Бургундыя (графства)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Герб графства Бургундыя да XIII стагоддзя.
Графства Бургундыя

Графства Бургундыя (фр.: Comté de Bourgogne) — сярэдневяковае графства, затым пфальцграфства, якое ўтварылася ў складзе каралеўства Верхняя Бургундыя і ўключыла тэрыторыі паміж Сонай і горамі Юра. Да XI стагоддзя графства набыло адносную самастойнасць, застаючыся ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі. З 1366 года за ім замацавалася назва Франш-Кантэ — «вольнае графства».

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Графства размяшчалася на тэрыторыі сучаснай французскай правінцыі Франш-Кантэ. Яно ўключала вобласці Везуль (фр.: Vesoul), Безансон (фр.: Besançon), Доль (фр.: Dole), Лон-ле-Санье (фр.: Lons-le-Saunier), Пантарлье (фр.: Pontarlier).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Узнікненне графства[правіць | правіць зыходнік]

Бургундскія графствы ў IX стагоддзі
Бургундскае графства ў канцы X стагоддзя

Паводле Вердэнскага дагавора 843 года графствы Верхняй Бургундыі (Партуа, Варэ, Эскуан, Аму, Ажуа), з зямель якіх у будучыні ўтварылася графства Бургундыя, былі ўключаны ў «Сярэдзіннае каралеўства» імператара Лотара I, а пасля яго смерці ў 855 годзе былі адпісаны яго сыну, каралю Латарынгіі Лотару II.

У 858 годзе Эд I, граф Труа, прыняў удзел у паўстанні нейстрыйскай знаці супраць караля Карла Лысага. Але ў наступным годзе паўстанне было здушана, і Эд страціў сваё графства, але знайшоў прытулак у Бургундыі на ўсход ад Соны. Там ён атрымаў большую частку графства Варэ. У 867 годзе Карл Лысы вярнуў яму графства Труа, далучыўшы да яго яшчэ і Ацён.

Пасля смерці караля Лотара II у 870 годзе і падзелу Латарынгіі паміж Карлам Лысым і Людовікам Нямецкім паводле Мерсенскага дагавора, Карл Лысы перадаў Эду ў валоданне графства Партуа і прызнаў за ім частку графства Варэ, а менавіта Безансон. Іншыя ж землі былі ўлучаны ў склад дзяржавы Людовіка Нямецкага.

Пасля смерці Эда ў 870 годзе пануючае становішча ў Верхняй Бургундыі перайшло да архграфа Рафруа (пам. у 895 годзе). У 876 годзе графам Варэ стаў сын Эда — Гі (пам. у 882 годзе).

Пасля абвяшчэння каралём Бургундыі Базона ў кастрычніку 879 года верхнебургундскія графствы апынуліся ў складзе Ніжнебургундскага каралеўства, але неўзабаве яны перайшлі ў склад уладанняў караля Карла III Тоўстага. Пасля звяржэння Карла ў 888 годзе графствы Верхняй Бургундыі ўвайшлі ў складзе ўтворанага каралеўства Верхняй Бургундыі.

У 914 годзе графам Варэ і Партуа стаў Гуга Чорны, сын герцага Бургундыі Рычарда Заступніка. Пасля смерці герцага Аквітаніі Гільёма I у 919 годзе ён атрымаў у спадчыну Ліён. Да 921 годзе ён стаў самым магутным графам у гэтым рэгіёне (архграфам). Гэтаму спрыяла тое, што каралём Францыі ў 923 год становіцца яго брат Рауль. У 927 годзе Гуга распаўсюдзіў свой уплыў на графства Макон з прычыны згасання Авернскага дому. Пры гэтым ён абапіраўся на віконта Макона Абры (Альберыка).

Пасля смерці ў 936 годзе брата, караля Рауля, Гуга адмовіўся прызнаць каралём Людовіка IV. Ён адправіўся ў свае бургундскія ўладанні, дзе абапіраўся на сваіх верных васалаў — графа Шалона і Бона Жыльбера, віконта Макона Абры I і яго сына Лета, віконта Дыжона Роберта. У 937 годзе ён адмовіўся прынесці васальную прысягу па сваіх уладаннях каралю Бургундыі Конраду, паколькі той у той час знаходзіўся ў палоне ў караля Германіі Атона I.

У гэтым жа годзе ў Бургундыю ўварваліся венгры, спустошыўшы Безансон. У 938 годзе Гуга быў вымушаны падпарадкавацца каралю Людовіку, у выніку чаго кароль Францыі распаўсюдзіў свой уплыў на Верхнюю Бургундыю, стаўшы сюзерэнам Ліёна і В'ена.

У 941 годзе пад ціскам караля Атона I Гуга быў вымушаны памірыцца з Гуга Вялікім і Гербертам дэ Вермандуа. Але ўжо ў 943 годзе ён ізноў уступіў у канфлікт з Гуга Вялікім і быў вымушаны саступіць таму палову герцагства Бургундыя. А ў 944 годзе ён распаўсюдзіў свой уплыў на В'ен, дзе ў той час кіраваў яго блізкі сваяк Карл-Канстанцін.

Тым часам у графствах узмацніўся ўплыў віконта Макона Абры I (пам. каля 945 года), сына віконта Нарбоны Маеля. Обры I атрымаў Макон дзякуючы жаніцьбе з Таланай, спадчынніцай віконта Ракульфа. З блаславення Гуга Чорнага і караля Бургундыі Конрада ён распаўсюдзіў свой уплыў на тэрыторыю Салена, Пантарлье і Безансона. Яго пляменнік Маёль быў у той час абатам Клюні. Пасля смерці Обры ў 945 годзе яго ўладанні былі падзелены паміж сынамі. Лета II (каля 910—965 гады) стаў графам Макона і Безансона, а яго брат Гумберт атрымаў у спадчыну Сален. Яны абодва прынеслі васальную прысягу Гуга Чорнаму.

Пасля смерці Гуга Чорнага ў 952 года Лета стаў самым магутным феадалам у Верхняй Бургундыі. Жанаты з Ірменгардай, сястрой Жыльбера дэ Вержы, які атрымаў у спадчыну бургундскае герцагства, ён быў яго прыхільнікам.

Пасля смерці Лета ў 965 года ўладанні атрымаў у спадчыну яго сын Абры II (каля 943 — да 982 года). Пра яго кіраванне не вядома практычна нічога. Пасля яго смерці графства перайшло да Ота-Гільёма, які стаў першым графам Бургундыі.

Іўрэйская дынастыя[правіць | правіць зыходнік]

Кіраванне графа Ота-Гільёма[правіць | правіць зыходнік]

Ота-Гільём (каля 958 — 21 верасня 1026 года) быў унукам караля Італіі Берэнгара Фрыульскага з Іўрэйскай дынастыі. Яго бацька Адальберт быў суправіцелем бацькі ў Італіі ў 950962 гадах. Пасля паланення і ссылкі бацькі ён беспаспяхова спрабаваў змагацца з імператарам Атонам I. У 968 годзе ён перабраўся ў графства Шалон да жонкі Гербергі, дачкі графа Ламберта, дзе і памёр. Пасля яго смерці Герберга выйшла ў другі раз замуж за герцага Бургундыі Эда-Генрыха.

Да 982 года Ота-Гільём ажаніўся з удавой графа Макона Абры II — Эрментрудай (пам. каля 1005), дачкой графа Рэно дэ Русі (пам. 967), дзякуючы чаму стаў графам Макона і Безансона. У 980 годзе яго айчым, герцаг Бургундыі Эд-Генрых, перадаў Ота-Гільёму графства Невер, а ў 982/986 гадах зрабіў сваім намеснікам і графам Бургундыі.

У 995 годзе Ота-Гільём прызначыў сваім намеснікам у Маконе старэйшага сына, Гі (пам. каля 1004 года), а ў 1002 годзе зрабіў яго графам Макона.

У 1002 годзе памёр айчым Ота-Гільёма, герцаг Бургундыі Эд-Генрых, які не пакінуў сыноў. Ота-Гільём абвясціў сябе герцагам, але на герцагства прад'явіў свае правы таксама кароль Францыі Роберт II, стрыечны брат памерлага герцага. У выніку вайны 10021005 гадоў Ота-Гільём быў вымушаны адмовіцца ад дамаганняў на герцагства, якое было далучана да Францыі.[1] Але за ім былі прызнаны ўладанні і тытул графа Бургундыі. Таксама ён захаваў свае правы на шэраг графстваў, якія ўваходзяць у склад герцагства Бургундыя (Бамон, Фувен, Ашэрэ).

Пасля смерці старэйшага сына Гі I, Ота-Гільём у 1006 годзе перадаў Макон яго сыну і свайму ўнуку Атону II (яго нашчадкі валодалі графствам да 1078 года, пасля чаго яно вярнулася да графаў Бургундыі), а свайму другому сыну Рэно (каля 9901057 гады) — графствы Амуа, Варэ і Партуа.

Калі кароль Бургундыі Рудольф III, які не меў сыноў, прызнаў сваім спадчыннікам свайго пляменніка, імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Генрыха II, той запатрабаваў васальнай прысягі ад кіраўнікоў бургундскіх графстваў, што выклікала паўстанне, якое ўзначаліў Ота-Гільём. На працягу 10 гадоў графства Бургундыя адмаўлялася прызнаваць сюзерэнітэт Імперыі.

Кіраванне графа Рэно I[правіць | правіць зыходнік]

Бургундскае каралеўства ў 1034 годзе

  Каралеўства Бургундыя

  Каралеўства Францыя

  Каралеўства Германія

  Каралеўства Італія

Суцэльнай белай лініяй пазначаны межы сучасных дзяржаў

Пасля смерці Ота-Гільёма ў 1026 годзе спадчынікам графа стаў Рэно I. У 1027 годзе ён уварваўся ў графства Шалон, але патрапіў у палон да графа Шалона і біскупа Асера Гуга дэ Шалона. Вызвалены ён быў толькі дзякуючы ўмяшанню цесця, герцага Нармандыі Роберта II.

У 1032 годзе памёр кароль Бургундыі Рудольф III, які адпісаў каралеўства імператару Конраду II. Гэта смерць выклікала вайну за Бургундскую спадчыну 10321034 гадоў, у якой прыняў удзел і Рэно, які падтрымаў прэтэнзіі графа Эда II дэ Блуа. Перамогу ў вайне атрымаў імператар Конрад, які далучыў бургундскае каралеўства да Імперыі. Рэно быў вымушаны бегчы ў Дыжон, а графства Бургундыя апынулася падпарадкавана Конраду.

У 1037 годзе адбылася бітва пры Ганоле (паміж Бар-ле-Дзюк і Вердэнам), у выніку якой армія Эда дэ Блуа была разбіта, а сам ён загінуў. Але Конрад, заняты італьянскімі справамі, не стаў пераследваць сваіх праціўнікаў, прапанаваўшы ім мір. У выніку Рэно прызнаў сябе васалам імператара, атрымаўшы ад яго тытул намесніка (пфальцграфа) Бургундыі, які сталі выкарыстоўваць яго нашчадкі.

У 1039 годзе новы імператар, Генрых III, наблізіў да сябе архібіскупа Безансона Гуга I дэ Сален, які падтрымліваў імператара Конрада ў час вайны. У студзені 1042 года Гуга стаў канцлерам Бургундскага каралеўства, а ў 1043 годзе імператар даў Безансону статус імперскага горада, падпарадкаванага архібіскупу, і такім чынам вывеў яго з падпарадкавання графу Бургундыі.

У 1044 годзе імператар Генрых працягнуў узнагароджваць тых, хто падтрымаў яго бацьку. Ён аддаў графства Манбельяр графу Луі дэ Мусон, што прывяло да новага мецяжу Рэно супраць імператара. Ён паспрабаваў захапіць Манбельяр, але быў разбіты, што вымусіла прызнаць яго незалежнасць Манбельяра ад Бургундыі.

Рэно памёр у 1057 годзе, перажыўшы імператара Генрыха на год. Графства атрымаў у спадчыну яго сын, Гільём I Вялікі.

Кіраванне графа Гільёма I Вялікага і яго сыноў[правіць | правіць зыходнік]

Гільём I Вялікі (каля 1024 — 12 лістапада 1087 года) быў адным з самых значных графаў у гісторыі Бургундыі. Першыя гады яго кіравання прайшлі ў барацьбе з малодшым братам Гі (пам. у 1069 годзе), графам Вернана і Брыёна. Гі пасля смерці герцага Нармандыі Роберта I, прад'яўляў, з прычыны незаконнасці нараджэння Вільгельма, свае правы на нармандскі прастол. Але яго барацьба скончылася няўдачай, пасля чаго Гі выступіў супраць старэйшага брата за Бургундыю. Толькі пасля смерці Гі ў 1069 годзе вайна спынілася.

Умацаванню становішча Гільёма спрыяла маленства імператара Генрыха IV, рэгенткай пры якім была яго маці, Агнэса дэ Пуацье, стрыечная сястра Гільёма. Акрамя таго, у 1066 годзе памёр архібіскуп Безансона Гуга I дэ Сален, які быў прыхільнікам падпарадкавання Бургундыі імперыі.

На Раство 1076 года Гільём I сустракаў у Безансоне адлучанага Папам Рымскім Рыгорам VII ад царквы імператара Генрых IV, калі той накіроўваўся ў Італію.

У 1078 годзе Гільём атрымаў у кіраванне графства Макон, кіраўнік якога, граф Гі II дэ Макон (пам. у 1109 годзе) пастрыгся манахам у манастыр Клюні.

У 1085 годзе памёр архібіскуп Безансона Гуга II. Гільёму I удалося дамагчыся абрання новым архібіскупам свайго сына Гуга III (каля 1067 — 13 верасня 1101 года), падпарадкаваўшы свайму ўплыву царкоўную ўладу ў графстве. Яшчэ адзін сын, Гі (каля 1064 — 12 снежня 1124 года) — будучы Папа Рымскі Калікст II, стаў архібіскупам В'ена.

Гільём I меў шматлікае нашчадства. Пасля яго смерці графства Бургундыя атрымаў у спадчыну яго другі сын Рэно II (каля 10561097 гады)[2]. Графства Макон апынулася ў сумесным валоданні Рэно II і яго малодшага брата Эцьена I Храбрага (каля 1057 — 27 мая 1102 года). А Раймонд (каля 1059 — 24 мая 1107 года) ажаніўся з Уракай, каралевай Кастыліі і Леона з 1109 года, стаўшы родапачынальнікам Бургундскай каралеўскай дынастыі Кастыліі і Леона.

З дачок, Сібіла (каля 1065 — пасля 1103 года) выйшла замуж за герцага Бургундыі Эда I Барэля (каля 1058 — 23 сакавіка 1103 года), Гізела (каля 1070 — пасля 1133 года) — за графа Мар'ена Гумберта II Савойскага (1070 — 14 кастрычніка 1103 года), Ірментруда (каля 1058 — пасля 8 сакавіка 1105 года) — за графа Бар-ле-Дзюка, Манбельяра і Пфірта Цьеры I (10451105 гады), а Клеменцыя (каля 1071 — каля 1133 года) спачатку за графа Фландрыі Роберта II (1065 — 5 кастрычніка 1111 года), а пасля яго смерці за графа Лувена Жафруа (Готфрыда) I Барадатага (10601139).

Рэно II яшчэ больш павялічыў свае ўладанні, ажаніўшыся з спадчынніцы графства Олтынген.

Рэно II памёр у 1097 годзе ў час 1-га крыжовага паходу, у якім браў удзел разам са сваімі братамі Эцьенам I, які атрымаў у спадчыну тытул графа Бургундыі, і Гуга III, архібіскупам Безансона (таксама памерлі ў Палесціне). Гэта значна саслабіла пазіцыі роду ў Германіі.

Графства ў першай палове XII стагоддзя[правіць | правіць зыходнік]

Кіраванне сына Рэно Гільёма II Нямецкага (забіты пасля 3 студзеня 1125 года), які атрымаў сваю мянушку ці з-за паходжання маці (яго выхоўваў дзед па матчынай лініі), ці з-за шлюбу з немкай (яго жонка Агнэс была дачкой герцага Бертольда II фон Цэрынген), працягвалася да 1125 года, калі ён быў забіты ў выніку змовы баронаў, калі паспрабаваў захапіць графства Вале.

Яго малалетні сын Гільём III Дзіцё (каля 11101127 год) быў забіты баронамі ў лютым 1127 года, пасля чаго на графства прад'явілі правы сын Эцьена I Рэно III (каля 109022 студзеня 1148 года), а таксама Конрад фон Цэрынген, сваяк Гільёма III з боку маці. Пераможцам выйшаў Рэно III.

Стаўшы графам Бургундыі, Рэно адмовіўся прызнаваць сваім сюзерэнам імператара Лотара Суплінбургскага. Рэно абгрунтоўваў гэта тым, што Лотар не з'яўляўся нашчадкам каралёў Бургундыі і, такім чынам, не меў правоў на графства. Рэно перанёс сваю рэзідэнцыю ў Доль, які стаў сталіцай графства.

Незалежным графства заставалася нядоўга. Новы германскі кароль Конрад III (з дынастыі Гогенштаўфенаў), абраны ў 1138 годзе, абвясціў, што канфіскуе ўладанні Рэно III і перадае іх Конраду фон Цэрынгену. Разгарэлася вайна, у якой Конрад змог захапіць Рэно ў палон і даставіць яго да імператара. У выніку Рэно быў вымушаны падпарадкавацца імператару, але пры гэтым пазбавіўся часткі сваіх уладанняў на ўсходзе Юры, а Конрад атрымаў тытул «рэктар Бургундыі».

Пасля смерці Рэно III у 1148 годзе графства атрымала ў спадчыну яго малалетняя дачка Беатрыс I (каля 114515 лістапада 1184 года). Яе апекуном і рэгентам графства стаў малодшы брат Рэно, граф Макона Гільём III (каля 1095 — 27 верасня 1155 года) (у Бургундыі ён насіў імя Гільём IV). Ён паспрабаваў прысвоіць сабе тытул графа, зняволіўшы сваю пляменніцу, але на абарону яе правоў выступіў Конрад, які адправіў вызваліць яе герцага Бертольда IV фон Цэрынгена.

Пасля смерці Гільёма III імператар выдаў Беатрыс за свайго пляменніка Фрыдрыха Барбаросу, дзякуючы чаму графства Бургундыя перайшло ў дом Гогенштаўфенаў. Сыны Гільёма, граф Макона і В'ена Жэрар I (каля 112515 верасня 1184 года), і граф Асона Эцьен II (каля 112221 ліпеня 1173 года), былі выключаны са спісу спадчыннікаў графства Бургундыя, хоць і захавалі ўплыў у рэгіёне.

Кіраванне Гогенштаўфенаў[правіць | правіць зыходнік]

У 1156 годзе графства ў якасці пасагу жонкі перайшло пад кіраванне імператара Фрыдрыха I Барбаросы.

Незадоўга да яго смерці, у 1189 годзе Бургундыя перайшла ў валоданне яго трэцяга сына — Атона I (каля 11701200). У Атона не было сыноў, толькі дзве дочкі.

Спачатку графства ў 1200 годзе перайшло да Жанны, а пасля яе смерці ў 1205 годзе — да яе сястры Беатрыс II, якая кіравала графствам разам з маці, Маргарытай дэ Блуа. Каб спыніць беспарадкі ў графстве, яе дзядзька, кароль Германіі Філіп Швабскі ў 1208 годзе выдаў Беатрыс замуж за герцага Меранскага Атона II. Але гэта выклікала канфлікт у 12081211 гадах паміж Атонам і графам Асона Эцьенам III, унукам графа Гільёма III, які жадаў ажаніць з Беатрыс свайго сына Жана і вярнуць графства пад уладу Іўрэйскага дому.

Андэкская (Меранская) дынастыя[правіць | правіць зыходнік]

Файл:Upper Burgundy 1200.png
Дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі Верхняй Бургундыі да 1200 г.

  Графства Бургундыя (Франш-Кантэ)

  Графства Манбельяр

  Уладанні графаў Савоі

  Уладанні Царынгенаў

  Уладанні Габсбургаў

  Царкоўныя ўладанні

Чырвонай лініяй пазначаны межы Верхняй Бургундыі, Францыі і Свяшчэннай Рымскай імперыі

Атон II і яго сын Атон III, чужыя паводле паходжання, мовы і культуры, практычна не прымалі ніякага ўдзелу ў кіраванні графствам, жылі галоўным чынам у сваіх нямецкіх уладаннях. Таму граф Асона, якога падтрымалі кароль Францыі, герцаг Бургундыі і архібіскуп Безансон, узначальваў незадаволеных такім становішчам мясцовых феадалаў. У 1225/1227 годзе гэта вылілася ў сапраўдную вайну, у якой прынялі ўдзел таксама герцаг Бургундыі і граф Шампані.

Пачынаючы з 1230 года адным з самых уплывовых людзей у графстве становіцца граф Шалона Жан I Мудры, сын графа Асона Эцьена III. У 1214 годзе ён ажаніўся з Маго, дачкой герцага Бургундыі Гуга III. У 1236 годзе ён жаніў свайго сына Гуга з Алісай Меранскай, дачкой графа Атона II. У 1237 годзе Жан абмяняў герцагу Гуга Шалон і Асон на сеньярыю Сален і шэраг іншых уладанняў, якія прынеслі яму вялікае багацце дзякуючы сваім саланчакам, а таксама дазволілі больш актыўна ўмешвацца ў бургундскія справы. Акрамя таго гэтыя ўладанні дазволілі яму спаганяць дарожныя мыты, паколькі менавіта праз іх праходзіла дарога з Італіі ў Францыю. Акрамя таго Жан усяляк імкнуўся павялічыць свае ўладанні, выкупляючы правы на розныя землі (іх у Бургундыі ў яго было больш за пяцьдзясят).

Атон III Меранскі памёр у 1248 годзе. Дзяцей ён не пакінуў, з-за чаго яго германскія ўладанні былі былі падзелены паміж далёкімі сваякамі. Бургундыю ж ён яшчэ пры жыцці завяшчаў сваёй сястры Алісе, жонцы Гуга дэ Шалона.

Дынастыя Шалон[правіць | правіць зыходнік]

Герб графства Бургундыя пасля XIII стагоддзя.

Кіраванне Гуга быў даволі неспакойным. З 1250 года ў Гуга ўвесь час узнікалі канфлікты з бацькам, які жадаў кіраваць Бургундыяй ад імя сваёй ятроўкі. У 1258 годзе паўстала насельніцтва Безансона супраць архібіскупа Гільёма. Паўстанне падтрымалі Жан і Гуга, у выніку чаго яно ахапіла ўсё бургундскае графства. У 1259 годзе паўстанне асудзіў Папа Аляксандр IV, які заклікаў умяшацца караля Францыі Людовіка IX і герцага Бургундыі Гуга IV. Паўстанне спынілася ў 1260 годзе.

Гуга памёр у 1267 годзе, а Жан Мудры — годам пазней, пакінуўшы ад трох шлюбаў шматлікае нашчадства. Графства Бургундыя да 1279 года знаходзілася пад кіраваннем удавы Гуга, Алісы Меранскай, якая выйшла ў 1267 годзе ў другі раз замуж — за Філіпа Савойскага. Уладанні ж Жана Мудрага падзялілі яго жывыя на той момант сыны. Адзін сын, Жан дэ Шалон (12431309), сеньёр дэ Рафор, які атрымаў землі на поўдні графства. Акрамя таго, пасля шлюбу з Алісай, унучкай герцага Гуга IV, ён атрымаў у спадчыну графства Асер. Іншы сын, Жан дэ Шалон-Арле (12591315), атрымаў у спадчыну ўладанні на поўдні Юры, у цэнтры Бургундыі, а таксама Безансон.

Пасля смерці Алісы Меранскай у 1279 годзе графства перайшло пад кіраванне сына, Атона IV. Пачатак яго кіравання прайшоў у суперніцтве з дзядзькам, Жанам дэ Шалон-Арле. Атон быў прыхільнікам караля Францыі, а Жан — Свяшчэннай Рымскай імперыі, кіраўніком якой у той час стаў Рудольф I Габсбург. У 1289 годзе імператар скарыстаўся канфліктам паміж графам Базеля і графам Манбельяра Рэно (братам Атона IV), вырашыўшы падпарадкаваць графства свайму ўплыву. Дваццацітысячная армія Рудольфа, якую падтрымліваў Жан дэ Шалон-Арле, уварвалася ў графства, захапіўшы Манбельяр і аблажыўшы Безансон, дзе схаваліся Атон і Рэно. Горад Рудольфу захапіць так і не ўдалося, але ён спустошыў наваколлі горада. Атон быў вымушаны падпарадкавацца імператару. Безансон пры гэтым атрымаў асобы статус і свабоду кіравання, пры гэтым ён быў выведзены з падпарадкавання архібіскупа. Жан дэ Шалон-Арле, дзякуючы падтрымцы імператара, стаў у 1293 годзе мэрам Безансона, а ў наступным годзе стаў віконтам Безансона.

У пошуках абароны ад дамаганняў Рудольфа, Атон IV у 1291 годзе ажаніўся ў другі раз з Маго (12681329), дачкой графа Артуа Роберта II. Дзякуючы гэтаму ён зблізіўся з французскім каралеўскім дваром. Пазней ён падпісаў тайны дагавор з каралём Францыі Філіпам IV, паводле якога абавязаўся выдаць старэйшую дачку, Жанну, за другога сына караля — Філіпа, у якасці пасагу ён быў абавязаны перадаць графства Бургундыя. Па тым жа дагаворы другая дачка, Бланка, была заручана з малодшым сынам караля — Карлам.

Дынастыя Капетынгаў[правіць | правіць зыходнік]

Графства і герцагства Бургундыя ў XIV стагоддзі

У 1295 годзе Філіп Прыгожы, не жадаючы чакаць шлюбу, прымусіў Атона саступіць графства за 100 000 ліўраў. Аднак большая частка дваран адмовілася прызнаць Філіпа кіраўніком, аб'яднаўшыся вакол Жана дэ Шалон-Арле. Паўстанне было падтрымана Англіяй і імператарам, якія яго фінансавалі. Толькі ў 1301 годзе дваране графства падпарадкаваліся каралю. Жан дэ Шалон-Арле ў 1303 годзе атрымаў каралеўскую пенсію.

Атон IV, які працягваў насіць тытул пфальцграфа Бургундыі, служыў каралю Філіпу. Ён памёр у 1302 годзе ад раны, атрыманай у бітве пры Каселі. Яго малалетні сын Роберт насіў тытул пфальцграфа да самай смерці ў 1315 годзе, але рэальна графствам распараджаўся кароль Францыі Філіп. У 1306 годзе ён прызначыў губернатарам графства Жана дэ Шалон-Арле. Шлюб паміж сынам караля Філіпам Доўгім і дачкой Атона IV Жаннай II (каля 12931330 год), які адбыўся ў 1307 годзе, нічога не змяніў, Жан дэ Шалон-Арле працягваў кіраваць графствам ад імя караля. У тым жа годзе адбылося новае паўстанне, якое скончылася безвынікова.

Пасля смерці караля Філіпа IV у 1314 годзе Жанна і Філіп Доўгі змаглі ўступіць у кіраванне графствам. Стаўшы ў 1316 годзе каралём, Філіп даручыў кіраванне графствам жонцы, якая кіравала ім да самай смерці ў 1330 годзе. У кіраванні графствам ёй часта дапамагала маці, Маго, якая стала ў 1302 годзе графіняй Артуа.

Паколькі кароль Філіп V памёр у 1322 годзе, не пакінуўшы сыноў, спадчынніцай графстваў Бургундыя і Артуа стала іх старэйшая дачка, Жанна III (13081347), якая ў 1318 годзе была выдадзена замуж за герцага Бургундыі Эда IV (каля 12951350 год). Пасля смерці Жанны II у 1330 годзе графства Бургундыя разам з Артуа ўвайшло ў склад бургундскага герцагства.

У складзе герцагства Бургундыя графства, якое з 1336 года ў афіцыйных дакументах стала называцца Франш-Кантэ, прабыло да 1361 года, калі памёр бяздзетным герцаг Філіп Руўрскі, які атрымаў у спадчыну графства пасля смерці маці (Жанны III) у 1347 годзе. Пасля чаго графства разам з Артуа перайшло па спадчыне да малодшай дачкі караля Філіпа V і Жанны II — Маргарыты I (13101382), удавы графа Фландрыі Людовіка I Неверскага, якая кіравала імі да самай смерці.

Дом Дамп'ер[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці Маргарыты Франш-Кантэ і Артуа перайшоў пад кіраванне яе сына, графа Фландрыі Людовіка II Мальскага (13301384), а пасля яго смерці — да яго дачкі, Маргарыты II (13501405), якая была замужам за герцагам Бургундыі Філіпам II Смелым. Дзякуючы гэтаму шлюбу Франш-Кантэ канчаткова ўвайшло ў склад герцагства Бургундыя і як незалежнае ўладанне больш не існавала.

Франш-Кантэ пасля XV стагоддзя[правіць | правіць зыходнік]

У XIV—XV стст. Франш-Кантэ ўваходзіла ў склад Бургундскай дзяржавы, кіраванага бургундскімі герцагамі, а з 1477 года ўвайшло ў склад уладанняў Габсбургаў.

У 1558 годзе пры падзеле Габсбургскай дзяржавы Франш-Кантэ адышло да іспанскай галіны дынастыі, але фармальна працягвалася лічыцца часткай Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Па ўмовах Першага ахенскага дагавора 1668 года Францыя саступіла Франш-Кантэ Іспаніі.

У 1674 годзе французскія войскі занялі Франш-Кантэ, і вобласць адышла да Францыі па ўмовах Німвегенскага міру 1678 года. Выключэнне склала паўночна-ўсходняя акруга Манбельяр, уключаная ў склад Францыі толькі ў перыяд рэвалюцыйных войнаў у 1793 годзе.

У перыяд Вялікай французскай рэвалюцыі тэрыторыя Франш-Кантэ была падзелена на дэпартаменты.

У 19601970-х гадах пры новым эканамічным і адміністрацыйным раянаванні Францыі Франш-Кантэ быў адноўлены ў якасці самастойнага рэгіёна.

Зноскі

  1. У 1032 годзе герцагства было вылучана сыну караля Роберта — Роберту I, які стаў родапачынальнікам Бургундскага герцагскага дому.
  2. Старэйшы сын Эд памёр яшчэ пры жыцці бацькі бяздзетным.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Бургундыя