Вежа пажарнага дэпо (Гродна)
Славутасць | |
Вежа пажарнага дэпо | |
---|---|
| |
53°40′40″ пн. ш. 23°49′29″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Дата пабудовы | 1902 год |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вежа пажарнага дэпо – помнік архітэктуры канца 19 – пачатку 20 ст. Знаходзіцца па адрасе: Гродна, вуліца Замкавая, 19, непадалёку ад Старога замку. Будынак захаваў сваё гістарычнае прызначэнне: цяпер яго займае пажарная аварыйна-выратавальная частка №1 Леніскага раёна г. Гродна.
Пабудавана ў 1902 з цэглы, з элементами эклектыкі. Чатырохгранная са срэзанымі гранямі шасціярусная вежа ўзвышаецца над аднапавярховым будынкам дэпо - службовым памяшканням і боксам для пажарных машын). Ярусы выдзялены прафіляванымі паясамі. Незвычайнасць ярусам надаюць аконныя праёмы (лучковыя, спічастыя, арачныя, прамавугольныя і круглыя). Верхні ярус – сматравая тэраса з шатравым падстрэшкам на металічным каркасе і ажурная каваная агарожа. Элементы архітэктурнага дэкору (профілі, сухарыкі, ліштвы праёмаў) вырашыны сродкамі фігурнай муроўкі. Унутры вежы – шматмаршавая лесвіца.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Будынак вядомы, як былы флігель каралеўскіх канюшняў, Пажарная каманда, Вольнае пажарнае таварыства, пажарнае дэпо. Быў пабудаваны паміж 1783 і 1793 як адзін з жылых флігеляў каралеўскай стайні. Магчымым архітэктарам праекта будынка лічыцца Д. Сака. Будынак быў перабудаваны пасля пажара 1899: паніжаны дах, дахоўка заменена бляхай, заменена сталярка вокнаў.
Сам участак, на якім стаіць дэпо, быў забудаваны яшчэ ў раннім сярэднявеччы. Згодна матэрыялам археалагічных раскопак раён дэпо быў заселены ўжо ў XI ст. Лічыцца, што тут ў XII ст. на тэрыторыі старажытнага пасада была ўзведзена так званая Малая царква, што ўскосна пацвярджаюць вынікі археалагічных раскопак, праведзеных у 1987 Аляксандрам Краўцэвічам. Падчас іх на згаданым участку быў зафіксаваны багаты культурны слой XII ст. На яе думку вядомай даследчыцы А. Квітніцкай, «манастырык на Падзамчы» (Малая царква з манастыром) знаходзілася на невысокім ўзгорку сярэднявечнага пасада, на поўнач ад Старога замка, гэта значыць каля і ці на месцы сучаснага пажарнага дэпо. Першае ўпамінанне пра Малую царкву і «малы папоўскі манастырык» паходзіць з фальсіфікату прывілея Вітаўта на правы і свабоды гродзенскіх яўрэяў 1389, які быў складзены ў першай палове XVI ст. Па меркаванню Квітніцкай выява Малой царквы была зафіксавана на медзярыце Адэльгаўзера-Цюндта 1567—1568. Згодна гравюры гэта была невялікая па аб'ёме, аднанефная мураваная царква, крытая двухскатным дахам, з цыліндрычным барабанам з невялікім купалам. Каралеўскія рэвізоры, якія ў канцы XVII ст. склалі спіс уладальнікаў нерухомай маёмасці горада і забудовы гарадскіх плошчаў, зафіксавалі факт знішчэння манастыра з царквой маскоўскімі войскамі ў сярэдзіне гэтага ж стагоддзя. У гэтым інвентары захавалася сціплая згадка аб тым, што на пляцы знаходзіўся «малы папоўскі манастырык пад замкам». На плане 1753 у раздзеле легенды плана «Спецыфікацыя. Што яшчэ з будынкаў засталося стаяць» пад літарай «h» пазначаны пляц «рускага папа з юрысдыкай i будынкам», што азначае, што участак з'яўляўся ўласнасцю ўніяцкай царквы. Апошняя згадка пра царкву паходзіць да 1783, калі на пляцах пачалося ўзвядзенне каралеўскай канцылярыі ды стайняў.
Выява стайняў была змешчана на плане горада 1798, на якім яны пазначаны пад № 14. На французскім плане 1812 будынак пазначаны як «стайня замка, які выкарыстоўваецца як фуражны склад». У легендзе плана горада 1823—1831, а таксама 1824 стайні названы мураванымі. Паводле апісання плана Гародні 1831, стайні з двума флігелямі былі заняты «шпіталем і рознымі шпітальнымі рэчамі». Паводле тлумачэння плана горада 1882 у будынках стайняў мясціўся летні шпіталь.
У пачатку XX ст. на ўчастку было ўзведзены будынак пажарнага дэпо, які быў завершаны к 1902. Комплекс пажарнай часткі горада быў пабудаваны ў форме карэ. Галоўны, паўднёвы фасад комплексу з боку вуліцы Замкавай складаўся з сучаснага дома № 17, № 19 і пажарнай каланчы, якія злучаў аднапавярховы будынак з ўездамі для пажарных машын. З захаду, з боку Старога замка, знаходзіўся аднапавярховы фасад. З боку Гараднічанкі і сучаснай вуліцы Траецкай праходзіў мур. У паўночнай частцы комплекса мясцілася драўляная трэніровачная вежа. На плане 1903 побач са збудаваннямі даўніх каралеўскіх стайняў бачны скарочаны подпіс вуліцы ці завулка «Пожар.», што дадаткова сведчыць аб размяшчэнні тут пажарнага дэпо.
Будынак паспяхова перажыў ваенныя ліхалецці 20 стагоддзя.
У верасні 2006 пачалася рэканструкцыя дэпо, падчас якой былі знойдзены чалавечыя косткі. Па выніках праведзеных археалагічных раскопак было закладзена 9 шурфоў розных памераў, у якіх былі знойдзены чалавечыя рэшткі, што сведчыць што раней тут знаходзіліся старыя познесярэднявечныя гарадскія могілкі. Было знойдзена шмат керамікі ў вельмі шырокім часавым дыяпазоне (ад XI да XX стагоддзя), а таксама выяўлены магутныя сярэднявечныя падмуркі (магчыма Малой царквы). Падчас разборкі даху будынка, што прымыкае непэсрэдна да пажарнай каланчы, пад перакрыццямі адшуканы дакументы і выданні нейкага аддзела Арміі Краёвай, схаваныя там у канцы 1943.
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- Будынак пажарнай вежы быў найбольш "нелюбімым" будынкам знакамітага гродзенскага гісторыка Ю. Ядкоўскага. Па яго меркаванні "абрысы гэтай вежы, якая заўсёды нешта нагадвае, перадусім пачварную "архітэктуру" (калі можна так сказаць) захопнікаў". Таму Ядкоўскі даказваў неактуальнасць існавання пажарнай вежы ў горадзе і прапаноўваў у выпадку патрэбы перанесці назіральны пажарны пункт на званніцу Фары Вітаўта, а саму вежу разабраць, а з яе цэглы ўзвесці гаспадарчыя будынкі для пажарнікаў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. 370 с. ISBN 978-93-61617-77-8.
- Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И.П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вежа пажарнага дэпо (Гродна)
- Вежа пажарнага дэпо (Гродна) на сайце «Архіварта»