Антон Фурс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Антон Фурс
Нараджэнне 30 красавіка 1927(1927-04-30) (97 гадоў)
в. Язна, Дзісенскі павет, Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка
Смерць 20 кастрычніка 2021(2021-10-20) (94 гады)
Месца пахавання
Партыя
Член у
Адукацыя
Узнагароды
Медаль да стагоддзя БНР

Антон Фурс (30 красавіка 1927[1]) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, сябра беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП), адзін з заснавальнікаў і сакратар Глыбоцкай групы СБП.[2]

Біяграфія

Нарадзіўся 30 красавіка 1928 г. у в. Язна Дзісненскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Мёрскі раён Віцебскай вобласці). Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе. Пра савецкую акупацыю ўспамінаў так: «Людзі добра сустракалі гэтых, якія прыйшлі 17 верасня. Чакалі! Бо палякі таксама беларусаў уціскалі здорава», «Крама адна, а ў ёй нічога няма, бацька хадзіў уначы займаў чаргу. І адзначаліся ў чарзе. Што там давалі, і колькі давалі – усё бралі, бо іначай грошы прападуць. Вось тады зразумелі – нешта не тое…».

Падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну наведваў беларускую школу ў сваёй вёсцы, дзе дырэктарам быў вядомы на той час Ігнат Мятла. Антон Фурс успамінаў аб гэтых гадах так: «Усё выкладанне ішло па-беларуску. Беларуская мова стала рабочай і ў справаводстве. У хуткім часе нашая школа зрабілася сапраўдным асяродкам культурнага жыцця ў Янзе і ваколіцах. За тыя няпоўныя два навучальныя гады, што нас вучылі ў янзенскай школе, мы атрымалі моцны зарад патрыятызму, даволі трывалыя асновы нацыянальнай свядомасці». Працягваў навучанне ў Глыбоцкай прагімназіі, калі яна адкрылася ў 1943 годзе.

З надыходам савецкіх войскаў, маючы 16 гадоў, паступіў у Глыбоцкую педагагічную гімназію, дзе блізка пазнаёміўся з шэрагам будучых паплечнікаў, сярод якіх былі Васіль Мядзелец, Алесь Юршэвіч і інш. Пра навучанне ў гімназіі Антон Фурс успамінаў так: «З самага пачатку ўсе мы, хто быў прыняты ў навучальню, адчулі, што нас хочуць перарабіць на расейцаў. Большасць прадметаў выкладалі па-расейску. Пасля таго, што было ў школе падчас нямецкай акупацыі, такое становішча выклікала ў нас недаўменне, а пасля і пратэст». Гэта спрычынілася да таго, што Антон Фурс разам з іншымі сябрамі стварыў нелегальнае таварыства Саюз беларускіх патрыётаў, дзе ён быў сакратаром Глыбоцкай групы. Юнакі распрацавалі праграму і статут арганізацыі, пачалі прыём сяброў, якія фармавалі «пяцёркі»: кожны з удзельнікаў не ведаў больш чым пяць іншых сяброў арганізацыі. Выкарыстоўвалася беларуская нацыянальная сымболіка: бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня», а таксама была наладжана сувязь з паплечнікамі з Постаўскай педнавучальні. Антон Фурс успамінаў: «Нашыя задачы былі культурна-асветныя, як сёння сказалі б, адраджэнскія. Перш за ўсё самі мы абавязаліся быць сапраўднымі патрыётамі Радзімы, заўсёды і ўсюды гаварыць па-беларуску, па-свойму, шанаваць родную мову, культуру, гісторыю, традыцыі, прапагандаваць іх сярод свайго народу, вяртаць нашых людзей да нацыянальнай памяці, абуджаць пачуццё нацыянальнай годнасці».

У лютым 1947 года савецкая ўлада пачала арышты сябраў СБП: у давер да сябраў пастаўскай групы раней увайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, які выдаваў сябе за ўдзельніка антысавецкай арганізацыі і падштурхоўваў да тэрарызму, а на дадатак канспірацыя арганізацыі была слабай, бо пра яе шмат хто ведаў. Антон Фурс разам з Васілём Мядзельцам быў арыштаваны 8 лютага 1947 г. Як адзін з заснавальнікаў, асуджаны паводле арт. 63-I і 76 КК БССР да смяротнага пакарання, але ў сувязі з адменай смяротнага пакарання ад 20 траўня 1947 года атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі. Пасля знаходжання ў перасылачнай турме ў Воршы адбываў тэрмін у лагеры паблізу г. Турынску (Свярдлоўская вобласць у Расіі), а потым быў пераведзены ў лагеры ў Карагандзе ў Казахстане. У Карагандзе браў удзел у паўстанні лагераў КАРЛАГу ў 1955 г., аб чым успамінаў так: «Патрабаванні, якія мы выставілі адміністрацыі, зводзіліся да некалькіх пунктаў: адмяніць ганебныя нумары, дазволіць перасылку без абмежаванняў, палепшыць харчаванне». Пункт аб «адмене нумароў» быў павязаны з тым, што вязням савецкіх канцлагераў давалі асабісты нумар, які выкарыстоўваўся замест імя і прозвішча. Напрыканцы зняволення ўмовы вязняў палепшылі, што было звязана з афіцыйным асуджэннем культу Сталіна.

У 1955 г. быў датэрмінова вызвалены з лагераў, адбыўшы там 9 гадоў. Пэўны час жыў у Беларусі, дзе ажаніўся са знаёмай яшчэ па СБП Алесяй Умпіровіч, якая да гэтага часу таксама выйшла на волю. Да 1982 г. разам з жонкай жыў у Карагандзе, дзе працаваў на будаўніцтве. Па выхадзе на пенсію пераехаў у Беларусь.

У гады дэмакратызацыі актыўна спрычыніўся да грамадска-палітычнага жыцця, быў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады і Таварыства беларускай мовы. Антон Фурс мае свае артыкулы і ўспаміны ў газетах «Наша слова», «Пагоня», «Народная воля», часопісе «Спадчына». Напісаў успаміны ў кнізе Архіву Найноўшай Гісторыі «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў». У лістападзе 1992 г., як і шэраг некаторых іншых сябраў СБП, быў рэабілітаваны «з-за адсутнасці складу злачынства». Пра свае патрыятычнае мінулае ўспамінае так: «Мы былі халоднымі і галоднымі, мы не мелі маладосці — яна была бессаромна распятая на калючым дроце. Але ж мы не шкадуем ні аб чым, бо засталіся людзьмі — і тады, калі большасць спявала хвалу тырану, і тады, калі былі ў няволі, і калі вярнуліся з лагеру. Дзе б мы ні знаходзіліся, думалі пра свой народ і сваю Бацькаўшчыну».

Сёння пенсіянер, жыве ў Паставах.

Зноскі

  1. novychas.by
  2. http://www.slounik.org/154931.html Біяграфія Антона Фурса

Спасылкі

Літаратура

  • ANH, F-3.
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3
  • Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18, 20, 24, 25, 37-40, 42, 57-91, 126, 133, 137, 139-142, 147, 159, 161-164, 182, 186, 193, 223, 224, 241, 283, 284, 320, 329, 330, 334, 340
  • Умпіровіч А., Фурс А. Споведзь няспраўджаных надзеяў // Спадчына. 1997, № 1
  • Фурс А. Усё яшчэ значымся ворагамі народу // Наша слова. 1992, № 16
  • Фурс А. «Антон Фурс: мы заўсёды лічылі сябе беларусамі» (Успаміны ўдзельніка СБП аб гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху) // Пагоня. 1995, №№ 41-44
  • Фурс А. З кнігі ўспамінаў «Гарт»: да крыўднага мала зрабіў для Радзімы (урыўкі з успамінаў) // Народная воля. 1998, 23 студзеня

Гл. таксама