Іван Рыгоравіч Аўчыннікаў
Іван Рыгоравіч Аўчыннікаў | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | Іван Дабранец, Іван Дабрынец |
Дата нараджэння | 28 жніўня (9 верасня) 1893 |
Месца нараджэння | Малая Добрая, Краснінскі павет, Смаленская губерня, Расійская імперыя |
Дата смерці | 2 мая 1974 (80 гадоў) |
Месца смерці | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць |
Іван Рыгоравіч Аўчыннікаў (9 верасня 1893, Малая Добрая — 2 мая 1974, Гусіна) — беларускі пісьменнік, сябар Гаўрылы Гарэцкага.
Нарадзіўся ў вёсцы Малая Добрая Дабранскай воласці Краснінскага павета Смаленскай губерні. Вёскі больш няма. Бацька быў адстаўным унтэр-афіцэрам царскай арміі і рана памёр. Хлопец скончыў царкоўнапрыходскую і земскую Краснінскую двухкласную школу, некаторы час працаваў настаўнікам у школе граматы ў Любавічах.
У 1911 г. паступіў у Горацкае земляробча-каморніцкае вучылішча. Далучыўся да літаратуры, уаходзіў у вучнёўскі гурток. У складзе гуртка былі таксама Гаўрыла Гарэцкі, Андрэй Сухі (Мікола Мокры), Васіль Белахвосцікаў, выпісвалі «Нашу ніву». У 1913 годзе там надрукавана аповесць Івана Аўчыннікава «Жэртва», прысвечаная трагедыі настаўніка.
У Першую сусветную вайну добраахвотна пайшоў у войска, быў моцна паранены ў баі пад Бродамі на Украіне.
Жыў у роднай вёсцы, а летам 1918 года працягнуў навучанне ў Горках. Актыўны ўдзельнік вучнёўскай «Беларускай секцыі», якой кіраваў Гаўрыла Гарэцкі.
Скончыўшы вучобу ў 1919 годзе ў Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы, рашыў вучыцца далей. Але намеры не спраўдзіліся. Разам з Гаўрылам Гарэцкім ён быў накіраваны на працу ва Уфімскі павятовы зямельны аддзел. Там яго мабілізавалі ў Чырвоную Армію. На савецка-польскай вайне 1919—1921 гадоў знаходзіўся ў кавалерыйскім корпусе Г. Гая, у час баёў трапіў у палон да палякаў, быў інтэрніраваны.
У міжваенны час працаваў на Смаленшчыне, а ў 1930-я гады — на Урале. Пасля вайны жыў у Малой Добрай, а потым у Гусіне, дзе працаваў у Краснінскім лясгасе лесатэхнікам да выхаду на пенсію ў 1953 годзе.
Цікавасць да Івана Аўчыннікава абудзілася ў 1965 годзе. Аповесць «Жэртва» з’явілася ў зборніку, але пра аўтара нічога не ведалі. Гэта заўважыў Гаўрыла Гарэцкі, які падтрымліваў з ім сувязь, — і пра яго напісалі ў друку. Вёў перапіску са старымі знаёмымі, лісты захоўваюцца ў БДАМЛіМ і ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Іван Аўчыннікаў (Дабранец) — нашаніўскі пісьменнік са Смаленшчыны / Сяргей Астанковіч // Arche. Пачатак. ― 2015. — № 9. — С. 305—328
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Уладзімір Ліўшыц Чалавек з музейнага фота
- Нарадзіліся 9 верасня
- Нарадзіліся ў 1893 годзе
- Памерлі 2 мая
- Памерлі ў 1974 годзе
- Памерлі ў Смаленскай вобласці
- Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Нарадзіліся ў Краснінскім павеце
- Пісьменнікі Беларусі
- Пісьменнікі Расійскай імперыі
- Беларускамоўныя пісьменнікі
- Удзельнікі Першай сусветнай вайны (Расійская імперыя)
- Удзельнікі польска-савецкай вайны