Перайсці да зместу

Бітва пры Гастынгсе: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Artificial123 (размовы | уклад)
Новая старонка: '{{Узброены канфлікт |канфлікт = Бітва пры Гастынгсе |частка = Нармандскае заваяв...'
(Няма розніцы)

Версія ад 12:37, 15 лістапада 2014

Бітва пры Гастынгсе
Асноўны канфлікт: Нармандскае заваяванне Англіі
Смерць Гаральда ў бітве. Малюнак з дывана Баё
Смерць Гаральда ў бітве. Малюнак з дывана Баё
Дата 14 кастрычніка 1066
Месца Гастынгс, Англія
Вынік Сканчэнне нармандскай навалы. Вільгельм становіцца каралём Англіі
Праціўнікі
Нармандыя
наёмнікі
Англія
Камандуючыя
Вільгельм Нармандскі Гаральд II
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бі́тва пры Га́стынгсе (англ.: Battle of Hastings) — бітва, якая адбылася 14 кастрычніка 1066 года, дзе ў рашучай барацьбе нарманы на чале з герцагам Вільгельмам I здолелі перамагчы сілы англасаксаў і канчаткова захапіць Англію. Бітва адбылася на ўзгорку Сенлак[1], прыблізна за шэсць міль на паўднёвы захад ад Гастынгса, каля сучаснага мястэчка Бэтл у графстве Усходні Сасекс.

У выніку бітвы англійскі кароль Гаральд II быў забіты. Паводле падання, ён быў смяротна паранены стралой у вока. Пасля перамогі пад Гастынгсам герцаг нармандскі Вільгельм стаў каралём Англіі, цалкам падпарадкаваўшы сабе краіну.

Падзеі, што адбываліся да бітвы, падчас і пасля яе, апісвае знакаміты дыван Баё[2]. У 1095 годзе у час чарговай гадавіны ля месца сутычкі было пабудавана Бэтлскае абацтва.

Перадумовы

Першыя падзеі

Стыганд. Арцыбіскуп Кентэрберыйскі. Выява з дывана Баё

Ангельскі кароль Эдуард Спавяданнік правёў у Нармандыі 28 гадоў у свайго дзядзькі Рычарда II, герцага Нармандыі, перад тым, як у 1042 годзе стаў каралём Англіі. Ня маючы дзяцей, Эдуард на словах абяцаў карону Англіі свайму кузену Вільгельму[3], герцагу Нармандыі, у 1051 годзе[4], але ў апошні час перад смерцю змяніў рашэнне і паабяцаў трон брату сваёй жонкі Гаральду Годвінсану. Гаральда таксама падтрымаў Вітэнагемот, што абраў яго каралём Англіі, але Вільгельм з гэтым не жадаў згаджацца.

На той момант Англія пераўзыходзіла Нармандыю па моцы, але Вільгельму ўдалося прыцягнуць на свой бок шмат наёмнікаў. Гэтаму паспрыялі абяцанні шчодрай узнагароды пры ўдалым развіцці падзей. Але ня меншую ролю сыграла сітуацыя вакол пасады арцыбіскупа Кентэрберыйскага.

Арцыбіскуп Кентэрберыйскі

Вакол гэтай пасады разгарнуліся спрэчкі англасаксонскага двара Англіі з папствам, што было выкарыстана герцагам нармандскім Вільгельмам. У 1052 годзе падчас рэстаўрацыі Годвіна нармандскі ўплыў быў амаль што скасаваны, так, напрыклад, быў зняты з пасады арцыбіскупа Кентэрберыйскага Гіём Жуміескі[5]. Ягонае месца заняў стаўленнік Годвіна Стыганд. Але прызначэнне прайшло без удзелу папы, што азначала вялікае парушэнне канонаў. Новы арцыбіскуп быў адлучаны ад царквы. Гэтая падзея не абышла ўвагу Вільгельма, і ён падахвоціўся стаць заступнікам царквы ў Англіі. Падтрымка Вільгельма папам дазволіла нарманам сабраць нашмат больш добраахвотнікаў да навалы на востраў.

Падстава да прэтэнзіі на англійскую карону

У наш час цяжка меркаваць, ці мела падставу дамаганне Вільгельма да англійскай кароны. Абгрунтаванне прэтэнзіі спарадзілася пазней пераважна французскімі хранікёрамі[6], накшталт Гіёма Жуміескага і Гіёма Пуат’е. Але можна пагадзіцца, што такая падстава магла існаваць, бо калі Кнуд Вялікі панаваў у Англіі, англасаксонская каралеўская сям’я перабралася на кантынент, дзе знайшла прытулак у Нармандыі. У падзяку Эдуард, не маючы дзяцей, мог паабяцаць карону Вільгельму.

Да гэтага часу ў англасаксонскай прававой практыцы не існавала выпадкаў такой перадачы стальцу (па клятве). Паводле звычаю, спадчынаваць мог толькі старэйшы сын, таксама прызначаць на пасаду караля мог Вітэнагемот і, нарэшце, уладу можна было захапіць сілком.

Але ў Нармандыі існавала іншая сістэма. Яшчэ з часоў Рола валадар перад смерцю называў імя свайго наступніка, таму і Вільгельм, імаверна, успомніўшы былую клятву, лічыў, што законна прэтэндуе на трон.

Гаральд Суровы і нарвежскае ўварванне

У той час, калі Вільгельм быў гатовы ў зручны момант выступіць у паход, на выспах з'явіўся нарвежскі кароль Гаральд Суровы са сваім войскам. Гаральд Нарвежскі таксама прэтэндаваў на англійскі трон, падстава на гэта ўзнікла, як лічыцца, паводле дамовы ягонага бацькі Магнуса з Хардэкнудам. У дамове значылася, што калі хтосьці з іх адыдзе на іншы свет не пакінуўшы спадчыннікаў, то другі становіцца наступнікам нябожчыка на ягонай пасадзе.

Да войска вікінгаў далучыўся брат Гаральда (англійскага караля) Тостыг Годвінсан[7]. Напачатку скандынаўскае войска не мела перашкод, яно з поспехам правяло бітву пры Фулфардзе, але праз некалькі дзён было разбітае войскам Гаральда Годвінсана ў бітве пры Стэмфард Брыджы 26 верасня 1066 году[8]. Праз тры дні пасля бітвы Вільгельм Заваёўнік высадзіўся на востраве.

Англійскае войска

Склад

Гаральд атрымоўвае звестку аб нармандскай навале

Ужо праз тры тыдні пасля бітвы ля Стэмфард Брыджу англійскае войска знаходзілася ля Гастынгса. Войска Гаральда накіроўвалася да месца праз Лондан, дзе змагло набраць падмацаванне[9]. Такі хуткі перакід войскаў відавочна не быў на карысць Гаральда, але часу адпачыць у яго не было.

Англійскае войска складалася толькі з пяхоты, але імаверна, што некаторыя альбо ўсе воіны прыбылі да месца, седзячы ў сядле. Аснову войска складалі прафесійныя жаўнеры хускарлы, дружыннікі караля, якіх налічвалася ад тысячы да паўтары тысячы чалавек[10]. Яны былі добра экіпіраванымі, мелі шалом канічнай формы, кальчугу й кроплепадобны шчыт. Асноўнай зброяй была двуручная дацкая сякера, нягледзячы на тое, што кожны зь іх нядрэнна валодаў мячом.

Аднак большую частку войска складалі так званыя фірды (альбо міліцыя), землеўласнікі, што мусілі несці часовую службу ў войску караля некалькі месяцаў штогод[11]. Прычым даспехі і зброю яны забяспечвалі сабе самі.

Гаральд спадзяваўся на сваю ўлюбёную тактыку — шчытавая сцяна, калі ўсе жаўнеры ў шыхце змыкалі свае шчыты.

Спіс удзельнікаў

Спіс вядомых удзельнікаў бітвы з англійскага боку[12]:

  • Гаральд II — кароль Англіі
  • Леафўін — брат Гаральда, эрл Кента.
  • Гірт — брат Гаральда, эрл Эсекса.
  • Гаркон — кузен Гаральда, быў у палоне ў Вільгельма з 1052 па 1064 гады.
  • Эльфвіг — дзядзька Гаральда, абат Вінчэстэра.
  • Леофрык — абат Пітэрбара.
  • Годрык — шэрыф Фыфілда (Беркшыр).
  • Эсэгар — шэрыф Мідлсекса.

Нармандскае войска

Склад

Герцаг Нармандыі Вільгельм

Войска Вільгельма складалася з лучнікаў, пяхоты і кавалерыі. Нармандскае войска было прадстаўлена панствам і наёмнікамі з розных тэрыторый. Былі прадстаўнікі непасрэдна Нармандыі (каля паловы ад агульной колькасьці), Фландрыі, Брэтані (трэцяя частка войска), Францыі (пераважна з Парыжу) й некалькіх атрадаў з паўднёвай Італіі.

Ядро нармандскага войска складала кавалерыя, якая лічылася на той час найлепшай у Еўропе. Яна была цяжка экіпіраванай, а самі коннікі звычайна карысталіся дзідай альбо мячом, мелі круглыя, але па большай частцы кроплепадобныя драўляныя шчыты з металічнымі ўстаўкамі[13]. Нармандская пяхота, імаверна, была экіпіравана кальчугай, але наўрад ці ўся[14], а таксама карысталася дзідай, мячом і шчытом, як і англічане.

Вялікая колькасць лучнікаў у войску Вільгельма адпавядала еўрапейскай тэндэнцыі ў той час на выкарыстанне розных відаў войскаў на полі бітвы. А выкарыстанне лучнікамі Вільгельма арбалетаў ёсць першай такой з'явай у англійскай гісторыі.

Спіс удзельнікаў

Спіс вядомых удзельнікаў бітвы з нармандскага боку[15]:

  • Вільгельм — герцаг Нармандыі.
  • Ода з Баё — зводны брат Вільгельма, епіскап Баё.
  • Эўстах II — граф Булоні, сваяк Эдуарда Спавяданніка.
  • Робэрт дэ Мартэн — граф Мартэна, родны брат Ода й зводны брат Вільгельма.
  • Ральф дэ Тосні — зводны брат Вільгельма.
  • Вільгельм дэ Эўро — кузен Вільгельма й зводны брат Ральфа дэ Тосьні, граф Эўро.
  • Робэрт дэ Віто

Перад бітвай

Як піша Уільям Мальмсбэрыйскі, англы ўсю ноч не змыкалі вачэй, яны распявалі песьні й п’янствавалі, а раніцою рушылі на ворага трыма клінамі[16], прычым у першых шэрагах знаходзіліся хускарлы дзеля арганізацыі больш трывалай шчытавой сьцяны, за імі размяшчаліся фірды[17]. Сам кароль стаяў ля сцяга са сваімі братамі, каб пры агульнай для ўсіх небяспецы ніхто й не падумаў аб дэзерцірстве[18].

Нарманы ж усю ноч правялі ў споведзі ў грахах сваіх. Раніцою пяхота з лучнікамі склалі авангард. На левым флангу размяшчаліся брэтонцы, фламандцы размяшчаліся з правага боку, цэнтр занялі нарманы[19]. Коннікі, раздзяліўшыся па флангах, размясціліся ў ар’ергардзе, за спінамі пяхоты[20].

Поле бойкі. Выгляд з нармандскай пазыцыі

Бітва

Герцаг Вільгельм забівае караля Гаральда. Выява канца XIII стагоддзя.

Паводле задумкі Вільгельма, спачатку лучнікі мусілі паслабіць англаў, зрабіўшы іхнія шэрагі радзейшымі, а потым пяхота з удзелам кавалерыі павінны былі змяць праціўніка. Але падзеі адбываліся не так добра, як гэта планіравалася.

На загад Вільгельма лучнікі пачалі абстрэл пазіцыі англічан, але значных поспехаў гэта не прынесла, як на тое спадзяваўся Вільгельм, бо стрэлы проста адляталі ад шчытоў жаўнераў. Гэта стала магчымым з-за выкарыстання англічанамі тактыкы шчытавой сцяны, што ўжывалася англамі яшчэ з часоў Альфрэда Вялікага[21]. Нарманцы, палічыўшы, што ўсё ідзе па плану, распачалі атаку пяхотай на англаў.

Смерць караля Гаральда

Англічане ж знаходзіліся на ўзгорку, што несумненна з'яўлялася перавагай. Пры набліжэнні сіл праціўніка англічане пачалі закідваць іх камянямі й кідальнымі дзідамі, што прывяло да цяжкіх стратаў сярод нарманаў[22]. Калі нарманы ўсё ж такі наблізіліся да англаў, пачалася рукапашная бітва, дзе вельмі добра сябе паказалі хускарлы. Цяжка прыйшлося й кавалерыі Вільгельма. Коні, не звыклыя да пад’ёму на круты ўзгорак і пад нападам англасаксаў, пачалі панікаваць. Між тым страты нарманаў працягваліся.

Праз гадзіну пасля пачатку бітвы брэтонскія дывізыі на левым флангу Вільгельма пачалі слабець, а празь нейкі час сталі ўцякаць з узгорку[23]. За брэтонцамі пачалі адступаць нармандцы й фламандцы. Многія сотні англічан кінуліся ў пагоню за імі, у асноўным гэта былі фірды, тым самым сапсаваўшы шыхт. Сярод іх былі браты Гаральда, Леафўін і Гірт[24]. У наступнай бітвы быў забіты баявы конь Вільгельма, і сярод ягоных жаўнераў прайшла пагалоска, што герцаг забіты. Нармандскія войскі кінуліся на ўцёкі, і толькі пасля таго, як Вільгельм скінуў з сябе шалом, уцёкі скончыліся[25].

Вільгельм з групоўкай рыцараў змог правесці ўдалую контратаку сваіх пераследнікаў, што ўжо не знаходзіліся пад аховай шчытавой сьцяны. Многія фірды загінулі, як і браты Гаральда. Толькі некаторыя змаглі вярнуцца на ўзгорак зноўку. Усталявалася кароткае зацішша, падчас якога англічане й нарманы змаглі перагрупавацца.

Вільгельм паспрабаваў яшчэ раз атакаваць пазіцыі ворагаў на ўзгорку. Але на гэты раз ён меў перавагу, бо англічанам не хапала жаўнераў, каб пабудаваць моцную шчытавую сцяну. У выніку шмат хускарлаў было забіта. Вільгельм таксама даў загад сваім лучнікам страляць па англічанам у апошнія рады, каб не забіць сваіх людзей. У гэты час, паводле падання, выпадковай стралой быў забіты альбо паранены Гаральд. Але фактаў на гэты конт мала, бо галоўным чынам гэтая падзея была ўзята з выявы дывана Баё[26].

Вільгельм распачаў новы ўдар па англічанам, і гэтым разам нарманы змаглі знайсці дзірку ў пазіцыях Гаральда, яны працягвалі насядаць, і англійскія рады пачалі развальвацца. Вільгельм з невялікай групоўкай праламіўся праз шчытавую сцяну й забіў караля[27][28]. Без свайго лідара і чалавека, які бы змог замяніць яго, многія фірды кінуліся на ўцёкі. Толькі хускарлы працягвалі трымаць сваю клятву перад каралём і адважна змагаліся, пакуль не былі ўсе перабітыя[29].

Наступствы

Толькі невялічкія атрады абаронцаў змаглі ўратавацца ў лесе. Некаторыя з нарманаў спрабавалі пераследваць іх, але былі перабіты англічанамі ў зацьменні, гэтая падзея пазней атрымала назву «Мэлфос» альбо «Дрэнны раўчак»[30]. Вільгельм адпачываў са сваім войскам два тыдні каля Гастынгса й чакаў, калі ангельскія лорды прыйдуць і падначаляцца яму. Калі ягоныя надзеі не спраўдзіліся, ён рушыў да Лондана[31]. Ягонае войска было сур’ёзна падбіта эпідэміяй дызентэрыі, а сам Вільгельм цяжка захварэў. Нармандскае войска папоўнілася жаўнерамі, што пераплылі цераз Ла-Манш. Празь некаторы час Лондан здаўся, і англійскія лорды прызналі Вільгельма каралём Англіі.

25 снежня 1066 года на раство Хрыстова ў Вэстмінстэрскім абацтве адбылося каранаванне Вільгельма[32].

У выніку нармандскай навалы была зруйнавана старажытная англасаксонская дзяржава, а на зьмену ёй прыйшла цэнтралізаваная феадальная манархія з моцнай каралеўскай уладай, што абапіралася на рыцарства й васальна-ленную сістэму.

Спадчына

Мемарыяльная дошка ў памяць бітвы й зліцця англійскага й нармандскага народаў

Манастыр Бэтлу быў пабудаваны на месцы бітвы. Мемарыяльная дошка адзначае месца, дзе Гаральд, як мяркуюць, упаў і месца, дзе калісьці стаяў алтар царквы. Пасяленне Бэтл вырасла вакол манастыра й цяпер гэта маленькае мястэчка. Бітва пры Гастынгсе з'яўляецца прыкладам выкарыстання камбінаванага войска. Нармандскія лучнікі, кавалерыя й пяхота, супрацоўнічаючы, змаглі надламіць англійскую ініцыятыву й перамагчы аднастайнае англійскае войска.

Цалкам магчыма, што гэта тактычная складанасць дзеянняў нарманаў існавала ў першую чаргу ў свядомасці нармандскіх летапісцаў. Апісанне бітвы прыведзенае ў ранніх крыніцах, як то «Песня пра бітву пры Гастынгсе», з'яўляецца той крыніцай, дзе пазначаецца, што прасоўванне нарманаў з'яўляецца сюрпрызам для англічан, якім удалося хутчэй заняць узгорак за нарманаў.

Сярод іншых крыніц, якія згадваюць бітву, варта адзначыць працы нармандзкага хранікёра Гіёма Пуат’е, напісаныя паміж 1071 і 1077 гадамі, дыван Баё, створаны паміж 1070 і 1077 гадамі, а таксама значна пазнейшыя «Кроніка абатства Бэтла», летапісы напісаныя Уільямам Мальмсберыйскім, працы Фларэнса Вустэрскага і твор Эадмера «Historia Novorum».

Наступствы Бітвы пры Гастынгсе аказалі велізарны ўплыў на англійскую мову. Нарманы карысталіся французскай мовай, і ў выніку іхняга панаваньня, шмат французскіх слоў пачалі ўжывацца мясцовай шляхтай і ў канчатковым выніку сталі часткай англійскай мовы. Як піша Пол Дэвіс: «Перамога Уільяма ёсць узыходам замежнага кіраўніка на пасад Англіі, якія прадстаўляў еўрапейскае, а не скандынаўскае грамадства на ізаляваным востраве» ў «апошнім паспяховым уварванні ў Англію»[33].

Заўвагі

  1. Robert Gunn, Kim Siddorn, October 1995 (англ.). Regia Anglorum (23 кастрычніка 2010).
  2. The Bayeux Tapestry (англ.). My Battle of Hastings: 14 Oct 1066 (23 кастрычніка 2010).
  3. Абяцаньне Эдўарда (англ.). Camelot International: Britain's Heritage and History (23 кастрычніка 2010).
  4. William = Дамаганьне Вільгельма да ангельскага трону (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  5. Altering the records = Зьмяненьне фактаў (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  6. Did William have a valid claim? = Ці меў Вільгельм абаснаваньне на дамаганьне? (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  7. Сага аб Гаральдзе Суровым. разьдзел 89. (англ.). Heimskringla or The Chronicle of the Kings of Norway (23 кастрычніка 2010).
  8. Сага аб Гаральдзе Суровым. разьдзел 96. (англ.). Heimskringla or The Chronicle of the Kings of Norway (23 кастрычніка 2010).
  9. Каляндар падзеяў. 6 кастрычніка (англ.). My Battle of Hastings: 14 Oct 1066 (23 кастрычніка 2010).
  10. Harold’s Men = Людзі Гаральда (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  11. The Fyrd = Фірды (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  12. List of those we do know were involved (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  13. The Cavalry = Кавалерыя (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  14. Foot Soldiers = Пяхота (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  15. William’s Forced = Войска Вільгельма (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  16. The Battle of Hastings (англ.). British History in-depth (23 кастрычніка 2010).
  17. Lull Before The Storm = Зацішша перад бурай (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  18. «История английских королей». Вилиям Мальмсберийский. Книга 3. Раздел 241 (руск.). Восточная Литература (23 кастрычніка 2010).
  19. March North = Рух на поўнач (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  20. «История английских королей». Вилиям Мальмсберийский. Книга 3. Раздел 242 (руск.). Восточная Литература (23 кастрычніка 2010).
  21. Shield wall = Шчытавая сьцяна (англ.). Search.com (23 кастрычніка 2010).
  22. The High Ground = Узгорак (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  23. Military History Companion. Battle of Hastings (англ.). Answers.com (23 кастрычніка 2010).
  24. Military History Companion. Battle of Hastings (англ.). Answers.com (23 кастрычніка 2010).
  25. No, I Am Not Dead = Не, я не забіты (англ.). Battle of Hastings 1066 (11 верасьня 2010).
  26. Harold Is Dead = Гаральд забіты (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  27. The Battle of Hastings (англ.). British History in-depth (23 кастрычніка 2010).
  28. Military History Companion. Battle of Hastings (англ.). Answers.com (23 кастрычніка 2010).
  29. The Battle of Hastings (англ.). Camelot International: Britain's Heritage and History (11 верасьня 2010).
  30. The Malfosse Incident = Здарэньне з дрэннымі ірвамі (англ.). Battle of Hastings 1066 (23 кастрычніка 2010).
  31. King William (англ.). British History in-depth (23 кастрычніка 2010).
  32. Review of the Battle of Hastings (англ.). The Battle of Hastings - 1066 (23 кастрычніка 2010).
  33. Paul K. Davis. 100 Decisive Battles from Ancient Times to the Present: The World's Major Battles and How They Shaped History. — Oxford: Oxford University Press, 1999. — P. 113.

Літаратура

  • Howarth, David. 1066: The Year of the Conquest. — New York: Barnes and Noble, 1993.
  • Douglas, Daniel C. William the Conqueror. — Berkeley, CA: University of California Press, 1964.
  • Gravett, Christopher. Hastings 1066, The Fall of Saxon England // Osprey Campaign Series №13, Osprey Publishing, 1992.
  • Morton, Catherine and Muntz, Hope (eds). The Carmen de Hastingae Proelio of Guy Bishop of Amiens. — Oxford: Clarendon Press, 1972.

Спасылкі