Перайсці да зместу

Андрэй Мікалаевіч Сухі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Мікола Мокры)
Андрэй Мікалаевіч Сухі
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 25 жніўня 1892(1892-08-25)
Месца нараджэння
Дата смерці 1980
Дзеці Мікалай Андрэевіч Сухій
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць

Андрэй Мікалаевіч Сухі (псеўданім: Мікола Мокры; 25 жніўня 1892, Вязынь — 1980) — беларускі аграном-землямер, пісьменнік, публіцыст, сябар Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і Мікалая Андрэевіча і Аляксандры Восіпаўны, малазямельных сялян. Атрымаў імя ў гонар дзеда. Скончыў народнае вучылішча ў Вязыні, гарадское вучылішча ў Вілейцы (1909). Адзін год працаваў настаўнікам у народнай школе ў вёсцы Кобузі.

У 1910-16 вучыўся ў Горацкім земляробчым вучылішчы. Спачатку пазнаёміўся з Максімам Гарэцкім, а ў 1914 годзе з яго меншым братам Гаўрылам. Адыграў важную ролю ў вучнёўскім гуртку беларускай літаратуры, да якога далучыліся таксама Іван Аўчыннікаў, Віталь Белахвосцікаў. Пад уздзеяннем Максіма пачаў пасылаць невялікія заметкі з жыцця роднай вёскі і ваколіц у «Нашу Ніву». Упершыню выступіў у друку ў 1912 годзе. Атрымліваў ад Максіма лісты з Магілёва, Сібіры.

Ад 1 ліпеня да 10 кастрычніка 1916 працаваў тэхнікам у другой паволжскай разведвальна-будаўнічай партыі па арашэнні самарскіх стэпаў, упраўленне знаходзілася ў горадзе Саратаве. У верасні стаў студэнтам Маскоўскага сельскагаспадарчага інстытута. Але 12 кастрычніка яго прызвалі ў войска. Быў у падрыхтоўчым батальёне ў Ніжнім Ноўгарадзе. Ад 1 студзеня да да 1 ліпеня 1917 года — у Сергіеўскім артылерыйскім вучылішчы ў Адэсе, якое скончыў у званні прапаршчыка. Вывучыў украінскую мову.

Служыў малодшым афіцэрам 4-га сібірскага артылерыйскага дывізіёна на Заходнім фронце. Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі быў пакінуты ў дывізіёне радавым, у снежні абраны і зацверджаны на пасадзе старэйшага памочніка Камандзіра Парка дывізіі. 18 студзеня 1918 года разам з дывізіёнам выехаў у Сызрань, быў звольнены нароўні з салдатамі 29 студзеня 1918 года.

На гаспадарцы бацькоў у Вязыні. Са жніўня 1918 года служыў у мінскім лясным упраўленні, працаваў у Бабруйскім павеце. У Мінску сустрэўся з Максімам Гарэцкім. Па вызваленні Мінска ад нямецкай акупацыі — працягваў служыць у лясным аддзеле. Вясной 1919 года памочнік ляснічага ў Куранцы. У чэрвені тэрыторыю займаюць польскія войскі, Андрэй Сухі з гэтага часу працуе на гаспадарцы свайго цесця Фамы Лукіча Адамовіча ў вёсцы Васюльках.

Па заняцці Вілейскага павета Чырвонай арміяй у чэрвені 1920 года да сканчэння вайны ў кастрычніку — ляснічы Ільскага лясніцтва. На гаспадарцы цесця. З вясны 1921 прыватны землямер у Княгініне. Часта бываў у Вільні, дзе некалькі разоў сустракаўся з Максімам Гарэцкім. Апошняя сустрэча адбылася ў 1923 годзе, пасля выхаду Максіма Гарэцкага з турмы на Лукішках.

У 1923 годзе з сям’ёй пасяліўся ў Вілейцы. Праз два гады пабудаваў свой дом (цяпер вул. Сацыялістычная, 28). Чарціў план дома, а сын дапамагаў. Пасадзіў сад, меў гарод і кавалак сенакосу ў 4 га. У гаспадарцы была карова. Працаваў у Вілейцы і ў Валожынскім павеце. У польскіх дзяржаўных установах працаваць не мог, бо лічыўся палітычна ненадзейным. У 1930 годзе ў Варшаве здаў экзамен на званне прысяжнага землямера. У 1938-39 працаваў каля Ломжы, Чанстаховы.

Ад 22 верасня 1939 года, з прыходам саветаў у Заходнюю Беларусь, член часовага ўпраўлення Вілейскага павета і старэйшы землямер зямельнага аддзела.

У пачатку вайны застаўся з большым сынам у Вілейцы, неўзабаве яны эвакуяваліся ў Сібір, жонка з меншымі дзецьмі раней у Казахстан.

Пасля вайны вярнуліся ў Вілейку. Калі будавалася Вілейскае вадасховішча, планавалася затапіць вёску Пахомава, дзе нарадзіўся і быў пахаваны яго дзед Андрэй Аляксеевіч разам з дзвюма сёстрамі. Астанкі сваякоў Андрэй Сухі перахаваў на могілках у Вязыні.

Яшчэ ў Вілейскім вучылішчы, у 1908 годзе, ад настаўніцы французскай мовы Алены Кульковай да Андрэя Сухога трапіў сшытак з рэвалюцыйнымі вершамі Якуба Коласа. Вершы ён прывёз у Горкі. Асабліва падабаўся яму верш «Нашым ворагам». Па спіску Сухога Максім Гарэцкі надрукаваў яго ў сваёй «Гісторыі беларускай літаратуры» (1920).

Аўтар успамінаў. Біяграфію даследавалі Генадзь Каханоўскі, Анатоль Рогач.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Ажаніўся пасля заканчэння вучобы ў Горках. Жонка — Вера Фамінічна Сухая (Адамовіч). Нарадзілася ў Княгініне. Заўсёды гаварыла па-руску, хоць муж не пагаджаўся з гэтым. Дзеці — Мікалай, Георгій, Аляксей і Таццяна.

Роднага брата Сяргея, які разам з яшчэ адным братам Мікалаем выехаў у Маскву, пасадзілі ў лагер на Калыме на 10 год. Вярнуўся ён толькі пасля вайны. Другога брата Юзіка, салдата польскага войска, захапілі ў палон і забілі бальшавікі.

Стрыечны брат Павел Сухі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мікола Мокры з Сухіх // ???[удакладніць]
  • Янка Саламевіч. Слоўнiк беларускiх псеўданiмаў i крыптанiмаў. 1983
  • Генадзь Каханоўскі. Адчыніся, таямніца часу. 1984
  • Максім Гарэцкі: успаміны, артыкулы, дакументы / складальнікі: А. С. Ліс, І. У. Саламевіч. 1984
  • Памяць. Вілейскі раён. 2003
  • Андрэй Сухі ― сведка станаўлення асобаў Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх / Сяргей Макарэвіч // Максім і Гаўрыла Гарэцкія і іх грамадска-культурнае і навукова-творчае асяроддзе: XV Гарэцкія чытанні. — Мінск, 2008
  • Вілейскі павет. Выпуск 2. — Мінск: А. М. Янушкевіч, 2015
  • Максім Гарэцкі. Вернасць высокім ідэалам: успаміны, аповесці, апавяданні, запіскі. Мн.: Мастацкая Літаратура. 2018