Даўжыня да 90 см. Цела акруглае, рыла кароткае. Восевы шкілет акасцянелы, на галаве скурныя косці (прыкмета прымітыўных рыб). Рот канцавы. Луска цыклоідная; спінны плаўнік доўгі, хваставы — сіметрычны, круглаваты. Драпежнік, есць бесхрыбетных і рыбу. Жыве ў неглыбокіх стаячых забалочаных вадаёмах Паўночнай Амерыкі на поўдзень ад Вялікіх азёр.
Атрад аміявідных (лац.: Amiiformes) вядомы з сярэдзіны трыясавага перыяду[1], у мезазоі перажываў росквіт, але ў ХХ-ХХІ ст. засталося толькі адно сямейства — аміявыя і толькі адзін від — глейная рыба (Amia calva).
Вільдэр назіраў за тым, як глейная рыба дыхае: яна падымаецца да паверхні вады, шырока раскрывае рот, пры гэтым не ўдыхаючы паветра, а праглынаючы вялікую яго колькасць. Гэты «ўдых» часта паўтараецца, калі вада сапсаваная ці даўно не мянялася.
Ікра глейнай рыбы нагадвае асятровую і прадаецца як яе недарагі аналаг. Глейная рыба адпавядае патрабаванням кашрута, яе ікра можа ўжывацца прыхільнікамі іўдаізму. Мяса аміі — неядомае.