Арсіт Фрыгійскі
Арсіт Фрыгійскі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
|
|||||||
Нараджэнне | IV стагоддзе да н.э. | ||||||
Смерць | 334 да н.э. | ||||||
Бітвы |
Арсіт Фрыгійскі (па-старажытнаперсідску: Artavazdâ, грэч. Αρτάβαζος, ? — 334 да н.э.) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Персідскай імперыі.
Каля 350 да н.э. прызначаны сатрапам Фрыгіі. Невядомая яго сувязь з родам Фарнакідаў, які ад 477 да н.э. кіраваў Фрыгіяй. Магчыма, быў сынам Арыябарзана, хоць крыніцы гэта не пацвярджаюць. Каля 340 да н.э., каб абараніць ад македонцаў Перынт у Фракіі, запрасіў да сябе на службу грэчаскіх наймітаў на чале з афінянам Апаладорам. На пачатку абарона прыносіла плён, але пасля ініцыятыва перайшла да македонцаў.
Згодна з Арыянам Нікамедыйскім, з пачаткам у 334 да н.э. паходу Аляксандра Македонскага на Персію, кіраўнік грэчаскіх наймітаў на персідскай службе Мемнан прапанаваў Арсіту выкарыстаць тактыку выпаленай зямлі супраць чужынцаў. Але той адмовіўся руйнаваць землі сваіх падуладных. У выніку адбылася бітва пры Граніку, у якой Арсіт камандаваў пафлагонскай кавалерыяй. У бітве персідскае войска было разбіта ўшчэнт, шмат камандзіраў загінулі на полі бітвы, Арсіт жа здолеў уцячы ў Фрыгію, дзе, паводле Арыяна, скончыў жыццё самагубствам, бо быў абвінавачаны ў паразе.
Вядомы адзіны яго сын — Мітрапаст, які быў разбіты македонскім адміралам Неархам у Персідскім заліве.