Акцэнтны верш

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Акцэ́нтны верш — від танічнага верша, рытм якога заснаваны на аднолькавай (або прыблізна аднолькавай) колькасці акцэнтаў (апорных рытмічных націскаў) у вершаваных радках. Колькасць міжнаціскных складоў у ім неаднолькавая (звычайна ад 0 да 8 складоў). Калі іншыя віды танічнага верша (акцэнтна-складовы верш, дольнік, тактавік) у пэўнай ступені захоўваюць сувязь з сілаба-тонікай ці сілабікай (аднолькавая колькасць складоў у радках — у акцэнтна-складовым вершы, пэўнае адчуванне метрычнай канвы, перш за ўсё трохскладовых метраў, — у дольніку і тактавіку), то акцэнтны верш з іншымі сістэмамі вершаскладання такой сувязі не мае.

Гісторыя акцэнтнага верша[правіць | правіць зыходнік]

Акцэнтны верш (літаратурны) узнік на аснове народнага інтанацыйна-сказавага верша, яго быліннага тыпу (былінны верш). Першыя спробы акцэнтнага верша былі своеасаблівым перайманнем узораў народнага быліннага верша («Песни западных славян» А. Пушкіна, «Песня про купца Калашникова» М. Лермантава, «…А чалом, чалом» і «Страцім-лебедзь» М. Багдановіча і інш.).

Прыхільнікам акцэнтнага верша быў У. Маякоўскі. Ён найбольш поўна раскрыў велізарныя выяўленчыя магчымасці як акцэнтнага верша, так і танічнай сістэмы вершаскладання ўвогуле. Менавіта таму часам гавораць нават пра верш Маякоўскага як пра своеасаблівы від верша. У радках гэтага верша — розная колькасць складоў, інтэрвалы паміж апорнымі націскамі таксама розныя, але колькасць акцэнтаў (апорных націскаў) аднолькавая ці амаль аднолькавая. Разам з тым у гэтым вершы добра адчуваюцца і моўныя адрэзкі, аб'яднаныя вакол акцэнтаў. Гэтыя сэнсавыя комплексы аддзеленыя адзін ад аднаго рытмічнымі паўзамі і нават вылучаныя графічна (г. зв. лесвіца Маякоўскага), каб не адбылося, як падкрэсліваў паэт, «ні сэнсавай, ні рытмічнай блытаніны». Рытм унутрырадковых націскаў і паўзаў падтрымліваецца паўтарэннем сугуччаў (рыфма) і аднародных клаўзул у канцы вершаваных радкоў, а таксама чаргаваннем міжрадковых паўзаў. Усё гэта і стварае вельмі багатую, гнуткую рытміку як верша Маякоўскага, так і акцэнтнага верша ўвогуле.

Вось адзін з такіх вершаў:

Рака жыцця не прывыкла паказваць броды.
Яна несупынная ў паваротах сваіх.
І помыслы ў сэрцы людскім — глыбокія воды,
Ды чалавек разумны вычэрпвае іх.
Чэрпаць поўным каўшом не стамляецца коўшаль.
І зоры начуюць у цёмных водах на дне.
У водах адстойваецца вякоў жаль,
І туманом таемным на дапытлівасць тхне.
Руплівасць не слухаецца пакорнай дагоды.
І сонца спасцігу ўзыходзіць з-пад вей.
Мялець не думаюць небародныя воды.
Чэрпае чалавек глыбей.
(Р. Барадулін)

Акцэнтны верш у беларускай літаратуры[правіць | правіць зыходнік]

У беларускай сучаснай паэзіі акцэнтны, у адрозненне ад каламыйкавага і дольніка, амаль не выкарыстоўваецца. Тлумачыцца гэта, відаць, перш за ўсё нацыянальнымі фальклорнымі традыцыямі. Пры ўвогуле шырокім бытаванні ў беларускай вуснай творчасці танічнага народнага верша адна яго разнавіднасць — музычна-моўны (песенны) верш — займае ў ёй выключнае становішча, другая — інтанацыйна-сказавы (рэчытатыўны) верш — не знайшла шырокага распаўсюджання. Акцэнтны ж літаратурны верш грунтуецца якраз на другой разнавіднасці народнага танічнага верша. Аднак у беларускай паэзіі на ўзмежжы сілабікі і тонікі яшчэ ў XIX ст. узнікла арыгінальная форма акцэнтна-складовага верша, які можна назваць акцэнтна-складовым вершам. Падчас у вершазнаўчых працах акцэнтны верша называюць ударнікам. Некаторыя даследчыкі тэрмінам «акцэнтны верш» называюць танічную сістэму вершаскладання.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]