Антон Ігнатавіч Зянкевіч
| Антон Ігнатавіч Зянкевіч | |
|---|---|
| Ксёндз Антоні Зянкевіч (справа). Глыбокае, 29 мая 1938 года. | |
| Дата нараджэння | 29 верасня (11 кастрычніка) 1888 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 1951 |
| Месца смерці | |
| Альма-матар | |
Антон Ігнатавіч Зянкевіч (29 верасня (11 кастрычніка) 1888, Дзісна, Віленская губерня — 1951, Глыбокае, Полацкая вобласць) — беларускі каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 29 верасня 1888 года ў Дзісне. Паходзіў з шляхецкай сям’і Ігната і Антаніны з Верхаводкаў Зянкевічаў. Быў ахрышчаны 16 кастрычніка 1888 года ў мясцовым касцёле.
Вучыўся ў Сестранцэвіцкім павятовым вучылішчы ў Пецярбургу. У 1905 годзе паспяхова здаў уступныя экзамены ў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Аднак праз адсутнасць вольных месцаў прыняты ў лік семінарыстаў толькі ўвосень 1907 года. Падчас вучобы ў Вільні далучыўся да беларускага нацыянальна-культурнага руху. Пасвечаны ў святары 10 чэрвеня 1911 года. Потым вывучаў філасофію ў Інсбруку (Аўстрыя). Доктар тэалогіі.
З 1917 служыў у Дзісенскім дэканаце. У жніўні 1918 года ўдзельнічаў у з’ездзе каталіцкіх святароў Дзісенскага павета ў Германавічах, які прыняў пастанову пра шырокае ўжыванне беларускай мовы ў набажэнствах у касцёле. У 1919—1921 — вікарый у касцёле ў Дзісне, вярнуў каталікам касцёл у Мікалаёве, які пасля 1863 года расійскія ўлады перадалі праваслаўнай Царкве. Кароткі час у пачатку 1920-х служыў у касцёле Святога Стафана ў Вільні. Выступаў у абарону беларускага святара Міхаіла Пятроўскага, арыштаванага ў 1921 годзе ўладамі Сярэдняй Літвы. У 1922—1924 — пробашч у Друі. У час служэння ў Дзісне, Мікалаёве і Друі карыстаўся ў казаннях беларускай мовай.
З 1924 году дэкан і пробашч у парафіі Глыбокае. Адзін з 15 беларускіх святароў, якія 19 мая 1925 году на агульнапольскай канферэнцыі біскупаў выступілі ад імя беларускага духавенства з мемарыялам у справе беларусізацыі нацыянальнага рэлігійнага жыцця.
Актыўна ўдзельнічаў у рэлігійным і грамадскім жыцці Глыбокага, праз палітычную сітуацыі ў ІІ Рэчы Паспалітай не мог ужываць у сваёй дзейнасці беларускую мову. У 1928 годзе прызначаны прэфектам (настаўнікам рэлігіі) у глыбоцкай гімназіі імя Люблінскай Уніі. У 1931 годзе абраны кансультантам у святарскую сінадальную раду пры Віленскай Мітрапалітальнай курыі.
Быў прыхільнікам адраджэння рэлігійнай Уніі. У 1928 годзе арганізаваў у Глыбокім місіі, на якія запрасіў уніяцкіх святароў. Выказваў ідэю стварэння ўніяцкай парафіі ў былой базыльянскай царкве ў адлеглым за тры кіламетры ад Глыбокага Беразвеччы.
У гады Другой сусветнай вайны па-ранейшаму ўзначальваў Глыбоцкі дэканат. У 1942 годзе ўвёў у касцёле казанні на беларускай мове, нягледзячы на варожыя адносіны і непрыхільнасць мясцовых польскіх каталіцкіх святароў і польскіх вернікаў.
Памёр у 1951 годзе, пахаваны на могілках Копцеўка ў Глыбокім.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Уклад. Ю. Гарбінскі. — Мн.- Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3