у гэтым. Пасля канца вайны ў Нарвегіі ўрад Швецыі прызнаў, аднак, што немцы адпраўлялі сваіх салдатаў на адпачынак ці перафарміраванне, карыстаючыся шведскай чыгункай.[4]

У 1940—1941 гадах Швецыя цярпела моцны ціск з боку Германіі і была вымушана ісці на зневажальныя ўступкі. Чым яны былі выкліканы — страхам перад нападам, бо абарона краіны была моцна аслаблена акупацыяй Даніі і Нарвегіі, ці тым, што пэўныя кругі шведскага грамадства імкнуліся да збліжэння з Германіяй, — выявіць нялёгка. І першая і другая прычына мелі месца, пры прыняцці рашэнняў на ўрадавым узроўні. Таксама мела месца і жаданне прадставіць, што адносіны паміж Швецыяй і Германіяй развіваюцца добра, на той выпадак, калі немцы перамогуць у вайне. Палітыка ўступак Швецыі падчас Другой сусветнай вайны з'яўляецца адной з самых вострых і дыскусійных тэм у шведскай гісторыі XX ст.[5]

Пад уражаннем ад нямецкіх перамог на кантыненце (акупацыя Францыі менш чым за шэсць тыдняў), 18 чэрвеня 1940 года шведскі ўрад задаволіў патрабаванне Германіі аб перавозцы нямецкіх салдатаў-адпускнікоў па шведскай чыгунцы. Пазней урад згадзіўся і на адпраўку нямецкіх рэзервістаў у Нарвегію. Гэты, г. зв. «адпускны транспарт» дзейнічаў з ліпеня 1940 года да жніўня 1943 года.[6] Гэта было адыходам ад палітыкі нейтралітэту. Пазней гэтая дамоўленасць стала тычыцца і транзіту ў Фінляндыю, т.б. на паўночны ўчастак савецка-германскага фронту[7]. У выніку за 1940—1943 гады па шведскай чыгунцы было перавезена 2 млн. 140 тыс. нямецкіх салдат і болей 100 тыс. вагонаў з нямецкімі ваеннымі грузамі[7]. Апроч гэтага, нямецкім самалётам было дазволена карыстацца пэўнымі зонамі паветранай прасторы Швецыі і дадзена права пасадкі на 12 аэрадромах[7].

Таксама шведскі ўрад згадзіўся прапусціць праз сваю тэрыторыю па шведскай чыгунцы цалкам узброеную нямецкую дывізію (каля 18 тыс. чалавек) з Нарвегіі ў Фінляндыю. Гэта было простым парушэннем нейтралітэту, пра які Швецыя абвясціла напачатку войны 1 верасня 1939 года. Рашэнню папярэднічала вострая дыскусія, галоўным чынам у сацыял-дэмакратычнай групе Рыксдагу. Спасылаючыся на пагрозу караля Густава V зрачыся стальца і на магчымы раскол кааліцыйнага ўрада, калі не будуць выкананы патрабаванні немцаў, П. А. Хансан здолеў сабраць групу, якая для захавання адзінства падтрымала рашэнне ўрада.[8]

У сваёй знешняй палітыцы Швецыя імкнулася прыстасавацца да новых суадносін сіл у Еўропе. Шведскі ўрад заклікаў шведскую прэсу быць асцярожнай у сваіх ацэнках падзей у свеце, каб не пагоршыць адносіны з Германіяй. Большая частка СМІ разумела праблемы і трымалася правіл строгай самацэнзуры, але некаторыя газеты адмовіліся ад гэтага і публікавалі антынацысцкія матэрыялы. Найбольш вядомымі ў гэтым сэнсе былі «Гётэбаргс хандэльс ош сёфартстыднінг», якая якую выдаваў Торгню Сегерстэт, і штотыднёвік «Тротэ Альт», які выдаваў пісьменнік, сацыял-дэмакрат Турэ Нерман. Свабодная прэса цярпела сістэматычны ціск. Выданні з матэрыяламі, якія маглі выклікаць раздражненне немцаў, канфіскоўваліся і знішчаліся або на іх транспарціроўку тыражалася забарона. Апошняя мера азначала, што газеты нельга было перавозіць па шведскай чыгунцы, т.б. стварала цяжкасці з распаўсюджаннем. Выдаўцы гэтых выданняў прыцягваліся да адказнасці. Галоўнай мэтай гэтых мерапрыемстваў было стрымліванне антынацысцкіх настрояў. Гэта палітыка дасягнула піку ў сакавіку 1942 года, калі не менш 17 газет было канфіскавана з-за змешчаных там артыкулаў пра катаванні немцамі членаў нарвежскага Супраціву. У 1943 годзе, калі немцы пачалі цярпець паражэнні, канфіскацыя газет спынілася. Абмежаванне свабоды слова падвяргалася моцнай крытыцы, пасля вайны, у 1949 годзе, паводле новага заканадаўства пра свабоду друку, палажэнні пра свабоду выказванняў былі ўзмоцнены. Аднак частка насельніцтва хацела збліжэння Швецыі з Германіяй, бо думала, што апошняя пераможа ў вайне. Саступкі, якія рабіліся немцам, разглядаліся імі як натуральнае прыладжванне пад будучага пераможцу. Лік нацыстаў у Швецыі быў невялікі, але ў перыяд перамог Германіі ў краіне існавала дружалюбнае ў адносінах да яе плынь грамадства. Аднак, гвалт, які чынілі немцы ў Даніі і Нарвегіі, рабіў гэтыя настроі не папулярнымі і яны іх не афішыравалі.[9]

Пасля нападу Германіі на Данію і Нарвегію, кантакты Швецыі з Захадам былі парушаны. Немцы паставілі мінныя загароды ў праліве Скагерак ад паўднёвага ўзбярэжжа Нарвегіі да паўночнага ўзбярэжжа Ютландыі. Марскі гандаль Швецыі быў моцна абмежаваны, яна стала залежаць ад імпарту з Германіі, адкуль увозіліся вугаль і кокс у якасці энерганосьбітаў, штучныя ўгнаенні для сельскай гаспадаркі і сыравіна для прамысловасці. У абмен Швецыя пастаўляла Германіі вялікую колькасць жалезнай руды, падшыпнікаў і лесаматэрыялаў. У канцы 1940 года шведскі ўрад урэшце дамовіўся з немцамі і брытанцамі пра абмежаванае суднаходства праз замінаваныя зоны. Гэта было гэтак званае гарантаванае суднаходства. Такім чынам, Швецыя змагла імпартаваць пэўныя важныя для яе тавары, першым чынам нафту, шкуры, скуру, а таксама такія «прадметы раскошы», як каву.[10]

Скарачэнне знешняга гандлю мела негатыўныя наступствы для шведскай эканомікі. Каб стрымаць інфляцыю, у 1942 годзе былі замарожаны цэны і заработная плата. Нягледзячы на цяжкасці, краіна змагла захаваць параўнальна высокі ўзровень жыцця. Падлічана, што рэальная заработная плата зменшылася на 10-15 %. Для пэўных груп насельніцтва, напрыклад сялян, блакада стварала магчымасць павялічваць цэны на свае прадукты. Цэны на прадукты падняліся прыкладна на 40 %.[11]

Мужчыны прызыўнога ўзросту рэгулярна выклікаліся на зборы для перападрыхтоўкі і атрымання ваеннай адукацыі, а таксама нясення службы берагавой аховы ў розных раёнах Швецыі. Нягледзячы на цяжкасці гэтых збораў, шмат для каго яны былі адцягненнем ад будзённага жыцця, пачуццё таварыства, сумесныя перажыванні выклікалі і па многіх гадах успаміны гэтых падзей з настальгічным пачуццём.[12]

Падчас вайны Швецыя стала інтэнсіўна ўзбройвацца. У 1936 годзе многія меркавалі, што 148 млн крон былі занадта вялікай сумай на абарону, але ў 1941—1942 гадах абаронны бюджэт дасягнуў 1846 млн крон. Ва ўрадзе ішлі вострыя дыскусіі, якім чынам фінансаваць хуткі рост абаронных выдаткаў. Сацыял-дэмакраты лічылі, што цяжар павінны несці ўсё ў адпаведнасці са сваімі прыбыткамі, т.б. каб багатыя плацілі прапарцыянальна больш, чым простыя працоўныя. Правыя ж лічылі, што хоць усё і павінны плаціць прапарцыянальную частку выдаткаў, але пры ўмове выплаты найбяднейшым кампенсацыі. Палітыку, якую праводзіў кааліцыйны ўрад, можна разглядаць як кампраміс. На найважнейшыя прадукты харчавання, такія, як масла і малако, уводзілася дзяржаўная датацыя для таго, каб рост цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю не занадта цяжка ўдарыў па найбяднейшым насельніцтве. Падатковы цяжар таксама ўзмацніўся падчас вайны. Да 1943 года разліковая велічыня падаткаў вырасла на 35 %. Для размеркавання дэфіцытных тавараў былі ўтвораны адміністрацыйныя органы ваеннага часу. Фактычна была ўведзена свайго роду планавая эканоміка, рэгулявалася ўсё гаспадарчае жыццё, ад ліберальнай рыначнай эканомікі ў значнай ступені адмовіліся.[13]

У завяршальны перыяд вайны шведаў у першую чаргу цікавілі падзеі ў суседніх паўночных краінах, глыбока абураў нямецкі тэрарыстычны рэжым у Нарвегіі і спробы нарвежскага нацысцкага лідара Відкуна Квіслінга прымусіць нарвежцаў падпарадкавацца нацызму. У Швецыі таксама сачылі за развіццём падзей у Даніі. Дзякуючы супрацоўніцтву паміж дацкімі палітыкамі і шведскім урадам практычна ўсё яўрэйскае насельніцтва Даніі змагло перабрацца ў Швецыю ў кастрычніку 1943 года, тым самым яно пазбегла высылкі ў канцэнтрацыйныя лагеры і знішчэння. З 1943 года датчане і нарвежцы, якія пераехалі ў Швецыю, атрымлівалі ваенную адукацыю ў адмыслова арганізаваных лагерах. Меркавалі, што яны мусяць у канцы вайны прыняць удзел у баявых дзеяннях па вызваленні сваіх краін і аднаўленні там парадку. У лютым 1945 года нарвежскі ўрад, які знаходзіўся ў Лондане, выказаў пажаданне, каб і шведская армія была гатова ўступіць у Нарвегію для раззбраення немцаў. Шведскі штаб абароны з восені 1942 года распрацоўваў планы дзеянняў у Нарвегіі і Даніі. Але ўрад, як і раней, трымаўся асцярожнасці. Меркавалі, што складалася спрыяльная магчымасць для мірнага завяршэння нямецкай акупацыі ў Нарвегіі і Даніі. Шведскае ўмяшанне было б у такім разе залішнім. Так і здарылася, нямецкія войскі капітулявалі за два дня да канца вайны ў Еўропе.[14]

У апошні год вайны ў Швецыю кінуліся ўцекачы з Германіі і Прыбалтыкі. У чэрвені 1945 года СССР запатрабаваў, каб Швецыя выдала ўсіх асоб, якія прыбылі туды ў нямецкай ваеннай форме. Такіх было каля 2 тыс. чалавек, пераважную частку складалі немцы, але было і каля 100 асоб з прыбалтыйскіх краін. Шведскі ўрад адмовіўся выдаць 30 тыс. цывільных асоб, уцекачоў у Швецыю. Што да прыбалтаў, якія прыбылі ў Швецыю ў нямецкім абмундзіраванні, урад лічыў сябе звязаным абавязкамі, узятымі перад саюзнікамі яшчэ да канца вайны, што гэта катэгорыя асоб будзе выслана ў месцы свайго пражывання. Урад імкнуўся ўсталяваць даверныя адносіны з СССР пасля вайны і баяўся, што адмова будзе ўспрыняты негатыўна. Але грамадская думка ў Швецыі была супраць выдачы прыбалтаў. Баяліся, што гэтыя людзі будуць жорстка пакараны ў СССР, аднак, урад заставаўся цвёрдым у сваім рашэнні. У канцы 1946 года 145 чалавек з Прыбалтыкі былі выдадзены савецкім уладам. Многія лічаць гэты факт плямай на рэпутацыі Швецыі.[15]

На працягу вайны Швецыя была арганізатарам некалькіх гуманітарных акцый. У 1942 годзе — паставак хлеба ў Грэцыю, дзе насельніцтва цярпела ад голаду. Такую ж дапамогу атрымалі і Нідэрланды. Значны ўклад у выратаванне яўрэяў ад нацысцкага пераследу зрабіў у 1944 годзе ў Венгрыі шведскі дыпламат Рауль Валенберг. Фольке Бернадот, віцэ-старшыня шведскага Чырвонага крыжа, у канцы вайны вёў перамовы з нацысцкім лідарам Г. Гімлерам пра вызваленне нарвежскіх і дацкіх удзельнікаў Супраціву з нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў, паступова Гімлер пагадзіўся на гэта. Вызваленыя перавозіліся ў Швецыю на так званых «белых аўтобусах». Пазней і іншыя зняволеныя вывозіліся на гэтых аўтобусах і атрымлівалі прытулак у Швецыі.[15]

7 мая 1945 года прыйшло паведамленне, што Германія капітулявала, вайна ў Еўропе завяршылася. «Уражанне, што бясконцы кашмарны сон урэшце скончыўся», — сказаў прэм'ер-міністр у сваёй прамове па радыё. Для паўночных суседзяў Швецыі вайна была цяжкім выпрабаваннем. Швецыя дзякуючы сваёй асцярожнай палітыцы здолела даволі лёгка перажыць гэты час. Фінляндыя страціла 80 тыс. чалавек. З тых, каму было 20-25 гадоў напачатку войны, 10 % загінула. У канцы вайны без бацькоў у Фінляндыі засталося 50 тыс. дзяцей. Нарвегія падчас вайны страціла 10 тыс. чалавек, большасць з іх былі маракамі на гандлёвых суднах. У гады вайны загінула і шмат маракоў-шведаў.[16]

Вайна спрыяла пэўнаму згладжванню класавых адрозненняў у Швецыі. У працяглых ваенных зборах удзельнічалі людзі розных грамадскіх пластоў. У гады вайны мацней былі выяўлены нацыянальныя пачуцці, што спрыяла адчуванню адзінства.[17]

Таксама, вайна прычынілася да больш вольных формаў адносін паміж паламі. Кансерватыўныя кругі выступалі супраць гэтага. Вострая дыскусія разгарнулася па пытанні пра гэтак званую «шкоду ад танцпляцовак». Лічылася, што праз танцпляцоўкі ідзе заахвочванне злоўжывання алкаголем і сексуальная распушчанасць.[17]

Палітычнае жыццё ў цэлым была спакойным. Тры разы ў час вайны ў Швецыі праходзілі выбары: у 1940, 1942 і 1944 гадах (у 1942 годзе прайшлі мясцовыя выбары). Выбары 1940 года прайшлі з вялікім поспехам для сацыял-дэмакратаў, якія атрымалі каля 54 % галасоў, найвялікшы паказчык калі-небудзь атрыманы ў гісторыі шведскай сацыял-дэмакратыі. Казалі, што народ галасаваў за Пэра Альбіна Хансана, таму што ён, па меркаванні многіх, выратаваў Швецыю ад вайны. Важнай прычынай таго, што Швецыя не ўдзельнічала ў ваенных дзеяннях, была адсутнасць у Германіі, пасля акупацыі Даніі і Нарвегіі, матываў для нападу. Швецыя цікавіла Германію галоўным чынам як пастаўшчык жалезнай руды. Прычынамі нападу Германіі 9 красавіка 1940 года на Данію і Нарвегію была засцярога ад магчымага блакіравання брытанцамі шведскіх транспартаў з рудой у Германію. У 1940—1944 гадах Швецыя вывезла ў Германію 38 млн тон жалезнай руды.[18]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Краминов Д. Ф. В орбите войны: Записки советского корреспондента за рубежом. 1939—1945 годы. — Издание 2-е, дополненное. — М.: Советская Россия, 1986. — 400 с. Тираж 100 000 экз. / Первое издание: М.: Советская Россия, 1980.
  • Мелин Я., Юханссон А. В., Хеденборг С. История Швеции / Перевод с швед. яз. Н. С. Плевако. — М.: Весь мир, 2002. — 400 с. — (Национальная история). — ISBN 5-7777-0164-7.
  • Чернышева О. В. Швеция в годы Второй мировой войны: Экономика, политика, рабочее движение. — М.: Наука, 1980. — 381 с.