Несцерка (п’еса)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Несцерка»
Выданне
Жанр п'еса
камедыя
Аўтар Віталь Вольскі
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1940
Дата першай публікацыі 1951
Электронная версія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Несцерка» — п'еса Віталя Вольскага (камедыя ў трох дзеях, сямі карцінах), напісаная ў 1940 годзе і ўпершыню пастаўленая ў 1941 годзе на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (які тады называўся Другім Беларускім дзяржаўным тэатрам)[1].

Жанр

П'еса «Несцерка» з'яўляецца народна-лубачнай сатырычнай камедыяй. Віталь Вольскі паспрабаваў у ёй выкарыстаць формы старадаўняга народнага тэатра, беларускай інтэрмедыі, балаганных прадстаўленняў, сцэны са скамарохамі. Ён таксама ўмела выкарыстаў паданні, якія існавалі ў народзе — пра шамякаў суд, «вучоны» дыспут, рашэнне трох загадак на кемлівасць і іншых[1].

Сюжэт

Сюжэт камэдыі «Несцерка» пабудаваны паводле матываў беларускіх народных казак. Ён уяўляе сабой шэраг займальных прыгодаў, якія здараюцца з галоўнымі персанажамі.

Галоўны герой, селянін Несцерка, жадае дапамагчы хлопцу Юрасю ажаніцца з Насцяй. Дзеля гэтага яму даводзіцца пераадолець нямала перашкод: абхітрыць пана, перамагчы ў дыспуце шкаляра, ашукаць суддзю, а таксама прымусіць шкаляра адмовіцца ад шлюбу.

На працягу ўсёй п'есы прасочваецца некалькі сюжэтных ліній: лінія Несцеркі, які ратуецца ад шляхцюкоў, якія абвінавачваюць яго ў наўмысным шкодніцтве, лінія кахання Юрася і Насці, лінія шкаляра Самахвальскага, які прэтэндуе на найхутчэйшае ўзыходжанне да кар'ерных вяршынь. І яшчэ сюжэтная лінія пошуку справядлівасці, звязаная з суддзёй, шляхцюкамі і панам Бараноўскім.

Усе гэтыя лініі і выяўляюць вобраз галоўнага героя[1].

Ролі

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. «Несцерка»

Выканаўцы ў розных пастаноўках:

Узнагароды

У 1941 годзе п'еса была адзначаная першай прэміяй на Усесаюзным конкурсе на лепшы драматургічны твор. І па сённяшні дзень спектакль па п'есе Вольскага, перажыўшы ўжо не адну рэдакцыю, з'яўляецца свайго роду візіткай Беларускага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа — з п'есы «Несцерка» нязменна адкрываецца кожны чарговы яго сезон)[4].

Навум Барысавіч Лойтар, пастаноўшчык, Ісак Ісакавіч Любан, кампазітар, Аляксандр Канстанцінавіч Ільінскі, выканаўца галоўнай ролі, Цімафей Мікалаевіч Сяргейчык, выканаўца ролі шкаляра Самахвальскага, Павел Сцяпанавіч Малчанаў, выканаўца ролі, — за спектакль «Несцерка» Васіля Вольскага, пастаўлены на сцэне Другога Беларускага ДДТ (Віцебск) сталі лаўрэатамі Сталінскай прэміі ў 1946 годзе.

Аўтар пра п'есу

Сам аўтар п'есы, вядомы беларускі драматург Віталь Фрыдрыхавіч Зэйдэль-Вольскі так пісаў пра сваю задуму:

" Я паставіў перад сабой задачу стварыць камедыю з напружаным і выразна акрэсленым сюжэтам, вясёлую і лёгкую, тэатральна-прыўзнятую, асветленую іскрамі народнага гумару, упрыгожаную яркімі фарбамі, музыкай, спевамі і танцамі. Мне хацелася даць тэатру драматычны матэрыял для спектаклю яркага, жывога і маляўнічага, каб глядач увесь час адчуваў сябе ў атмасфэры народнага відовішча, каб няспыннымі хвалямі ліўся са сцэны ў залю жывы струмень народнага мастацтва.
«Літаратура і Мастацтва» 24 мая 1941
"

Папулярнасць п'есы

«Прыгоды Несцеркі». Паштовая марка Беларусі

Рэжысёрам Р. Сурусам у 1979 годзе была пастаўлена музычная камедыя.

Пра папулярнасць п'есы і яе галоўнага героя сведчыць тое, што, апроч пастановак п'есы на тэатральных падмостках, вясёлы, кемлівы і дасціпны Несцерка перабраўся на цыркавую арэну, на эстраду, ў кіно, увасобіўся ў шматлікіх беларускіх сувенірах[1]. Назвай «Несцерка» названая кавярня ў Нясвіжы[5], крама прамтавараў у Мінску[6], і іншыя прадпрыемствы гандлю.

У мультыплікацыі і кінематографе

У 1955 на студыі «Беларусьфільм» рэжысёрам Аляксандрам Зархам быў зняты фільм «Несцерка».

У 1980 на студыі «Беларусьфільм» рэжысёрам Яўгенам Ларчанкам быў зняты мультфільм «Несцерка  (руск.)».

На студыі «Беларусьфільм» у 2013 годзе зняты поўнаметражны мультфільм «Прыгоды Несцеркі» з васьмі гісторый рэжысёра Ігара Волчака[7][8].

Зноскі

  1. а б в г Вольскі Віталь. Несцерка. Праверана 24 лютага 2013.
  2. Сталінская прэмія 1946 года
  3. Першая выканаўца
  4. «Двойчы з першапраходцаў». // Літаратура і Мастацтва 16 верасня 2011
  5. Нестерка кафэ КУП магазин № 3 (руск.). Жёлтые страницы. СООО «Белфакта Медиа». Праверана 24 лютага 2013.
  6. Магазин «Нестерка», ОДО (г. Минск) (руск.). полная информационная база по предприятиям республики. BizBy.ru. Праверана 24 лютага 2013.
  7. Приключения Нестерки (руск.). Беларусьфільм. Праверана 24 лютага 2013.
  8. Первый белорусский анимационный полнометражный фильм вышел в Беларуси (руск.). Беларусьфільм. Праверана 24 лютага 2013.