Алег Елізараў
Алег Елізараў | |
---|---|
Дата нараджэння | 14 мая 1969 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 15 красавіка 2010 (40 гадоў) |
Месца смерці | |
Род дзейнасці | мастак |
Жанр | мастак, авангардыст |
Вучоба |
|
Мастацкі кірунак | белы стыль |
Алéг Елізáраў (18 мая 1969, Салігорск Мінскай вобласці — 15 красавіка 2010, Салігорск[1]) — беларускі мастак-авангардыст.
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]
Скончыў 8 класаў Салігорскай сярэдняй школы і паступіў у ПТВ, дзе вучыўся на электрыка і адначасова наведваў мастацкую школу. Пасля сканчэння вучылішча працаваў у салігорскіх саляных шахтах.[2].
Пасля няўдалай спробы паступіць у Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут, Алег Елізараў прайшоў падрыхтоўчыя курсы і ў 1990 годзе паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.[3]
Ужо на першых курсах Елізараў вылучаўся добрай падрыхтоўкай, усе класічныя мастацкія заданні рабіў з выдатным майстэрствам. Малады мастак пачаў выкарыстоўваць мінімум фарбы, эксперыментаваў з дадаваннем розных матэрыялаў: крэйды, цэменту, жэлаціну, прыйшоўшы такім чынам да свайго «белага стылю».
У час напісання дыплома мастак канчаткова вызначыўся з аўтарскім почыркам. У тым самым годзе ён становіцца лаўрэатам «Арт-сесіі» (1995) у Віцебску.
Пасля абароны дыплома маладога мастака запрасілі ў Полацк. Алег Елізараў трапіў па размеркаванні на працу ў Дзіцячую мастацкую школу, дзе цалкам раскрыўся з уласнымі аўтарскім стылем і тэхнікай.
Спачатку жыў у інтэрнаце, пабудаваным для рабочых мясцовага прадпрыемства, а пазней перасяліўся ў майстэрню.
Менавіта ў полацкі перыяд канчаткова сфарміраваўся своеасаблівы стыль аўтара, у большасці работ якога асноўным кампазіцыйным элементам з’яўлялася полацкая архітэктура, белы, святочны настрой горада — калыскі беларускай дзяржаўнасці. У Полацку Елізараў заснаваў і згуртаванне маладых мастакоў «Белы Круг».
Праз пяць гадоў працы Алегу Елізараву давялося пакінуць сваю майстэрню і з'ехаць на малую радзіму, дзе ён уладкаваўся на працу ў мясцовую Мастацкую школу.
Быў аўтарам і ўдзельнікам шматлікіх персанальных і калектыўных выстаў. Большасць карцін Елізарава не мае назваў і дакладнай даты напісання.
Па чутках, апошняя карціна Елізарава «Адзінокае неба» была набыта сузаснавальнікам карпарацыі «Майкрасофт» Стывам Бламерам.[4]
Зноскі
- ↑ У Салігорску памёр мастак-авангардыст Алег Елізараў — euroradio.fm, 16.4.2010, 10:24
- ↑ Тамашэвіч М. Ты кажаш: «Белае лета…» // «Культура» № 33 (953), 14-20.08.2010.
- ↑ Карціна дня: «Аптэка» Алега Елізарава — budzma.by, 08.12.2011
- ↑ Трудный выбор белорусских художников: смерть в нищете или эмиграция? Архівавана 13 студзеня 2011. — tut.by, 9.11.2010, 9:03