Аданара

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аданара
індан. Solor
Заходні бераг
Заходні бераг
Характарыстыкі
Плошча497 км²
Насельніцтва126 469 чал.
Шчыльнасць насельніцтва254,46 чал./км²
Размяшчэнне
8°20′05,70″ пд. ш. 123°10′07,60″ у. д.HGЯO
АкваторыяБанда
Краіна
Аданара (Інданезія)
Аданара
Аданара
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Адана́ра (індан.: Adonara) — востраў у групе Салор. Уваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Усходняя Нуса-Тэнгара. Плошча — 497 км². Насельніцтва (2020 г.) — 126 469 чалавек.

Месціцца за 600 м на захад ад Флорэса, за 1798 км на паўднёвы ўсход ад Джакарты, сталіцы Інданезіі. Мае вулканічнае паходжанне. Актыўны стратавулкан Ілібаленг (1659 м) на паўднёвым усходзе вострава з'яўляецца яго найвышэйшым пунктам. На паўночным захадзе вылучаюцца вапняковыя фарміраванні каралавага паходжання. На поўдні і захадзе сустракаюцца алювіяльныя раўніны.

Клімат трапічны з ясна акрэсленымі вільготным і засушлівым сезонамі. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — да 2000 мм. Аднак ападкі размяркоўваюцца нераўнамерна ў залежнасці ад сезона і вышыні над узроўнем акіяну. Большасць дажджоў выпадае ў гарах, у той час як на ўзбярэжжы адносна суха.

Значная частка паверхні пакрыта трапічнымі лясамі. Пераважаюць засухаўстойлівыя расліны. Характэрна, што мясцовыя раслінаводы таксама спецыялізуюцца на вырошчванні засухаўстойлівых сартоў кукурузы, проса, салодкай бульбы, маніёка. У гарах існуюць камерцыйныя плантацыі кавы, какавы і гваздзіковага дрэва. Аданара знакаміта рэдкімі відамі трапічных птушак.

Большасць насельніцтва Аданары складаюць прадстаўнікі асобнай аўстранезійскай этнічнай супольнасці аданарцаў, якія згодна традыцыі, паходзяць з вострава Серам. Тым не меней, мясцовыя культура і мова бліжэй да жыхароў суседніх усходняга Флорэса і Салора. На поўначы таксама жывуць баджа.

Да прыходу еўрапейцаў на ўзбярэжжы Аданары сфарміраваліся 3 султанаты, дзе вызначальную ролю адыгрывалі гандляры-мусульмане. Насельнікі гор захоўвалі незалежнасць, калі кожная вёска мела свайго правадыра. У 1520 г. на Салоры партугальцы заснавалі калонію. Вызначальную ролю ў кіраванні ёю адыгрывалі дамініканцы. Мусульманскія валадары Аданары супраціўляліся ўладзе партугальцаў. Тым не меней, каталіцкія місіянеры хрысціянізавалі значную частку астравіцян. У XVII ст. прыбярэжныя аданарцы падтрымалі ў барацьбе з партугальцамі галандцаў. Уключэнне вострава ў склад Галандскай Ост-Індыі адбылося толькі ў 1859 г. У 1950 г. Аданара была далучана да незалежнай Інданезіі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]