Сцяпан Аляксандравіч Пуціла

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 22:01, 26 студзеня 2020, аўтар (удзельнік выдалены) (выдаленае кароткае апісанне змен)
Сцяпан Святлоў
Файл:NEXTA.jpg
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Сцяпан Аляксандравіч Пуціла
Дата нараджэння 27 ліпеня 1998(1998-07-27) (25 гадоў)
Месца нараджэння
Жыццё Беларусь, Польшча
Род дзейнасці журналіст, музыкант, відэаблогер, блогер, тэлевядучы, рэжысёр, ютубер
Вэб-сайт nexta.tv
Канал на YouTube
Назва канала NEXTA
Гады актыўнасці 2015 — наш час
Жанр палітыка, грамадства
Падпісанты 268 947 (жнівень 2019)
Калектывы NEXTA

Сцяпан Аляксандравіч Пуціла (псеўд. Сцяпан Святлоў, нар. 27 ліпеня 1998 г. у Мінску) — беларускі журналіст, аўтар папулярных грамадска-палітычных каналаў у Беларусі. Агульная лічба падпісантаў ва ўсіх сацсетках — каля паўмільёна, з якіх 270 тыс. на YouTube і 202 тыс. у Telegram-каналах з агульнай назвай «NEXTA»[1]. Telegram-канал NEXTA з’яўляецца найбольш папулярным у Беларусі[2].

Біяграфія

Сын журналіста Аляксандра Пуцілы, які раней працаваў спартовым каментатарам Белтэлерадыёкампаніі, а пасля аглядальнікам спартовых навінаў на тэлеканале «Белсат» у Польшчы[3].

Вучыўся ў Сеніцкай сярэдняй школе імя Янкі Купалы[4], пасля чаго скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, пазбаўлены афіцыйнага статусу навучальнай установы. Пра сваю альма-матар Сцяпан Пуціла сказаў[5]:

" Для мяне асабіста Ліцэй – час пачаткаў. Там я пачаў здымаць першыя (не)сур’ёзныя відэа – старажылы абавязкова будуць памятаць супершоу «Банкі цягнуць»; пачаў займацца журналістыкай – выдаў нават некалькі нумароў культавай газеты «Трыкутнік»; пачаў займацца музыкай. Вынік нашай з сябрамі працы сталіся песні гурта NEXTA – «Выбора нет» ды «Феерверк». "

Атрымаў вядомасць па назве свайго Ютуб-канала, стаў адным з самых папулярных беларускіх грамадска-палітычных блогераў. У лютым 2018 года супраць Сцяпана Пуцілы спрабавалі завесці крымінальную справу паводле артыкула 368 КК РБ «Абраза прэзідэнта» за ролікі на YouTube, нібыта па скарзе невядомай грамадзянкі. З таго часу ён не наведвае Беларусь[6].

У сакавіку 2019 атрымаў Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча[7].

Жыве і вучыцца ў Польшчы[8], з восені 2018 года вядзе праграму інфармацыйна-забаўляльную праграму «Суб’ектыў» на тэлеканале «Белсат»[9].

Публічная дзейнасць

Публічную дзейнасць пачаў у кастрычніку 2015 года, стварыўшы канал NEXTA на YouTube. Асноўны напрамак — «забаўляльны, інфармацыйны або музычны кантэнт»[10]. Найбольш папулярнае відэа — «Их ждёт смертная казнь» пра чарговы смяротны прысуд у Беларусі: 5,3 млн праглядаў[11]. Першае відэа — песня «Выбора нет», прымеркаваная да прэзідэнцкіх выбараў з заклікам да іх байкоту[12]. Спецслужбы амаль адразу ж зацікавіліся асобай блогера: прыходзілі, сярод іншага, у школу, высвятлялі, хто ён такі ды адкуль узяўся[13].

У 2017 годзе ўдзельнічаў у некалькіх акцыях пратэсту, у тым ліку ў родапачынальніку Маршаў недармаедаў — «Маршы абураных беларусаў» 17 лютага 2017 года, з якога вёў стрым-трансляцыю ў Periscope[ru]. Выпусціў некалькі відэаролікаў, прысвечаных пратэстам у Беларусі[13].

З восені 2018 года актыўна вядзе канал у Telegram[8]. Частка інфармацыі публікуецца ў дадатковым канале NEXTA Lite, разлічаным на менш важныя навіны[14]. Аўдыторыя пашырылася ў тым ліку дзякуючы інсайдам з МУС Беларусі[15]. Былы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч перад сваёй адстаўкаю заявіў, што выкрыў крыніцы Telegram-каналу NEXTA[16], аднак блогер гэтую заяву абвергнуў[17].

З верасня 2018 года робіць праграму «Суб’ектыў» для тэлеканала «Белсат»[18].

На Telegram-канале блогера амаль адсутнічая якая-колечы рэклама. У ліпені 2019 NEXTA ўпершыню апублікаваў рэкламны пост, аднак ужо праз некалькі хвілін выдаліў «па патрабаванні заказчыка». Блогер мяркуе, што беларускi офiс букмекерскай канторы зняў рэкламу пад ціскам спецслужбаў, каб прадухіліць любыя спробы далейшага фінансавання ягонага праекту з боку беларускіх кампаніяў[19].

Увосень 2018 канал NEXTA на YouTube апынуўся пад пагрозаю закрыцця з-за скаргаў з боку Белтэлерадыёкампаніі на парушэнне аўтарскіх правоў. Паводле блогера, спачатку яго хацелі забаніць за таварны знак, а пасля тэлеканалы БТ, ОНТ, СТВ «ад імя фэйкавай асобы пачалі дасылаць скаргі за нібыта незаконна выкарыстаны кантэнт і парушэнне аўтарскіх правоў»[20]. Пасля гэтага Сцяпан Пуціла вырашыў выдаляць лагатыпы дзяржаўных тэлеканалаў са сваіх відэа[21].

Аўдыторыя Telegram-канала NEXTA значна ўзрасла таго, як ён першым апублікаваў навіну пра інспектара ДАІ, якога знайшлі застрэленым пад Магілёвам 16 мая 2019 года. Акрамя «злітай» інфармацыі з праваахоўных органаў, блогер апублікаў таксама фота загінулага супрацоўніка. Літаральна за тыдзень аўдыторыя канала павялічылася з 49 тысяч да больш як 86 тысяч падпісантаў[13]. Фільм блогера і журналіста «Лукашенко. Уголовные материалы», які выйшаў у кастрычніку 2019 года, за 5 дзён набраў 1 млн праглядаў на YouTube[22].

Зноскі

  1. NEXTA в других соцсетях и сервисах
  2. Telegram-каналы Беларусь
  3. Бацька відэаблогера NEXTA, якога западозрылі ў абразе Лукашэнкі: Кішка тонкая, каб нас запалохаць
  4. Степан Светлов — Краткая информация
  5. Коласаўскаму ліцэю — 29. Блогер NEXTA ды іншыя выпускнікі — пра сваю альма-матар. 14 студзеня 2019
  6. nn.by
  7. Блогер Nexta атрымаў Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча
  8. а б «90 % людей хотят остаться анонимами. Все боятся, но многие даже не знают, чего». Большое интервью с создателем Telegram-канала NEXTA. 22 мая 2019
  9. Суб’ектыў на «Белсаце»
  10. Пра канал NEXTA на YouTube
  11. Их ждёт смертная казнь
  12. Нам па 18, але галасаваць ня хочацца. Ліцэйскі гурт «NEXTA» запісаў песьню-заклік да байкоту
  13. а б в «Текст о сотруднике ГАИ набирал дрожащими руками». Интервью с автором канала NEXTA. 22 мая 2019
  14. NEXTA Lite
  15. Хто зьлівае блогеру NEXTA ўнутраныя зводкі міліцыі
  16. На развітанне Шуневіч сказаў, што раскрыў крыніцы тэлеграм-канала Нехта, і паабяцаў звольніць іх з міліцыі
  17. Шуневіч сказаў, што вылічыў крыніцы ўцечкі службовай інфармацыі. NEXTA гэта зняпраўджвае
  18. belsat.eu
  19. Nexta ўпершыню апублікаваў рэкламу, а праз 5 хвілін выдаліў. Што здарылася?
  20. БТ хоча знішчыць NEXTA. Пасля страйкаў супраць «Белсату» дзяржканал дамагаецца выдалення youtube-каналу блогера
  21. «Проста выдалю лагатыпы». Youtube-канал NEXTA блакуюць з-за скаргаў БТ
  22. belsat.eu