Будынак былой Мінскай партыйнай школы
Славутасць | |
Будынак былой Мінскай партыйнай школы | |
---|---|
53°53′56″ пн. ш. 27°33′33″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Горад | |
Архітэктар | Аляксандр Пятровіч Воінаў |
Дата пабудовы | 1937 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000130 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Будынак былой Мінскай партыйнай школы — будынак у Мінску, размешчаны па вуліцы Карла Маркса, 31.
Гісторыя
Пабудаваны ў 1937 годзе з цэглы па праекце архітэктара А. П. Воінаў. У Вялікую Айчынную вайну разбураны, у 1947 годзе адноўлены паводле праекта аўтара. У 1949 г. з паўночнага боку вучэбна-адміністрацыйнага корпуса на адной восі з левым рызалітам прыбудавана актавая зала са службовымі памяшканнямі. У 1978 г. да дваровага фасада прыбудаваны новы корпус, злучаны з асноўным пераходам-галерэяй (архітэктар А. Канстанціновіч).
У будынку ў 1937—1941 гг. размяшчалася Вышэйшая камуністычная сельскагаспадарчая школа Беларусі імя У. I. Леніна і Камуністычны інстытут журналістыкі імя С. М. Кірава. Пасля вайны ў 1946 г. тут працавала Рэспубліканская партыйная школа пры ЦК КПБ, ператвораная ў 1956 годзе ў Мінскую вышэйшую партыйпую школу.
Архітэктура
Пяціпавярховы складанай у плане канфігурацыі будынак вызначаецца строгасцю форм і прастатой архітэктурна-мастацкага вырашэння. Пастаўлены з водступам ад «чырвонай лініі» забудовы вуліцы. Галоўны пяціпавярховы аб’ём, фланкіраваны 2 невялікімі чатырохнавярховымі рызалітамі, завершаны атыкам. Уваход вырашаны ў выглядзе 4 згрупаваных парталаў. 2- і 4-ы паверхі цэнтральнай часткі аб’яднаны здвоенымі паўкалонамі без капітэлей і баз. Рытму цэнтральнай часткі адпавядаюць лапаткі на плоскасцях рызалітаў. Сцены 1-га цаверха апрацаваны рустам.
Унутраная планіроўка калідорная, з двухбаковым размяшчэннем аўдыторый і кабінетаў. 1-ы паверх заняты пераважна вестыбюльнай групай з гардэробам, тут жа знаходзяцца бібліятэка і музей школы. У вестыбюлі сцены раўнамерна расчлянёны канеліраванымі пілястрамі. У аздабленні інтэр’ераў шырока выкарыстана дрэва. У квадратным у плане фае, што злучае актавую залу з вучэбна-адміністрацыйным корпусам, 4 магутныя васьмігранныя калоны падтрымліваюць кесаніраваную столь з невялікай паўсферай у цэнтры. Над уваходнымі праёмамі фае навісаюць дэкаратыўныя сандрыкі на фігурных кранштэйнах. У прасценках актавай залы, асветленай з 2 бакоў высокімі прамавугольнымі вокнамі, пастаўлены трохчвэртныя калоны на высокіх базах, што нясуць буйны антаблемент.
Літаратура
- М. Б. Батвіннік, А. Л. Міцянін. 209. Будынак Мінскай вышэйшай партыйнай школы // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
- Воинов А. А. История архитектуры Белоруссии (советский период).— Мн.. 1975.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Будынак былой Мінскай партыйнай школы