Аб’яднаная тэрытарыяльная грамада
Аб'ядна́ная тэрытарыя́льная грамада́ (укр.: Об'єднана територіальна грома́да) — першасны орган мясцовага самакіравання ва Украіне.
У адпаведнасці з рэформай дэцэнтралізацыі тэрытарыяльныя грамады замянілі сельскія, пасялковыя і гарадскія саветы, утвораныя яшчэ ў часы СССР. Станам на 2020 год аб'яднанымі тэрытарыяльнымі грамадамі пакрыта ўся тэрыторыя Украіны акрамя Аўтаномнай Рэспублікі Крым, дзе яны будуць утварацца ўжо пасля дэакупацыі.
Сутнасць[правіць | правіць зыходнік]
Тэрытарыяльная грамада ствараецца як аб'яднанне жыхароў некалькіх разрозненых вёсак, мястэчак або гарадоў у адно адміністрацыйнае ўтварэнне. Пасля аб'яднання ствараецца новы адміністрацыйны цэнтр (як правіла, ім становіцца найбуйнейшы населены пункт), а ў ім — новы, агульны для ўсіх аб'яднаных населеных пунктаў савет і іншыя органы самакіравання. Утварэнне АТГ стала магчымым дзякуючы рэформе дэцэнтралізацыі.
Аб'яднаная тэрытарыяльная грамада, адміністрацыйным цэнтрам якой вызначаны горад, з'яўляецца гарадской тэрытарыяльнай грамадой, цэнтрам якой вызначана пасёлак гарадскога тыпу - пасялковай, цэнтрам якой вызначана сяло - сельскім. У вёсках, дзе пражывае больш за 50 жыхароў, выбіраюць сельскага старасту, які ўваходзіць у выканаўчы камітэт аб'яднанага савета.
Стварэнне АТГ спрашчае атрыманне грамадзянамі адміністрацыйных паслуг і набліжае адпаведныя органы да месца пражывання людзей: у кожнай АТГ ствараецца свой Цэнтр надання адміністрацыйных паслуг (ЦНАП).
Фінансы[правіць | правіць зыходнік]
Пасля ўтварэння, АТГ атрымлівае рэсурсы населеных пунктаў і адпаведныя паўнамоцтвы. Акрамя гэтага, АТГ пераходзяць на прамыя бюджэтныя адносіны з дзяржаўным бюджэтам, не падпарадкоўваюцца адпаведнаму раённаму савету, а самі вызначаюць кірункі развіцця і мэты, на якія маюць выкарыстоўвацца заробленыя грошы. Аб'яднаныя грамады атрымліваюць такія ж даходы, якія раней атрымлівалі толькі гарады абласнога значэння, бо пасля аб'яднання ў бюджэце АТГ застаецца:
- 60 % падатку на даходы фізічных асоб;
- 100 % падатку на маёмасць;
- 100 % адзінага падатку;
- 5 % акцызнага падатку з рознічнага гандлю (тытунь, алкаголь, нафтапрадукты);
- 100 % падатку на прыбытак устаноў камунальнай уласнасці;
- 100 % плацяжоў за наданне адміністрацыйных паслуг;
- 25 % экалагічнага падатку.
З дзяржаўнага бюджэту АТГ непасрэдна атрымліваюць грошы на адукацыю, медыцыну, спорт, культуру, сацыяльную абарону.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Закон Украіны ад 5 лютага 2015 года № 157-VIII "Аб добраахвотным аб'яднанні тэрытарыяльных грамад".