Аберацыя аптычнай сістэмы
Аберацыі аптычных сістэм — скажэнні відарысаў у аптычных сістэмах.
Аберацыі абумоўлены недасканаласцю пераламляльных і адбівальных паверхняў аптычных сістэм, выкарыстаннем шырокіх пучкоў прамянёў нямонахраматычнага святла. Выяўляюцца ў парушэнні геаметрычнага падабенства відарыса і арыгінала або афарбоўцы відарыса. Адрозніваюць геаметрычныя, храматычныя і дыфракцыйныя аберацыі аптычных сістэм.
Геаметрычныя аберацыі аптычнай сістэмы выяўляюцца ў монахраматычным святле, падзяляюцца на астыгматызм, дысторсію, кому і сферычную аберацыю (відарыс пункта мае выгляд кружка рассейвання; абумоўлена тым, што вонкавыя і цэнтральныя зоны лінзы са сферычнымі паверхнямі даюць відарыс у розных месцах аптычнай восі).
Храматычныя аберацыі аптычнай сістэмы ўзнікаюць у натуральным святле ў выніку неаднолькавага пераламлення прамянёў святла з рознай даўжынёй хвалі (адсутнічаюць у аптычных сістэмах з адбівальнымі паверхнямі).
Дыфракдыйныя аберацыі аптычнай сістэмы ўзнікаюць пры дыфракцыі святла на дыяфрагмах, аправах лінзаў і люстэркаў; абмяжоўваюць раздзяляльную здальнасць аптычнай прылады.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).