Алдувайская культура

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Алдувайская культура (алдаванская культура, галечная культура) — найбольш прымітыўная культура апрацоўкі каменя, калі для атрымання вострага краю камень расколваецца звычайна проста напалову, без дадатковай дапрацоўкі. Узнікла каля 2,7 млн гадоў назад, знікла каля 1 млн гадоў таму. Першыя галечные прылады маглі ствараць яшчэ аўстралапітэкі[1], апошнія — прадстаўнікі віду Homo erectus.

Алдувай

Назва культуры дадзена па частцы Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмыАлдувайскай цясніне ў Серэнгеці (Танзанія), у раёне кратэра Нгорангора. Тут Луісам Лікі і яго жонкай Мэры былі выяўленыя рэшткі шматслаёвых паселішчаў эпохі палеаліту. Ніжнія пласты (каля 1,8—1,7 млн. гадоў назад) далі назву алдувайскай культуры. Тут былі знойдзеныя рэшткі зінджантрапа і прэзінджантрапа, а верхнія пласты, якія былі аднесены да шэльскай і ашэльскай культураў, утрымлівалі рэшткі алдувайскага пітэкантрапа[2]. А ў 1960 годзе мужам і жонкай Лікі тут быў знойдзены чалавек умелы[3].

На падставе сваіх знаходак сям'я Лікі вылучыла гіпотэзу афрыканскага паходжання чалавека з першаснай лакалізацыяй у тым ліку і ў раёне Алдувайскай цясніны.

У Кокіселе, што на паўночна-заходнім беразе возера Туркана (Кенія), таксама былі выяўленыя інструменты ашэльскага і алдувайскага тыпаў у адных і тых жа пластах жвіру, пяску і аргіліту узростам 1,76 млн гадоў. Дадзеныя знаходкі даюць магчымасць меркаваць, што да моманту, калі людзі алдувайскай культуры ўпершыню пачалі пакідаць Афрыку, ашэльская культура ўжо існавала[4].

Самыя паўночныя стаянкі алдувайскай культуры Байрак і Крэцэшты знойдзены ў Малдове ў пойменных адкладах палеа-Днястра[5][6].

Зноскі