Раўбічы
Вёска
Раўбічы
| ||||||||||||||||||||
Ра́ўбічы[1] (трансліт.: Raŭbičy, руск.: Раубичи[2]) — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Астрашыцкагарадоцкага сельсавета.
Вёска размешчана за 17 км на паўночны ўсход ад Мінска на беразе Дубраўскага вадасховішча на рацэ Усяжа, на шашы H9059. 114 гаспадарак, 266 жыхароў (2010).
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Пры першым узгадванні 1597 года назва фігуруе як «Ровбичи», што адпавядае народнаму вымаўленню «Роўбічы». Назва адыменнага (антрапанімічнага) паходжання.
Балцка-літоўскае мужчынскае імя «Роўб» вядомае з Перапісу войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 года, дзе засведчаны ваўкавыскі баярын «Ровбъ Остеиковичъ»[3]. Балцкае і імя яго бацькі *Остейко (< *Asteika), у ім пашыральнік -eik- пашырае старабалцкі корань Ast-, семантыка якога такая ж, як і ў больш папулярнага But- («быць, жыць»)[4]. Таго ж кораня імя Осцік (< Astikas / Asteika) у сына кернаўскага баярына Сірпуця і бацькі Радзівіла, пачынальніка роду Радзівілаў[5].
Ад імя «Роўб» шэраг назваў на правым, «літоўскім» беразе Нёмана: Раўбоўшчына ля Шчучына, Роўбы паміж Шчучынам і Лідай, Роўбавічы каля Іўя. Далей у «літоўскі» бок на поўнач ад Нёмана — Роўбішкі каля Эйшышак.
Таго ж паходжання тапонімы і на поўдні і ўсходзе ад ядравай старалітоўскай тэрыторыі. На поўдні — Роўбіцк ля Пружанаў і Роўбаўшчына паміж запрыпяцкімі Оўручам і Чарнобылем. На ўсходзе — Роўбы ля Ушачаў і Роўбічы ля Лагойска.
Размеркаванне гэтых тапонімаў (асабліва аддаленых ад ядравай старалітоўскай тэрыторыі) дазваляе датаваць іх першай паловай XV стагоддзя, калі на поўдні і ўсходзе рассялялася (надзялялася землямі) літоўскае баярства з мэтай умацавання вялікалітоўскай дзяржавы[6][7]. «Роўбавы» вёскі маглі належаць аднаму і таму ж Роўбу, які жыў прыблізна за стагоддзе да ваўкавыскага Роўба Асцейкавіча.
Сучасны літоўскі антрапонім Rauba ставяць у адзін шэраг з Riauba, звязваючы іх з літоўскім riauba «крыкун», riaubti «крычаць, рыкаць». Ад індаеўрапейскага кораня *reu- «рыкаць, хрыпець»[8].
Такога ж паходжання (ад антрапоніма, што падкрэслівае пэўную знешнюю ўласцівасць носьбіта, найверагодней яшчэ ў маленстве) і назвы Смаргоні, Кушлянаў, Докшыцаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1597 годзе сяло маёнтка Прылепы, уласнасць праваслаўнай царквы ў Менскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе ў складзе Расійскай імперыі. У 1800 годзе — вёска, 13 двароў, 94 жыхары, уласнасць падпалкоўніка Ф. Гарадзецкага. У 1858 годзе ўласнасць памешчыкаў І. Кучынскага і К. Равенскай, у Мінскім павеце. У 1858 годзе пабудаваны касцёл, у 1866 годзе пераўтвораны ў праваслаўную Свята-Успенскую царкву. У 1897 годзе вёска, 32 двары, 235 жыхароў, бандарны промысел, у Астрашыцка-Гарадоцкай воласці Мінскага павета. 4 чэрвеня 1906 г. адбыліся сутыкненні вяскоўцаў з паліцыяй пры спробе сагнаць жывёлу са спрэчных пашаў. У 1917 годзе ў вёсцы 34 двары, 244 жыхары.
З лютага да снежня 1918 года вёска акупіравана войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1918 годзе працавала пачатковая школа. У снежні 1918 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час Польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў акупавана войскамі Польшчы.
З 31 ліпеня 1920 года Раўбічы ў складзе Беларускай ССР. Працавала пачатковая школа, у якой у 1924 годзе было 68 вучняў. З 20 жніўня 1924 года вёска ў Астрашыцка-Гарадоцкім с/с Астрашыцка-Гарадоцкага раёна Мінскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года). У 1926 годзе ў вёсцы 42 двары, 237 жыхароў, у фальварку 4 двары, 17 жыхароў. З 18 студзеня 1931 года ў Лагойскім раёне. У 1930-я гады створаны калгас «Першае Мая». З 26 мая 1935 года вёска ў Мінскім раёне. З 20 лютага 1938 года ў Мінскай вобласці У 1941 годзе ў вёсцы 40 двароў, 165 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія спалілі двор, знішчылі 4 жыхароў.
У 1997 годзе 73 гаспадаркі, 131 жыхар. У 2010 годзе базавая школа, магазін.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1800 год — 94 жыхары, 13 двароў.
- 1897 год — 235 жыхароў, 32 двары.
- 1917 год — 244 жыхары, 34 двары.
- 1926 год — 237 жыхароў, 42 двары.
- 1941 год — 165 жыхароў, 48 двароў.
- 1997 год — 131 жыхар, 73 двары.
- 2001 год — 180 жыхароў, 75 двароў[9].
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Касцёл Святога Мацвея Апостала (пабудаваны ў 1858—1862 гг.), цяпер у ім размешчаны музей беларускага народнага мастацтва.
- Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы»
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 верасня 2023. Праверана 1 верасня 2023.
- ↑ Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года. Мінск, 2003. C. 98.
- ↑ В. Н. Топоров. Прусский язык. A-D. Москва, 1975. С. 134—135.
- ↑ R. Petrauskas. Galia ir tradicija: Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės giminių istorijos. Vilnius, 2016. С. 211—226.
- ↑ Адкуль Раўбічы // Arche. № 1. 2022. С. 54—56.
- ↑ Адкуль Бешанковічы // Arche. № 2. 2021. С. 50—53.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 867—868.
- ↑ БелЭн 2001.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 3 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2012. — 624 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0636-9.
- Раўбічы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 374. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Раўбічы