Акамтун

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Акамтун
ісп.: Ocomtún
18°50′17″ пн. ш. 89°52′26″ з. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Дата заснавання 600
Дата скасавання каля мерк. 1000
Map

Акамтун (ісп.: Ocomtún; з юкатэкскай  (англ.) мовы мая — «каменная калона») — археалагічны помнік, размешчаны на тэрыторыі экалагічнага запаведніка Баламку ў муніцыпалітэце Калакмуль, штат Кампечэ, Мексіка. Прадстаўляе сабой рэшткі горада, раскінутыя на тэрыторыі больш за 50 гектараў. Быў знойдзены ў чэрвені 2023 года групай археалагічных даследаванняў пад кіраўніцтвам Івана Шпрайца з дапамогай аэрафотаздымкі і лазернага сканавання[1].

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Назва звязана са шматлікімі цыліндрычнымі каменнымі калонамі на тэрыторыі былога горада[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У класічны перыяд цывілізацыі мая (250—1000 гг.н. э.) Акамтун быў важным рэгіянальным цэнтрам рэгіёну Tierras Bajas Centrales. Тут выяўлены керамічныя рэшткі, датаваныя познім класічным перыядам (600—800 гг. н. э.). Прыкладна ў 800—1000 гадах горад перажыў дэмаграфічны крызіс.

У чэрвені 2023 года Акамтум выяўлены навукоўцамі. Знаходка стала вынікам першага палявога сезона праекта пад назвай «Пашырэнне археалагічнай панарамы Цэнтральнай нізіны мая», ухваленага Нацыянальным інстытутам антрапалогіі і гісторыі  (ісп.), які знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства культуры ўрада Мексікі. Кіраваў і каардынаваў мерапрыемствам археолаг Іван Шпрайц з Даследчага цэнтра славенскай акадэміі навук і мастацтва[2].

У склад групы ўваходзілі таксама спецыяліст па эпіграфіцы мая Актавіа Эспарса Ольгін, геадэзіст Алеш Марсеціч, настаўнік Атаста Флорэс Эсківель, археолагі Квінцін Эрнандэс Гомес і Вітан Вуяновіч, а таксама некалькі рабочых з бліжэйшых раёнаў і Нацыянальнага цэнтра паветрана-дэсантных даследаванняў. Рэшткі горада выяўлены пры даследаванні мясцовасці з дапамогай лазернага сканавання з паветра.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Аб’ект размешчаны на высокім плато, акружаным шырокімі забалочанымі тэрыторыямі, асноўная плошча складае больш за 50 га. Тут размешчаны вялікія пабудовы з пірамідамі вышынёй больш за 15 метраў. Ёсць шматлікія круглыя каменныя калоны, якія меркавана былі часткай уваходаў у верхнія пакоі буйных будынкаў. Пабудовы акружаны рознымі групамі ўнутраных панадворкаў. Паміж двума асноўнымі будынкамі знаходзіцца комплекс, які складаецца з розных нізкіх і падоўжаных пабудоў, і пляцоўкі для гульні ў мяч.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]