Перайсці да зместу

Алена Варабей

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Алена Варабей
руск.: Елена Воробей
Асноўная інфармацыя
Дата нараджэння 5 чэрвеня 1967(1967-06-05) (57 гадоў)
Месца нараджэння
Краіна
Альма-матар
Музычная дзейнасць
Прафесіі стэндап-комік, парадыст, актрыса, спявачка, клоўн, вядучая, рэжысёр, гумарыст, тэлевядучая, педагог
Інструменты вакал
Узнагароды
Заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі
Аўтограф Аўтограф
vorobei.ru
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Алена Варабей (руск.: Елена Воробей), сапраўднае Алена Якаўлеўна Лебенбаум (руск.: Елена Яковлевна Лебенбаум; нар. 5 чэрвеня 1967, Брэст) — эстрадная актрыса парадыйнага жанру і кіно, спявачка, Заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі. Жыве і працуе ў Расіі.

Нарадзілася ў сям’і беларускіх яўрэяў Якава і Ніны Лебенбаумаў. Ганарылася сваім прозвішчам і любіла падкрэсліваць яго значэнне — дрэва жыцця. Вучылася ў сярэдняй школе № 20 г. Брэст, а затым у музычным вучылішчы (цяпер Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Рыгора Шырмы). Здольнасці да пародыі выявіліся ў яе яшчэ ў школе. Школьныя настаўнікі сталі першымі персанажамі для яе пародый. Разам з тым любіла спяваць і марыла стаць эстраднай спявачкай. Але бацькі рыхтавалі яе на настаўніка музыкі[1].

У 1988 годзе з трэцяй спробы паступіла ў Ленінградскі тэатральны інстытут (сёння — Санкт-Пецярбурская дзяржаўная акадэмія тэатральнага мастацтва). Паводле яе слоў, каб ездзіць у Ленінград на ўступныя іспыты, тры гады запар ёй давялося мыць пад’езды, разгружаць хлеб, дапамагаць прадаўцам у хлебным аддзеле. Цікава, што пры паступленні прыёмная камісія адзначыла, што спяваць Алена Лебенбаум не ўмее і не здольная гэтаму навучыцца[2]. У Ленінградскім тэатральным інстытуце, які скончыла ў 1993 годзе, яна праходзіла навучанне па класе артыст тэатра, эстрады і кіно Ісака Штокбанта. Артыстка прызнаецца, што падчас навучання цяжэй за ўсё ёй было пазбавіцца свайго беларускага акцэнту, каб пачаць правільна размаўляць па-руску. А лягчэй за ўсё ёй даваўся вакал. Педагогам па вакале была Алена Шмыдлеўская, якая вучыла не толькі класічнай манеры спеваў, але і эстраднай, і джазавай, і якая пасля ўгавораў пагадзілася ўзяць Алену Лебенбаум у свой клас[3].

Са студэнцкіх гадоў пачала працаваць у Ленінградскім тэатры музычнай пародыі «Буфф» разам з такімі вядомымі сёння парадыстамі як Юрый Гальцаў, Генадзь Ветраў. Там у яе была магчымасць іграць у драматычных спектаклях, спяваць і рабіць пародыі. Знайсці свой жанр для яе тады аказалася няпроста — хацела стаць і спявачкай, і парадыстам, і актрысай.

У 1991 годзе выступіла на конкурсе акцёрскай песні імя Андрэя Міронава з музычнай пародыяй. Сваім вобразам і вакальным нумарам яна шакавала журы, якое не ацаніла яе выступ, але пры гэтым у гледачоў яна выклікала вялікае захапленне і была адзначана прызам глядацкіх сімпатый[2]. У 1993 Алена выдатна прадэманстравала свае вакальныя і акцёрскія здольнасці на Усерасійскім конкурсе «Ялта-Масква-Транзіт». Тады яна з’явілася перад гледачамі ў вобразе няўклюднай школьніцы ў акулярах з касічкамі і бутэрбродам у руцэ. Меркаванні прафесійнага журы і гледачоў гэтым разам супалі і Алена Варабей атрымала на конкурсе Гран-пры, адмысловы прыз 1-га тэлеканала — паездку ў Сан-Рэма ды прыз глядацкіх сімпатый.

Аднак пасля гэтага выдатнага поспеху ў Ялце Алена Варабей эстраднай спявачкай не стала — для гэтага патрэбныя былі вялікія грошы, якіх яна не мела. Тым не менш, яна працягвала пісаць песні, агучвала шматлікія рэкламныя ролікі. Вялікую ролю ў яе далейшай акцёрскай кар’еры адыграла знакамітая спявачка Ала Пугачова, якая ў 1998 годзе запрасіла яе прыняць удзел у здымках «Калядных сустрэчаў» («Рождественских встреч»).

Пазней ёю зацікавіўся парадыст Уладзімір Вінакур, які шукаў актрысу для свайго тэатра, аднак працаваць у яго тэатры Алене не давялося: пасля адзінага выступу ў канцэртнай праграме «Левчик и Вовчик. 30 лет спустя», дзе Варабей разам з Гальцавым і Ветравым выканалі парадыйны нумар, да яе падышоў прэзідэнт культурнага фонду «АРТЭС» А. Достман і прапанаваў падпісанне выгаднага кантракта. Праз пэўны час Алена Варабей цалкам перайшла на эстраду ў парадыйны жанр і пачала браць удзел у праграме «Аншлаг». Пачаліся і сольныя канцэрты перад вялікай аўдыторыяй у розных гарадах і краінах. Здымаецца ў кіно.

Творчы псеўданім Алены Лебенбаум мае наступнае тлумачэнне: з аднаго боку, слова «верабей» (руск.: воробей) выдатна адлюстроўвае няўрымслівы тэмперамент артысткі, а яшчэ Алена з дзяцінства любіць спявачку Эдзіт Піяф, прозвішча якой з французскай мовы перакладаецца як «верабей».

Сёння Алена Варабей жыве ў Маскве на Вараб’ёвых гарах, выхоўвае дачку Сонечку, якая нарадзілася ў 2003 годзе. Раней рэгулярна наведвалася ў Брэст, дзе ў сям’і бацькоў выхоўвалася яе дачка. Заўчасна памёрлы дзядзька Алены Лебенбаум (родны брат бацькі) — Яфім Лебенбаум — быў сябрам Брэсцкай гарадской арганізацыі БНФ «Адраджэнне», выступаў за незалежнасць Беларусі, яе дэмакратызацыю, прыхільна ставіўся да беларушчыны і, будучы прыватным прадпрымальнікам, матэрыяльна падтрымліваў утрыманне сядзібы БНФ у Брэсце. Наогул для ўсіх Лебенбаумаў, любоў да Брэста і сваёй краіны былі зусім не чужыя[4].

З 2010 года бацькі Алены Варабей (Лебенбаум) Якаў і Ніна ды сям’я малодшай сястры Наталлі жывуць разам з ёй у Маскве.

  • 2013 «Три богатыря» — Вавёрка
  • 2012 «Красная Шапочка» — бабуля Чырвонага Капялюшыка
  • 2011 «Новые приключения Аладдина» — мама Аладзіна
  • 2010 «Морозко» (мюзікл) — Марфушанька (галоўная роля)
  • 2009 «Золотой ключик» — ліса Аліса
  • 2008 «Золотая рыбка» — Залатая Рыбка
  • 2007 «Первый дома» — сержант міліцыі / Паша Строганава
  • 2007 «Королевство кривых зеркал»
  • 2006 «Бедная крошка» — Кікімара
  • 2006 «1-й Скорый» — бяздарная актрыса (пародыя на «кікімару» кінарэжысёра Якіна з к/ф «Иван Васильевич меняет профессию»)
  • 2005 «Это все цветочки» — Інга
  • 2005 «Бриллианты для Джульетты» — Жанна спявачка
  • 2005 «12 стульев» (Украіна) — Фіма Собак, сяброўка Элачкі-людажэркі
  • 20042005 «Осторожно, Задов!»
  • 2004 «Операция „Эники-Беники“»
  • 2004 «Афромосквич» — настаўніца Жэні
  • 2003 «Женский роман» — эпізод
  • 2001 «Улицы разбитых фонарей»-3 — Ларыса, развядзёная багачка
  • 2001 «Домовой» (16-я серыя)
  • 2001 «Старые песни о главном. Постскриптум» (тэлепраект)
  • 1998 «Тело будет предано земле, а старший мичман будет петь» — эпізод
  • 1993 «Страсти по Анжелике» (Украіна, Расія) — сяброўка
  • 1990 «Бакенбарды» | Sudeberns — удзельніца «Капэлы»

Тэатральная праца

[правіць | правіць зыходнік]
  • «Чего хотят мужчины?» (рэжысёр Вольга Шведава)
  • «Он в Аргентине» — Ніна
  • «Любовь по-итальянски» — Эва
  • «Ты мой Бог» — Сільвія
  • «С любовью не шутят» — Інэса
  • 2007 «Школа № 1»
  • 2006 «Элька» (анімацыйны)
  • 2001 «Улицы разбитых фонарей-3» — вакал

Выконвае песню «Домовой» (музыка Андрэя Іванова, словы Дзмітрыя Рубіна)

  • 2001 «Домовой» (16-я серыя)
  • «Арлекино»
  • «Белый снег»
  • «Домовой» (з серыяла «Улицы разбитых фонарей»)
  • «Замечталась»
  • «Идет солдат по городу» (з хорам ВВ МУС Расіі)
  • «Ой, я мама»

Заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі. Алена Варабей неаднаразова станавілася лаўрэатам Усерасійскіх конкурсаў артыстаў эстрады:

  • «Хит-парад Останкино» (1995)
  • «Кубок юмора» (2002)