Грамада

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Грамада́ — традыцыйная форма сацыяльнай арганізацыі, група людзей, аб’яднаных агульнасцю становішча, інтарэсаў, якая ставіць перад сабой пэўныя агульныя задачы. Напрыклад, рэлігійная грамада, сялянская грамада, абшчына. Форма сацыяльнай (калектыўнай) арганізацыі, мясцовая супольнасць, мясцовая арганізацыя ці частка грамадства.

Агульныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Узнікла ў часы першабытнаабшчыннага ладу. Яе прыкметамі былі агульная ўласнасць на сродкі вытворчасці і традыцыйныя формы самакіравання. З развіццём грамадства, маёмаснай няроўнасці і прыватнай уласнасці мянялася і форма грамады: радавая (матрыярхат), сямейнае (патрыярхат), сельская (пазямельная) грамада ці абшчына. З умацаваннем буйнога феадальнага землеўладання страціла незалежнасць, ператварыўшыся ў залежную ад пануючых слаёў грамадства арганізацыю непасрэдных вытворцаў. Згодна з фармацыйнай канцэпцыяй распалася з развіццём капіталістычных адносін.

Паводле Вялікай савецкай энцыклапедыі, грамада — сельская абшчына ў Беларусі і Украіне да пачатку ХХ стагоддзя (Сельская грамада). Паводле Этымалагічнага слоўніка 1989 года, грамада — абшчына, група, таварыства;

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На працягу VI—IX ст. на прасторах Усходняй Еўропы вылучаюцца тры стадыяльныя віды грамады: вялікасямейная, тэрытарыяльна-вялікасямейная і тэрытарыяльная грамада ці абшчына. Вялікасамейная грамада складалася з вялікіх патрыярхальных сем’яў, якія пасяляліся на нязначнай адлегласці адна ад адной і захоўвалі сямейнае адзінства. Тэрытарыяльна-вялікасямейная грамада аб’ядноўвала рознатыповыя сем’і — пераважна патрыярхальныя, а таксама невялікія непадзеленыя і манагамныя, якія жылі на значнай адлегласці і адносіны паміж якімі вызначаліся не толькі роднаснымі сувязямі, але і неабходнасцю пражывання на агульнай тэрыторыі (суседскія, тэрытарыяльныя сувязі). Тэрытарыяльная грамада складалася ў асноўным з невялікіх нераздзельных і манагамных і часткова з вялікіх патрыярхальных сем’яў, якія ўсе разам пражывалі на адной тэрыторыі і падтрымлівалі суседскія адносіны.

У раннім сярэднявеччы асноўнай формай незалежнай грамады выступала верв. Паралельна, пачынаючы з Х—ХІ ст., існавалі залежныя ад замкаў грамады княжых сёл і пасадскія грамады старажытных гарадоў. У XIV—XVI ст. важнай формай грамад у Вялікім княстве Літоўскім былі грамады-воласці, якія складаліся як з асобных вялікіх дворышчаў, у кожным з якіх пражывала вялікая непадзеленае сям’я, так і з іх аб’яднанняў — селішчаў і вёсак-грамад, якія сфармаваліся ў старых паселішчах воласці. Такія грамады з улікам пэўных акалічнасцяў можна нават лічыць своеасаблівымі тэрытарыяльна-адміністрацыйнымі адзінкамі. Валасная форма грамад акрамя ўласна Беларусі сінхронна была распаўсюджаная па тэрыторыі еўрапейскай часткі сучаснай Расіі (у цэнтральных рэгіёнах — да сярэдзіны XVI ст.; на поўначы і паўночным усходзе — да сярэдзіны XVII ст.) і Украіны (да канца XVI ст.). У агульнаеўрапейскім кантэксце грамада-воласць была тыпалагічна блізкая да абшчын Скандынавіі. Для дадзенага тыпу тэрытарыяльнай грамады была характэрная значная ўпраўленчая, судовая і фіскальная аўтаномія ў спалучэнні з рэгуляваннем землекарыстання і рэжыму сельскагаспадарчай вытворчасці.

На працягу XVI ст. у ходзе трансфармацыі грамады-воласці асноўнай формай тэрытарыяльнай абшчыны становіцца асобная шматдворная вёска (далевога і падворнага тыпаў), якая складалася пераважна з аднасямейных хатніх гаспадарак (дымоў, дамоў, падым’яў і г.д.). У складзе грамады асобнай вёскі працягвалі часткова захоўвацца вялікасямейныя дворышчы, якія ў межах асобных частак або вуліц адлюстроўвалі ў мікрамаштабе сельскую грамаду (уласнае самакіраванне, звычаі, культ продкаў і г.д.).

Сутнасць эвалюцыі дворышчнага ладу заключалася ў пераўтварэнні дворышч і іх груп — складовых частак валасной формы грамады — у долевыя і падворныя грамады шматдворных вёсак. Пераходнай формай ад паўраздзельнага дворышча грамады-воласці да грамады шматдворнай вёскі былі вядомыя з XV ст. сябрынныя ці таварыскія грамады (пераважна долевага тыпу).

На працягу XVII—XVIII ст. эвалюцыя тэрытарыяльнай грамады адбывалася шляхам яе пераўтварэння ў дадатак да памеснай сістэмы. З развіццём капіталістычных адносін грамады і абшчыннае землеўладанне паступова распадаліся і былі канчаткова падарваныя Сталыпінскай аграрнай рэформай.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]