Іван Сірко
Іван Сірко | |
---|---|
укр.: Іван Сірко | |
| |
Род дзейнасці | палкаводзец |
Дата нараджэння | 1610 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1680[1][2] |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бітвы/войны | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Іван Сірко (1605 (1610) — 1680) — украінскі палкаводзец, падольскі шляхціч, казацкі правадыр, кальніцкі палкоўнік, кашавы атаман Запарожскай Сечы і ўсяго Войска Запарожскага Нізавога. Здабыў перамогу ў 65 баях. Герой шматлікіх украінскіх песень і казак.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Маладыя годы
[правіць | правіць зыходнік]Ад першага даследніка біяграфіі Сірко, Змітра Яварніцкага, пайшла думка, што будучы кашавы атаман нарадзіўся ў Слабадской Украіне, у слабадзе Мэрэфе ― сучасны горад Мэрэфа Харкаўскай вобласці. Але гэту здагадку аспрэчваюць шмат якія гісторыкі, у прыватнасці Уладзімір Маслейчук. Даследнікі Юры Мыцык і Уладзімір Барысенка лічаць, што Іван Сірко родам з Усходняга Падолля (сучасная Віннічына), і мяркуюць, што месца яго народзінаў ― сотневы горад Брацлаўскага палка Мурафа, недалёка ад Кальныка. Мыцык прыводзіць некалькі аргументаў на карысць сваёй версіі: Мэрэфа са Слабадской Украіны заснавана толькі ў 1658 годзе, то бок тады, калі Сірко быў у сталым веку. Ён адзначае, што атаман жыў з сям’ёй у слабаджанскай Мэрэфе ў сваёй хаце. Па здагадцы Мыцыка, Левабярэжная Мэрэфа атрымала назву менавіта ад Падольскай Мурафы, бо перасяленцы з Правабярэжнай Украіны на Левабярэжную нярэдка давалі новым селішчам назвы сваіх родных сёл ці мястэчак. Сірко таксама ў 1658—1660 гадах быў вінніцкім (кальніцкім) палкоўнікам, а ў тыя часы на такія пасады звычайна абіралі людзей, якія паходзілі з тамтэйшых краёў. У якасці аргумента прыводзіцца таксама ліст гетмана Левабярэжнай Украіны Івана Самойлавіча, дзе ў рускім перакладзе перакладзеныя словы самага Сірко: «А как родился за ляхами, там хочет й умереть», што паказвае на тое, што Сірко нарадзіўся на Правабярэжжы, то бок на украінскіх землях, якія тады знаходзіліся пад уладай Рэчы Паспалітай.
Трыццацігадовая вайна
[правіць | правіць зыходнік]Ва ўкраінскай гістарыяграфіі XX стагоддзі хібна лічылася, што Сірко браў удзел у Трыццацігадовай вайне (1618—1648) на баку французаў. У прыватнасці сцвярджалася, што ў 1644 годзе Багдан Хмяльніцкі, як вайсковы пісар Войска Запарожскага ў Варшаве сустракаўся з амбасадарам Каралеўства Францыі графам дэ Брэжі і ў наступным годзе падпісаў кантракт, па якім 2500 казакоў далезлі морам праз Гданьск да французскага порта Кале. Камандзірам гэтых казакоў быў Іван Сірко, які ў кастрычніку 1645 года браў удзел у баях супраць Іспанскай імперыі ў Фландрыі пад камандаваннем Людовіка II дэ Бурбона, а ў 1646 годзе, супольна з войскам прынца Кандэ, узяў «ключ ад Ла-Манша» — непрыступную крэпасць Дзюнкерк.
Аднак даследаванні сучасных гісторыкаў даводзяць, што ў крыніцах, якія прысвечаны Трыццацігадовай вайне, імя Івана Сірко не згадваюць. Таксама адсутнічаюць простыя згадванні пра ўдзел украінскіх казацкіх падпадзелаў у канфлікце. Робіцца здагадка, што «легенда пра Сірко» паўстала праз перакручвання папярэднімі гісторыкамі імя французскага генерала, «барона дэ Cіpo».
Кашавы атаман
[правіць | правіць зыходнік]Браў удзел у войнах Багдана Хмяльніцкага з Рэччу Паспалітай, але больш за ўсё і паспяхова ваяваў супраць татараў і асманаў.
У гістарычных дакументах зафіксаваны ўдзел Івана Сірко ў вызвольнай вайне ўкраінскага народа супраць Рэчы Паспалітай, у прыватнасці ў бітве пад Жванцем 1653 г.
У 1654 годзе Іван Сірко, разам з палкоўнікамі Іванам Багуном, Пятром Дарашэнкам і іншымі, выступаў супраць падпісання Пераяслаўскага пагаднення, і як большасць запарожцаў, адмовіўся ад прысягі маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу.
У другой палове 1650-х гадоў — Вінніцкі палкоўнік.
Пасля перамогі гетмана Івана Выгоўскага над маскоўскім войскам пад Канатопам 1659 года Сірко, нахадзіўся ў апазіцыі да гетмана, як помсту за рэйд арды па зборы ясыра па Левабярэжжы, на чале запарожцаў нанёс паражэнне хаўруснікам гетмана — крымскім татарам пад Акерманам, і папустошыў стэпавы Крым. Праз што татары, хаўруснікі Гетманства, змушаны былі вярнуцца ў Крым, і Іван Выгоўскі адмовіўся ад далейшага паходу на Маскву.
Сірко адмовіўся паставіць свой подпіс, нават пры гетману Юр’ю Хмяльніцкім, пад Пераяслаўскімі артыкуламі 1659 года.
Пад канец 1660 года Сірко даканцова парваў з Ю. Хмяльніцкім і адправіўся на Чартамлыкскую Сеч.
У 1660—1680 гадах дванаццаць разоў яго абіралі кашавым атаманам.
У 1664 годзе пасяліўся з сям’ёй пад Харкавам, у дзвюх вёрстах ад Мэрэфы. Абраны на пасаду палкоўніка Харкаўскага палка (1664—1665, 1667 гады).
Як палітык часта змяняў арыентацыю.
Выступаў супраць Івана Выгоўскага, Юр’я Хмяльніцкага (якога некалі падтрымваў супраць Выгоўскага) і Паўла Цяцеры, якіх абвінавачваў у прапольскай палітыке; аднак, у гэты ж перыяд быў супернікам Масквы.
Нягледзячы на сваю варожасць да асманска-татарскага свету, доўгі час падтрымваў гетмана Пятра Дарашэнку, пасля арганізаванага ім пакарання смерцю Івана Брухавецкага, як і запарожцы, пакінуў гетмана.
Пасля Андросаўскага перамір’я 1667 заняў пэўна антымаскоўскую (і разам з тым антыпольскую) пазіцыю, прымаў актыўны ўдзел у паўстанні супраць царызму.
Меў шырокія сувязі і ўплывы на Левабярэжнай і Слабадской Украіне, на якой займаў маёнтак; нейкі час быў палкоўнікам (тытулярным) нежынскім (ад Дарашэнкі) і харкаўскім.
У 1672 годзе прэтэндаваў на гетманскую булаву, што пасварыла яго з новым гетманам Іванам Самойлавічам і маскоўскім урадам, які саслаў яго ў Табольск (мабыць, галоўным чынам за падтрымку Дарашэнкі і сувязі са Сцяпанам Разіным).
Па вяртанні з няволі (1673 год) да канца жыцця застаўся супернікам Масквы і Самойлавіча, баронячы перадусім аўтаномныя інтарэсы Запарожжа і ў імя іх усталёўваючы сувязі, то з Рэччу Паспалітай, то нават з Асманскай імперыяй і Крымам.
У 1675 годзе здзейсніў бліскучы паход, заблакаваўшы ўварванне Асманскай імперыі на Чыгірын, пабіў крымскую арду і янычараў Ібрагім-пашы, якія ўварваліся ва Украіну.
Іван Крып’якевіч у сваёй працы «Гісторыя Украіны» пра Івана Сірко напісаў:
Але палітычны светапогляд Сірко быў неглыбокі: па-за змаганнем з басурманамі, якому прысвячаў усе сілы, ён не бачыў іншых праблем і мімаволі шкодзіў шырэйшым планам украінскіх дзяржаўнікаў.
Арыгінальны тэкст (укр.)Але політичний світогляд Сірка був неглибокий: поза боротьбою з бусурменами, якій присвячував усі сили, він не бачив інших проблем і мимоволі шкодив ширшим планам українських державників.
Чыгірынскія паходы
[правіць | правіць зыходнік]Запарожскія казакі ўзялі ўдзел у адбіванні другога так званага Чыгірынскага паходу статысячнага асмана-татарскага войска, якое ўзяло ў аблогу Чыгірын, плануючы пасля заваёвы гэтага горада зрабіць яго плацдармам для захопу Правабярэжнай, а потым і ўсёй Украіны. Чыгірын баранілі 40-тысячнае царскае войска пад камандаваннем Рамаданаўскага і 20-тысячнае казацкае войска на чале з гетманам Іванам Самойлавічам. У 1677 г. пасля беспаспяховай трохтыднёвай аблогі асманы і татары змушаны былі адступаць з Украіны.
У 1678 г. у Чыгірын прыйшло 200 тысяч асманскіх і татарскіх войскаў, ім супрацьстаялі 70-тысячнае царскае войска і 50 тысяч украінскіх казакоў. І гэты паход апынуўся бясплодным для асмана-татарскіх войскаў, хоць яны і занялі і зруйнавалі горад. Падчас другога Чыгірынскага паходу запарожскае войска павінна было нанесці ўдары па тылах асманска-татарскіх войскаў.
Асноўныя сілы запарожцаў, якія ўзначальваў Іван Сірко, дзеялі над Ліманам. На вайсковай радзе вырашылі знішчыць буйны марскі транспарт з харчам, які быў адпраўлены з Канстанцінопаля. У Ачакаве хлебныя запасы праз плыткаводдзя Дняпра былі перагружаны з 15 катарг і 7 караблёў на 130 дробных суднаў. Адтуль паша рушыў да Кізі-Керменя, які асманскае камандаванне спрабавала скарыстаць як харчовую базу для забеспячэння сваіх войскаў.
Запарожцы прапусцілі асманскія караблі ў Дняпро, а потым з тылу стукнулі па іх. Бой быў кароткі. Казакі знішчылі асманаў, а весляроў катарг — палонных — вызвалілі. У лісце да Самойлавіча Іван Сірко напісаў: «…липня 12 числа проти Краснякова на гирлі Карабельном, ударив на ті всі судна, оволоділи єсми ними одне тільки судно вітрилами й многими гребці ушло». Было ўзята 500 палонных, а таксама захоплена 7 гармат, 20 сцягоў і ўвесь харч. Для асманскага войска, якое і да таго трывала ад нястачы харчу і фуражу, гэта была вялікая страта.
Пакінуўшы частку войскаў з ясырам і запасамі харчу ў Кардышыне і адправіўшы палонных да ўкраінскага гетмана, а асманскага начальніка — у Маскву, нізавое запарожскае войска на чале з Іванам Сірко пайшло «на Буг к турскому мосту и заставе». Запарожскія казакі спалілі асманскія масты, знішчылі варту і захапілі шмат фурманак з рознымі запасамі, якія скіроўваліся ў Чыгірын. Візір змушаны быў адправіць малдаўскага і валашскага гаспадароў з войскам для адбудоўвання мастоў.
У звязку падрыхтоўкай да новага наступу султанскі ўрад яшчэ вясной 1679 г. прыступіў да збудавання ў нізоўях Дняпра дзвюх крэпасцяў-«мястэчак». Асманскі ўрад ужо даўно меў намер пабудаваць на Дняпры крэпасці, якія былі б апорнымі пунктамі падчас паходаў на Левабярэжную Украіну. 25-тысячнае войска павінна было выступіць супраць Запарожскай Сечы. Менавіта з гэтым асманскім паходам гістарычная традыцыя злучае знакаміты адказ запарожцаў і іх кашавога атамана Івана Сірко асманскаму султану.
Вядомы ліст Запарожскіх казакоў да султану Асманскай імперыі Мехмета IV 1676 г. падпісаў Іван Сірко, што паказана ў вядомай карціне Іллі Рэпіна.
Апошнія гады жыцця
[правіць | правіць зыходнік]Сірко выходзіў пераможцам з дзясяткаў антыасманскіх паходаў. У змаганні супраць агрэсіі Асманскай імперыі Сірко правёў больш за 55 паспяховых паходаў і ніводнага не прайграў.
На ўзбярэжжах Чорнага мора і Крыма няраз бралі Ачакаў, Белгарад-Днястроўскі, Ізмаіл, Кілію, Цягыню (Бендэр), Арабат, Перакоп, нават Ясы; татарскія маткі палохалі дзяцей імем Сірко.
За змаганне супраць асманаў і татараў — герой украінскіх народных паданняў і дум.
Ужо пад старасць ён успамінае ў лісце да маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, што пад канец дваццатых гадоў яму разам з Багданам Хмяльніцкім выпала быць у марскім паходзе запарожскіх казакоў супраць асманскай крэпасці Трапезунд.
У 1680 годзе супольна з данцамі Сірко ў апошні раз апусціў сваю пераможную булаву ў бітве з ардынцамі. Вяртаючыся з паходу, ён даведаўся пра забойства сыноў і жонкі пасля чаго захварэў і з’ехаў з Сечы за 10 вёрстаў на свой пчальнік у сяло Грушаўка. У «Летапісы» Самойла Вялічка напісана:
«…тым жа летам, 1 жніўня, памёр у сваім пчальніку ў Грушаўце, папахварэўшы пэўны час, славуты кашавы атаман Іван Сірко… пахаваны ён шляхетна… з найвялікшай гарматнай і мушкетнай стральбой і з вялікім жалем усяго Нізавога войска. Таму што гэта быў умелы і шчаслівы правадыр, які з маладых гадоў аж да сваёй старасці …не толькі значна ваяваў за Крым і спаліў у ім некаторыя гарады, але таксама разграміў у дзікіх палях… шматлікія татарскія чамбулы і адбіваў палонны хрысціянскі ясыр».
Арыгінальны тэкст (укр.)«…того ж літа, 1 серпня, преставився від цього життя в своїй пасіці Грушовці, похворівши певний час, славний кошовий отаман Іван Сірко… поховано його знаменито… з превеликою гарматною й мушкетною стрільбою і з великим жалем всього Низового війська. Бо це був справний і щасливий вождь, який з молодих літ аж до своєї старості …не тільки значно воював за Крим і попалив в ньому деякі міста, але також погромлював у диких полях… численні татарські чамбули і відбивав полонений християнський ясир».
Пахаваны Іван Сірко каля Чартамлыкскай Сечы (зараз сяло Капулоўка Нікапальскага раёна Дняпроўскай вобласці). У 1967 годзе яго перапахавалі на іншым краі сяла, бо вады Кахоўскага водасховішча наблізіліся да магілы. Дакладна сказаць, што гэта — рэшткі Сірко, немагчыма. Вядома, што яму адсеклі правую руку, як ён загадаў у сваім тэстаменце. Пры раскопах магілы былі знойдзены абедзве цэлыя рукі, таму дзе ён у рэчаіснасці пахаваны, нікому не вядома.
Надпіс на надмагільнай стэле атамана: «Р. Б. (Року божего) 1680 мая 4 Преставися рабъ Бож. Іоанъ Сѣрко Дмитровичъ атамань кошовий воска Запорозкого за его Ц. П. В. (Царского Пресветлого Величества) Федора Алексѣвича. Памят Праведнаго со похвалами».
Штогадова, 1-2 жніўня, на магіле Івана Сірко (што ў 2 кіламетрах ад сяла Капулоўка) праводзяць ушанаванне памяці Славутнага кашавога атамана, якое збірае тысячы ўкраінцаў з усёй краіны і з замежжа. 23 жніўня 2000 года адбылася ўрачыстая цырымонія перапахавання рэштак кашавога атамана ў Капулоўке. У склепе знаходзяцца ўсе рэшткі кашавога. Гісторыя з яго рукой з’яўляецца легендай. З Масквы адзысканы часткі цела, якія былі выняты раней: чэрап і некаторыя іншыя часткі. Па чэрапе быў адноўлены яго партрэт, з якога зроблены бюст на магіле. Перад пахаваннем былі даследаваны рэшткі і ўсталявана, што яны адпавядаюць апісанню Івана Сірко і маюць характэрныя атрыманыя ім сляды ад параненняў. Аднак генетычная экспертыза не рабілася. Матэрыялы гэтых даследаванняў ёсць у Дняпры ў гістарычным музеі.
Ушанаванне памяці
[правіць | правіць зыходнік]-
Помнік Івану Сірко ў Харкаве
-
Помнік кашавому атаману Івану Сірко ў Покрыве
-
Памятная манета НБУ, прысвечаная Івану Сірко, 10 грывень (2002 г.)
-
Паштовы блок «Казацкая Украіна»: Іван Багун, Іван Гонта, Іван Падкова, Іван Сірко
-
На эмблеме 7-й дывізіі НГУ
-
Бюст Івана Сірко ў Дняпроўскім нацыянальным гістарычным музеі
-
Помнік на магіле Івана Сірко
-
Былы помнік Івану Сірко (каля сяла Капулоўка, 1906 г.)
- У 1990 годзе ў рамках свята «500-годдзе Запарожскага казацтва» на вуліцы Івана Сірко ў Нікапалі адкрыта мемарыяльная табліца з барэльефнай кампазіцыяй: галава Сірко і некалькі казакоў на конях, адзін з іх з бандурай, і надпіс: «вуліца названа ў гонар героя Украіны, кашавога атамана Войска Запарожскага Нізавога сера Івана Дзмітрыевіча».
- У г. Запарожжа штогадова ў першую суботу жніўня (з 1991 года) у магілы Івана Сірко адбываецца яго ушанаванне ўкраінскім казацтвам. Цяпер правядзеннем гэтых імпрэз займаецца казацкі дабрачынны фонд «Мемарыял Івана Дзмітрыевіча Сірко».
- У 1992 годзе ў сяле Тарговіца Новаархангельскага раёна быў адкрыты памятны знак з гранітнай пліты чорнага колеру з выявай Івана Сірко і надпісам: «Цягам 1654—1697 гг. у Тарговіце знаходзіўся кашавы атаман Запарожскай Сечы Іван Дзмітрыевіч Сірко».
- 30 траўня 1993 года адкрыты помнік-бюст на Майдане Перамогі ў Мэрэфе.
- 26 лютага 2002 года Нацыянальны банк Украіны выпусціў у абарачэнне памятную манету «Іван Сірко» наміналам 10 грывень (срэбра) з серыі «Героі казацкай эпохі», прысвечаную выбітнаму казачаму вайскаводу і актыўнаму ўдзельніку вызвольнай вайны 1648—1654 гг., хвалебнаму кашавому атаману Запарожскай Сечы, які здзяйсняў паспяховыя паходы на Крымскае ханства і прычарнаморскія асманскія крэпасці.
- 24 жніўня 2014 года, на Дзень Незалежнасці Украіны, у горадзе Харкаў быў урачыста адкрыты помнік Івану Сірко. Манумент адкрылі за сродкі, сабраныя таварыствамі.
- У яго гонар названы 11 батальён УПЮ імя Івана Сірко.
- У гонар Івана Сірко названы вуліцы ў шматлікіх гарадах Украіны.
- 19 лютага 2016 года адна з пераназваных вуліц Жытоміра названа ў гонар Івана Сірко.
- 23 жніўня 2017 года ў Харкаве адкрыты 7-мятровы помнік атаману Івану Сірко аўтарства Аляксандра Рыднага.
- У 2019 годзе 92-я асобная механізаваная брыгада Ўзброеных сіл Украіны атрымала ганаровую назву ― «імя кашавога атамана Івана Сірко».
- На о. Хорціца Гісторыка-культурны комплекс «Запарожская Сеч» помнік Івану Сірко, выраблены з суцэльнага дрэва.