Андрэй Іванавіч Барысаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Андрэй Іванавіч Барысаў
руск.: Андрей Иванович Борисов
Дата нараджэння 1798
Месца нараджэння
Дата смерці 30 верасня 1854(1854-09-30)
Месца смерці вёска Малая Развадная Іркуцкай губерні
Прыналежнасць Расійская імперыя
Гады службы 1816-1823
Званне падпаручнік

Андрэй Іванавіч Барысаў 1-ы (1798 — 30 верасня (12 кастрычніка) 1854[1]) — адстаўны падпаручнік, дзекабрыст.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў дваранскай сям’і. Бацька — адстаўны маёр Чарнаморскага флоту Іван Андрэевіч Барысаў, маці — Праскоўя Емяльянаўна Дзмітрыева. Малодшы брат — Пётр Іванавіч Барысаў.

Атрымаў хатнюю адукацыю ў бацькі. Матэматыцы і артылерыі навучаўся ў дзекабрыста А. К. Берсцеля  (руск.). Захапляўся прыродазнаўствам і філасофіяй, вывучаў працы філосафаў Вальтэра, Гельвецыя, Гольбаха і іншых.

Ваенная служба[правіць | правіць зыходнік]

Разам з братам паступіў на службу юнкерам у 26 артылерыйскую брыгаду 10 чэрвеня 1816 года. З 18 чэрвеня 1820 года ў званні прапаршчык. 6 ліпеня 1820 пераведзены ў 8 артылерыйскую брыгаду. 24 снежня 1823 года звольнены са службы ў званні падпаручнік па сямейных абставінах.

Дзекабрыст[правіць | правіць зыходнік]

Разам з братам П. І. Барысавым і Ю. К. Люблінскім  (руск.) заснавальнік «Таварыства першай згоды» (1818), якое хутка было ператворана ў таемнае палітычнае «Таварыства сяброў прыроды», а ў 1823 годзе — у Таварыства злучаных славян[1]. У 1825 годзе таварыства аб’ядналася з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў  (укр.). Браты Барысавы ўваходзілі ў групу, якой было даручана забойства цара Аляксандра I[1].

Прапанавалася падняць паўстанне ў Палтаўскім палку, які быў раскватараваны ў Бабруйску, зрабіць Бабруйск цэнтрам паўстання, падняць 2-ю армію, 4-ы і 5-ы карпусы і ісці на Маскву[1].

Пасля падаўлення паўстання Чарнігаўскага палка  (укр.) (10-15 студзеня 1826 года), арыштаваны 14 студзеня 1826 года[1]. Адпушчаны пасля допыту і сутак арышту. Арыштаваны ў вёсцы Буймір Лебядзінскага павета па загадзе ад 9 лютага 1826 года. Дастаўлены ў Курск. 10 красавіка 1826 дастаўлены ў Санкт-Пецярбург на галоўную гаўптвахту. Заключаны ў Петрапаўлаўскую крэпасць 12 красавіка 1826 года.

Катарга[правіць | правіць зыходнік]

Асуджаны па I разраду 10 ліпеня 1826 года. Прысуджаны да вечных катаржных прац. 23 ліпеня 1826 года разам з братам адпраўленыя закаванымі ў Сібір. 22 жніўня 1826 года тэрмін катаргі скарочаны да 20 гадоў.

Прыбылі ў Іркуцк 29 жніўня 1826 года, адтуль адпраўленыя ў Аляксандраўскі броварны завод. 6 кастрычніка 1826 года вярнуліся ў Іркуцк. 8 кастрычніка братоў адправілі ў Благадацкі руднік. З Благадацкага рудніка пераведзеныя ў Чыцінскі астрог. Прыбылі ў Чыту 29 верасня 1827 года. Пераведзены ў Пятроўскі завод у верасні 1830 года. 8 лістапада 1832 года тэрмін катаргі скарочаны да 15 гадоў. 14 снежня 1835 года тэрмін катаргі скарочаны да 13 гадоў.

У Пятроўскім Заводзе разам браты вялі рэгулярныя метэаралагічныя назіранні, якія пасля дазволілі вызначыць сярэднія штомесячныя тэмпературы для Сібіры.

Ссылка[правіць | правіць зыходнік]

Па заканчэнні тэрміну катаргі па ўказе ад 10 ліпеня 1839 года братоў адправілі ў ссылку у сяло Падлапаткі Верхнеўдзінскай акругі Іркуцкай губерні (у цяперашні час сяло Падлапаткі, Мухарбішынскі раён Бураціі). На катарзе і селішчы вёў навуковыя прыродазнаўчыя назіранні, збіраў гербарый. Нягледзячы на псіхічнае захворванне, дапамагаў брату афармляць калекцыі, займаўся картонавай і пераплётнай справай.

Па ўказе ад 21 сакавіка 1841 года братоў перавялі ў вёску Малая Развадная. 30 верасня 1854 года раптоўна памёр брат Пётр. Андрэй Іванавіч скончыў жыццё самагубствам пасля смерці брата.

Пахаваны ў вёсцы Вялікая Развадная, магіла не захавалася, таму што пры будаўніцтве Іркуцкай ГЭС могілкі, дзе пахаваныя браты Барысавы, апынуліся пад вадой.

Зноскі

  1. а б в г д Борисовы // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 75. — 737 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Нечкина М. В. Общество соединенных славян. — М.; Л., 1927.;
  • Декабристы: Биографический справочник / Под ред. М. В. Нечкиной. — М., 1988.;
  • Белоголовый Н. Из воспоминаний сибиряка о декабристах // Русские мемуары. — М., 1990.