Аколіца (Мінскі раён)
Вёска
Аколіца
| ||||||||||||||||||||||||
Ако́ліца[2] (трансліт.: Akolica, руск.: Околица), раней Халяўшчына або Аколіца Халяўшчына — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Усяжа. Уваходзіць у склад Астрашыцкагарадоцкага сельсавета.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Самая ранняя вядомая назва мясцовасці — Кардоўшчына. Назва Аколіца Халяўшчына паходзіць ад прозвішча Халеваў, пазнейшых уладальнікаў засценка[3]. У другой палове XX стагоддзя назву скарацілі да вёскі Аколіца. З 1873 года да другой паловы XX стагоддзя мясцовасць вакол храма звалася Крыжагорск, пазней уключана ў склад Аколіцы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ранняя гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У другой палове XVI стагоддзя гэта мясцовасць належала новагародскаму ваяводу Казіміру Валадковічу. 27 жніўня 1666 года шляхціц Габрыэль Халева купіў у яго засценак Кардоўшчына з 10 валокамі зямлі[4]. У межах купленых зямель быў драўляны храм, пабудаваны ў другой палове XVII стагоддзя[5]. Двор з назвай Халяўшчына вядомы прынамсі з першай паловы XVIII стагоддзя[6], уваходзіў у склад Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Унук Габрыэля, Аляксандр Халева, падзяліў зямлю паміж сваёй жонкай і сынамі тастаментам 28 студзеня 1702 і падараваў касцёлу (ці ўніяцкай царкве) у вечнае карыстанне адну валоку зямлі[4]. У 1770-я гады на гары быў збудаваны новы драўляны ўніяцкі храм, замест ранейшага згарэлага.
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Мінскім павеце Мінскай губерні. У 1800 годзе вёска, шляхецкая ўласнасць[7]. У пачатку 1806 года паводле ініцыятывы мінскага біскупа Якуба Дадэркі быў пабудаваны новы драўляны храм з назвай Халяўшчынскі касцёл, прыпісаны да Мінскага кафедральнага касцёла. У 1858—1862 гадах на месцы драўлянага касцёла быў збудаваны новы каменны, кіравала камітэтам нагляду за будаўніцтвам Марыя Тышкевіч з Радзівілаў.
Пасля 1861 года ў Астрашыцка-Гарадоцкай воласці Мінскага павета, былі аднайменныя ваколіца, фальварак і ўрочышча.
У час паўстання 1863 года ў Халяўшчыне шляхам злучэння моладзевых груп, якія выйшлі з Мінска ў ноч на 19 красавіка ўтварыўся аддзел Антона Трусава. У наваколлях Мінска аддзел меў некалькі сутыкненняў з войскамі, але быў дрэнна ўзброены і панёс вялікія страты[8].
За ўдзел у паўстанні быў пакараны смерцю ля Бараўлянаў шляхціц Тэлясфор Халева, сын Антонія, яго частку ад спадчыннага надзелу ў 21 дзесяціну зямлі ва ўрочышчы Халяўшчына канфіскавалі расійскія ўлады[9]. Таксама за ўдзел у паўстанні на ссылку ў Табольскую губерню быў асуджаны яго брат Тамаш Халева, яго частка ад надзелу ў 21 дзесяціну зямлі таксама канфіскавана[9]. У межах рэпрэсій пасля паўстання ў 1866 годзе касцёл быў адабраны расійскімі ўладамі і перададзены праваслаўнай царкве.
У 1873 годзе Халяўшчынская царква была перайменавана ў Крыжагорскую, каб не асацыявацца з каталіцкім шляхецкім родам Халеваў[10]. Адначасова з гэтым мясцовасці вакол царквы нададзена назва Крыжагорск (руск.: Крестогорск)[10]. Дагэтуль пэўны час мясцовасць на картах абазначаецца як засценак Горнаўка[11]. У 1884 годзе ў Крыжагорску адкрылася царкоўна-прыходская школа[12]. На 1917 год у сяле Крыжагорск было 2 двары, 18 жыхароў (усе беларусы)[13]. Крыжагорск уключаны ў склад Аколіцы ў другой палове XX стагоддзя.
У 1888 годзе землеўладальнікамі ў Халяўшчыне былі: мяшчанка каталічка Паўліна Міхайлаўна Багуміла (40 дзесяцін у фальварку), дваранка каталічка Юстына Францаўна Гадачэўская (52 дзесяціны ў фальварку), дваранін каталік Юзаф (Іосіф) Мяйштовіч (86 дзесяцін у маёнтку), праваслаўны мешчанін Іван Антонавіч Машынскі (20 дзесяцін у фальварку), дваранка каталічка Аляксандра Аляксандраўна Пржыгодзкая (Прыгодская) (19 дзесяцін у вёсцы), мешчанін каталік Ігнацы Аляксандравіч Халева (16 дзесяцін), мешчанін каталік Антон Антонавіч Халева (7 дзесяцін), каталік Антон Марцінавіч Халева (40 дзесяцін), мешчанін каталік Адам Юзафавіч (Іосіфавіч) Халева (9 дзесяцін), дваранка каталічка Тэрэза Шыманская (10 дзесяцін), Іван Іванавіч (Ян Янавіч) Шыманскі (20 дзесяцін)[14].
У 1911 годзе ў Халяўшчыне землеўладальнікамі былі: Юзаф (Іосіф) Вацлававіч Багуміла (92 дзесяціны, 90 дзесяцін у 1914 г.), Настасся Вікенцева Валасевіч (40 дзесяцін), Антон Якаўлеў Залівака (15 дзесяцін), Плацыда Андрэеўна Мяйштовіч (66 дзесяцін, таксама ў 1914 г.), Іван (пазашлюбны) Машынскі (10 дзесяцін), Канстанцін Іванавіч Машынскі (18 дзесяцін), Феліцыян Антонаў Раткевіч (Радкевіч; 20 дзесяцін, таксама ў 1914 г.), Восіп Марцінаў Халева (40 дзесяцін, 35 дзесяцін у 1914 г.)[15].
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Астрашыцка-Гарадоцкай воласці атрымлівалі пасведчанні Народнага Сакратарыята Беларусі[16]. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ). За часам польскай адміністрацыі касцёл быў вернуты каталікам, за бальшавіцкай уладай заняты праваслаўнай царквой.
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У 1930-я гады праведзена прымусовая[17] калектывізацыя, у часе якой рэпрэсавана прынамсі адна сям’я[18][заўв 1], створаны калгас «Новы шлях»[17]. У часе палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў рэпрэсаваны яшчэ прынамсі 4 ураджэнцы Халяўшчыны[20][21][22][23]. У 1930-я гады была знішчана драўляная капліца на каталіцкіх могілках[4].
Крыжагорская царква дзейнічала ў 1920-я гады, настаяцель царквы Дзімітрый Паўскі першы раз арыштаваны ў 1931 годзе, за часам прымусовай калектывізацыі, пасля лагера служыў у Цвяры, другі раз арыштаваны ў 1937 годзе і расстраляны.
У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 года да ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1800 год — 13 двароў, 95 жыхароў[7]
- 1897 год — ваколіца, 11 двароў, 59 жыхароў; фальварак, 1 двор, 8 жыхароў; урочышча, 5 двароў, 23 жыхары[7]
- 1908 год — ваколіца, 10 двароў, 82 жыхары; фальварак, 1 двор, 12 жыхароў; урочышча, 4 двары, 37 жыхароў[24]
- 1917 год — ваколіца, 76 жыхароў; фальварак (звесткі на 1921 год), 1 двор, 9 жыхароў; урочышча, 2 двары, 8 жыхароў; усе жыхары беларусы[25]
- 1997 год — 193 двары, 1832 жыхары[7]
- 2009 год — 1940 жыхароў
- 2019 год — 1229 жыхароў[26]
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]
- Былы касцёл Святога Мацвея Апостала (1858—1862). Памылкова прыпісваецца да вёскі Раўбічы. Канфіскаваны пасля паўстання 1863 года і прыстасаваны пад праваслаўную Успенскую царкву. Цяпер у будынку касцёла дзейнічае Музей беларускага народнага мастацтва. —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000373 - Каля касцёл размешчаны старадаўнія могілкі, дзе было пахавана шмат мясцовай шляхты. У канцы XIX ст. за кіламетр на поўдзень ад аколіцы Халяўшчына былі закладзеныя новыя каталіцкія могілкі[4].
- Храм у гонар абраза Маці Божай Млекакарміцелькі (2017—2022; архітэктары А. А. Анісімаў, А. С. Ціханоўская)[27].

- Помнік воінам-аднавяскоўцам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Перанесены на новае месца ў час пашырэння МКАД-2.
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Драўляная капліца на каталіцкіх могілках. Знішчана ў 1930-я гады[4].
- Драўляная брама-званіца перад Халяўшчынскай царквой.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ https://web.archive.org/web/20250615194311/http://pop-stat.mashke.org/belarus-census-2019/minskaja.htm
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Ако́ліцы, мн.
- ↑ Sadok W. Bara̜cz. Cudowne obrazy Matki Najświętszej w Polsce. — Bednarski, 1891. — 318 с.
- 1 2 3 4 5 Віталь Ханецкі Пахаваньні на могілках у Астрашыцкім Гарадку, Раўбічах, Аколіцы, Губічах (да 1917 года) // Годнасьць: Выданьне Згуртаваньня Беларускай Шляхты. — Менск: Адраджэньне, 1997. — № 2(4). — С. 45-47.
- ↑ Костел, стоящий в облаках | Архитектура и строительство. ais.by. Праверана 9 верасня 2025.
- ↑ Планы генерального межевания Белоруссии 1:84К - Астрашыцка-Гарадоцкі сельскі савет, Мінскі раён, Мінская вобласць. retromap.ru. Праверана 8 верасня 2025.
- 1 2 3 4 Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінскага раёна. — Мн.: Беларуская навука, 1998.
- ↑ Ігар Жукоўскі Паўстанне на Бярэзіншчыне, 1863-1864 гады // Наша слова. — 2013. — 13 кастрычніка — № № 46 (1145).
- 1 2 Матвейчык Д. 2016, с. 592.
- 1 2 Кириллъ Смоличъ О переименованіи Холявщинской церкви въ Крестогорскую (Из летописи Крестогорской церкви за 1873 г.) // Минские епархиальные ведомости. — 1875. — № 4. — С. 106-110.
- ↑ Карта Шуберта - квадрат N-35 126K - вуліца Іванаўская, Астрашыцка-Гарадоцкі сельскі савет, Мінскі раён, Мінская вобласць. retromap.ru. Праверана 9 верасня 2025.
- ↑ Приходы 2-го Минского районного благочиния / Официальный портал Белорусской Православной Церкви. exarchate.by. Праверана 9 верасня 2025.
- ↑ Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) 1924, с. 143.
- ↑ Списокъ Землевладѣльцевъ Минской Губерніи за 1888 год 1889.
- ↑ Дрозд Д. 2013.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : [у 4 т.] (бел.) / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія» ; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія, 2018. — Т. 4 / [складзены і падрыхтаваны да друку Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Белкартаграфія» ў 2018 г. ; спецыяльны змест распрацавалі: Н. Г. Балтрушэвіч і інш.]. — 268, [3] с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-508-476-2. С. 19.
- 1 2 Звязда 1938, с. 3.
- ↑ Списки жертв — Петрович Иван Александрович(недаступная спасылка). base.memo.ru. Архівавана з першакрыніцы 6 студзеня 2026. Праверана 8 верасня 2025.
- ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінскага раёна. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 113.
- ↑ Списки жертв — Заянчковский Антон Эдуардович(недаступная спасылка). base.memo.ru. Архівавана з першакрыніцы 25 лістапада 2021. Праверана 8 верасня 2025.
- ↑ Списки жертв — Заянчковский Антон Эдуардович(недаступная спасылка). base.memo.ru. Архівавана з першакрыніцы 6 студзеня 2026. Праверана 8 верасня 2025.
- ↑ Списки жертв — Мейштович Сигизмунд Иосифович(недаступная спасылка). base.memo.ru. Архівавана з першакрыніцы 6 студзеня 2026. Праверана 8 верасня 2025.
- ↑ Списки жертв — Кашинский Франц Зенонович(недаступная спасылка). base.memo.ru. Архівавана з першакрыніцы 1 снежня 2021. Праверана 8 верасня 2025.
- ↑ Ярмоловичъ В. 1909, с. 210.
- ↑ Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) 1924, с. 146.
- ↑ Belarus(недаступная спасылка). pop-stat.mashke.org. Архівавана з першакрыніцы 15 лістапада 2025. Праверана 8 верасня 2025.
- ↑ Околица, Церковь иконы Божией Матери "Млекопитательница" (каменная) (руск.). Соборы.ру. Праверана 8 верасня 2025.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Халяўшчына // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінскага раёна. — Мн.: Беларуская навука, 1998.— 542 с.: іл. С. 627
- Дрозд Д. Землевладельцы Минской губернии, 1900—1917: справочник. — Минск: Медисонт, 2013. — 694 с. — ISBN 978-985-7085-07-1.
- Матвейчык Д. Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў : біяграфічны слоўнік : (паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі). — Мінск: Беларусь, 2016. — 735 с. — ISBN 978-985-01-1159-3.
- Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) / Центральное Статистическое Бюро Б.С.С.Р.. — Минск: Белтрестпечать, 1924.
- Списокъ Землевладѣльцевъ Минской Губерніи [за 1888 год] / Изданіе Минскаго Губернскаго Статистическаго Комитета. — Минскъ: Минская Губернская Типографія, 1889. — 419 с.
- Сяргеенка Г. Калгасная электрастанцыя // Звязда : газета. — Менск: 1938. — № 295 (6271). — С. 3. Архівавана з першакрыніцы 18 сакавіка 2024.
- Ярмоловичъ В. С. Списокъ населенныхъ мѣстъ Минской губерніи. — Минскъ: Изданіе Минскаго Губернскаго Статистическаго Комитета, 1909. — 231 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Аколіца (Мінскі раён)