Перайсці да зместу

Аляксандр Македонскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Македонскі
Ἀλέξανδρος ὁ Μέγας
Аляксандр Македонскі (бюст, рымская копія з работы Лісіпа)
Аляксандр Македонскі (бюст, рымская копія з работы Лісіпа)
Сцяг19-ы Македонскі цар Сцяг
336 да н.э. — 10 чэрвеня 323 да н.э.
Папярэднік Філіп II
Пераемнік Філіп III Арыдэй

Нараджэнне 20 ліпеня 356 да н.э.[1]
Смерць 10 чэрвеня 323 да н.э. (32 гады)
Месца пахавання Александрыя, Егіпет
Род дынастыя Аргеадаў[d]
Бацька Філіп II Македонскі[3][4]
Маці Алімпіяда Эпірская[3][4][…]
Жонка Раксана[5], Стаціра[d] і Парысаціда[d]
Дзеці 1) Геракл (пазашлюбны, ад Барсіны)
2) Аляксандр (ад Раксаны)
Веравызнанне старажытнагрэчаская рэлігія[d] і старажытнагрэчаская міфалогія
Званне галоўнакамандуючы
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аляксандр III Македонскі, Аляксандр Вялікі (прыкладна 2021 ліпеня 356 да н.э., Пела, Старажытная Македонія — 1013 чэрвеня 323 да н.э., Вавілон, Македонская імперыя) — цар македонскі (336 да н.э.323 да н.э.), адзін з найбольш вядомых военачальнікаў і заваёўнікаў антычнасці.

Жыццё і дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Нараджэнне, дзяцінства, юнацтва

[правіць | правіць зыходнік]

Аляксандр нарадзіўся ў 356 годзе да н.э. у Пеле, сталіцы Старажытнай Македоніі. Дакладны дзень яго нараджэння невядомы, бо біёграфы Аляксандра блытаюцца ў гэтым пытанні: Плутарх суадносіць яго з шостым днём гекатамбеона — прыкладна 20 ліпеня. Аднак Арыян сведчыць, што Аляксандр жыў 32 гады і 8 месяцаў, а дзякуючы вядомай даце смерці народзіны магчыма аднесці да восені 356 года да н.э. (прыкладна з 6 да 10 кастрычніка[6]). Акрамя таго, распаўсюджана легенда пра тое, што Аляксандр нарадзіўся ў ноч, калі Герастрат падпаліў Храм Артэміды Эфескай (адзін з сямі цудаў свету)[7].

Аляксандр быў сынам македонскага цара Філіпа II Македонскага і Алімпіяды, дачкі эпірскага князя Неапталема. У Філіпа былі іншыя жонкі і дзеці, аднак адзіны вядомы іншы сын, Філіп Арыдэй, пакутваў на нейкую псіхічную хваробу, і бацька з маленства рыхтаваў у пераемнікі менавіта Аляксандра[8]. Дзякуючы гэтаму ён атрымаў добрае выхаванне і выдатную адукацыю па класічнай грэчаскай сістэме. У 13 гадоў яго настаўнікам стаў славуты грэчаскі філосаф Арыстоцель. Аляксандр асабліва цікавіўся вывучэннем Іліяды, бо яго маці, паводле легенды, паходзіла ад Ахіла, героя Траянскай вайны[9].

Ваеннай падрыхтоўкай юнака займаўся сам бацька. Свае ваенныя здольнасці і мужнасць Аляксандр упершыню праявіў у 338 да н.э. у бітве пры Херанеі (дзе разграміў войска фіванцаў), якой завяршылася заваяванне Грэцыі Македоніяй. Паколькі бацька адсутнічаў у Македоніі з-за шматлікіх войнаў, Аляксандр некаторы час кіраваў справамі ў метраполіі пад наглядам паплечнікаў Філіпа і нават правёў паспяховую кампанію супраць фракійцаў[10].

Успадкоўванне ўлады. Пачатак паходу супраць Персіі

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля гібелі бацькі, забітага ў 336 да н.э. ахоўнікам Паўсаніям, Аляксандр заняў царскі сталец. У першую чаргу ён пакараў смерцю іншых прэтэндэнтаў — Арабая, Герамена, Атала і нават свайго стрыечнага брата Амінту[11]. Хутка грэчаскія гарады, якія былі заваяваны Філіпам, паспрабавалі скарыстацца зменай улады ў Македоніі і вярнуць незалежнасць, але Аляксандр на кангрэсе ў Карынфе дамогся захавання македонскага ўплыву пры ўмове вялікай аўтаноміі гарадоў. Пасля новы цар пачаў ваенны паход супраць суседніх паўночна-заходніх плямён (ілірыйцаў, трыбалаў, гетаў і інш.), якіх разбіў і прымусіў прызнаць македонскае панаванне. Падчас кампаніі жыхары Фіў у Грэцыі паддаліся чуткам пра смерць новага цара і паўсталі супраць Македоніі. Аляксандр хутка прыйшоў да горада і праз некалькі дзён здзейсніў паспяховы штурм. Старажытныя Фівы былі разбураны, а большасць жыхароў прадалі ў рабства. Грошы ад продажу фіванцаў значна палепшылі фінансавае становішча Македоніі[12].

Вясной 334 да н.э. яго грэка-македонская армія на чале з вопытнымі і здольнымі палкаводцамі пераправілася праз Гелеспонт (Дарданелы) у Малую Азію на вайну з Персіяй. У якасці месца высадкі была абрана мясцовасць каля старажытнай Троі. Пры адноснай сваёй малалікасці (32 тысячы пяхоты, 5 тысяч вершнікаў) ў параўнанні з персамі, але дзякуючы сваім высокім баявым якасцям, арганізаванасці, вопытнасці і тэхнічнай аснашчанасці македонцы нанеслі паражэнне персам у двух бітвах. Спачатку грэка-македонская армія перамагла войска персідскіх сатрапаў каля Граніка (334 год да н.э.), а пасля — войска персідскага цара Дарыя III каля Ісы (333 год да н.э.). Пры гэтым самога цара грэкі прымусілі ратавацца ўцёкамі з месца апошняй бітвы, дзе ён пакінуў частку сваёй сям’і. Спробы Дарыя III узяць рэванш закончыліся беспаспяхова. Большасць грэчаскіх гарадоў, якія імкнуліся вызваліцца ад персідскай няволі, без супраціўлення здаваліся Аляксандру Македонскаму. Аднак некаторы час трымаўся вялікі Мілет, а буйны гандлёвы цэнтр Галікарнас персы баранілі даволі доўга дзякуючы вялікаму флоту. Пасля перамогі над персамі 24-гадовы палкаводзец хутка пакарыў Фінікію і захапіў парты ўсходняга ўзбярэжжа Міжземнага мора, што забяспечыла яму панаванне на моры.

Працяг паходу

[правіць | правіць зыходнік]
Карта паходаў Аляксандра (націсніце, каб павялічыць). Чырвоным пазначаны шлях арміі Аляксандра, перарывістай лініяй — шляхі вяртання трох частак яго арміі ў Вавілон. Скрыжаванні чырвоных і сініх мячоў пазначаюць буйнейшыя бітвы, чырвоныя колы вакол сініх кропак — аблогі гарадоў грэка-македонскімі войскамі. Таксама адзначаны некаторыя з заснаваных Аляксандрам гарадоў.

Зімой 332—331 да н.э. Аляксандр без бою заняў Егіпет, дзе мясцовыя жрацы афіцыйна абвясцілі Аляксандра Македонскага сынам бога Амона і прызналі яго сваім фараонам. У гонар такога поспеху ён у дэльце Ніла заснаваў горад Александрыю Егіпецкую, які хутка стаў буйнейшым культурным цэнтрам Міжземнамор’я. У Егіпце Аляксандр здзейсніў пілігрымку да аракула Амона ў аазісе Сіва, што замацавала яго аўтарытэт у рэлігійнай краіне.

З Егіпта Аляксандр Македонскі накіраваў сваё войска ў Месапатамію, дзе ў бітве пры Гаўгамелах зноў перамог значна большыя сілы персаў. Гэта перамога прывяла да забойства Дарыя III у 330 да н.э. адным з сатрапаў апошняга, а вялікую персідскую дзяржаву Ахеменідаў — да канчатковага развалу. У выніку гэтага Аляксандр заняў сталіцы персідскіх цароў Вавілон, Сузы, Экбатану, захапіў вялізныя багацці і аб’явіў сябе законным пераемнікам Дарыя III на персідскім стальцы. Іншую персідскую сталіцу — Персепаліс — Аляксандр спаліў.

На працягу 329—327 да н.э. ён з цяжкасцю пакарыў Сярэднюю Азію, дзе сатрап Бес абвясціў сябе новым персідскім царом, а мясцовыя плямёны арганізавалі абарону Бактрыі і Сагдыяны. Каля Палітымета яны нават перамаглі адзін з атрадаў Аляксандра, аднак грэка-македонская армія у рэшце рэшт заваявала значную частку Сярэдняй Азіі. Для замацавання грэчаскай улады Аляксандр ажаніўся з Раксанай, дачкой мясцовага ўладара Аксіярта.

Вясной 327 да н.э. Аляксандр пачаў свой індыйскі паход, у час якога разбіў войска валадара Пенджаба Пора ў бітве пры Гідаспе (ліпень 326 да н.э.), дзе еўрапейцы ўпершыню сутыкнуліся з баявымі сланамі (Дарый III меў баявых сланоў, але супраць македонцаў іх яны не выкарыстоўваліся). Пасля перамогі Аляксандр меў намер пайсці далей у даліну р. Ганг. Але стомленае паходамі і знясіленае хваробамі войска запярэчыла, і ён вымушаны быў вярнуцца ў Вавілон, які зрабіў сталіцай сваёй дзяржавы. Войска вярталася некалькімі шляхамі, і падчас вяртання шмат грэкаў загінула ад смагі і хваробаў.

Аляксандр пераследваў і навуковыя мэты, таму ўвесь час яго войска суправаджалі грэчаскія навукоўцы — Арыстобул, Пірон, Анаксарх, Калісфен і іншыя. Калісфен некаторы час быў афіцыйным гістарыёграфам экспедыцыі, а Эўмен вёў дзённік паходу[13].

Пасля вяртання ў Вавілон, Аляксандр пачаў кіраваць дзяржавай як усходні цар, што выклікала незадаволенасць шматлікіх грэкаў у яго асяроддзі. Асабліва жорстка яны аднесліся да стварэння войска, набранага з усходніх народаў, аднак падрыхтаванага на грэчаскі лад і арганізаванага ў фалангі. Арыстакратыю з усходніх земляў Аляксандр запрашаў у склад гетайраў (стар.-грэч.: ἑταῖροι) — элітную кавалерыю свайго войска. У 324 годзе да н.э. Аляксандр пакараў 13 сваіх паплечнікаў, незадаволеных яго палітыкай.

У 323 годзе да н.э. Аляксандр рыхтаваўся да пахода на Аравійскій паўвостраў, аднак у чэрвені раптоўна захварэў і памёр 10 ці 13 чэрвеня ў Вавілоне[14][15].

Версія пра атручванне Аляксандра яго паплечнікам Антыпатрам існуе з антычнасці, аднак пераканаўчыя аргументы у падтрымку гэтай гіпотэзы невядомыя[16].

У 2019 годзе грэчаскія навукоўцы, прааналізаваўшы апісаныя антычнымі гісторыкамі апошнія дні македонскага цара і сімптомы яго хваробы, зрабілі выснову, што Аляксандр Македонскі памёр у выніку вострага панкрэанекрозу — вострай формы захворвання падстраўнікавай залозы. Пачатак сімптомаў характарызаваўся моцным болем у жываце пасля раскошнай ежы і віна, які суправаджаецца ліхаманкай і штодзённым прагрэсавальным пагаршэннем на працягу чатырнаццаці дзён. Гэта захворванне развілася ў яго на фоне жоўцевакаменнай хваробы і схільнасці да алкаголю і цяжкай ежы. Пры гэтым даследчыкі адкінулі старыя версіі смерці македонскага цара[17][18] — меркавалася, што ён мог памерці ад малярыі, пнеўманіі[19], брушнога тыфу або ліхаманкі Заходняга Ніла[20].

Цела Аляксандра забальзамавалі і па патрабаванні яго паплечніка Пталамея перавезлі ў Мемфіс, а пазней — у Александрыю. Мумію Аляксандра бачылі Актавіян Аўгуст і Каракала, аднак пазней звесткі пра яе знікаюць.

Падзел імперыі Аляксандра

[правіць | правіць зыходнік]
Падзел імперыі Аляксандра паміж дыядохамі пасля бітвы пры Іпсе ў 301 г. да н.э.

Створаная Аляксандрам у выніку паспяховых ваенных паходаў дзяржава была самай вялікай у старажытным свеце, яе межы працягваліся ад р. Дунай да р. Інд. Аднак пазбаўленая цесных унутраных сувязей, яна хутка развалілася пасля смерці цара-заваёўніка і на яе тэрыторыі ўзнік рад эліністычных дзяржаў. Прызначаны Аляксандрам рэгент Пердыка быў хутка забіты, а сына цара ад Раксаны, Аляксандра IV, адхілілі ад улады. Асобныя часткі дзяржавы ўзначалілі паплечнікі заваёўніка — дыядохі (ад стар.-грэч.: διάδοχος — пераемнік). Паміж імі пачаліся войны за тэрыторыі былой імперыі, і большую іх частку захапілі Селеўкіды (нашчадкі Селеўка) і Пталамеі (нашчадкі Пталамея). Першыя кіравалі Сірыяй, Малой Азіяй, Месапатаміяй, некаторы час — Бактрыяй, а Пталамеі — Егіптам і Кіпрам, а таксама мелі ўплыў на Палесціну і Кілікію. Македоніяй у яе ранейшых межах пачалі кіраваць нашчадкі дыядоха Антыгона. Далёкія ўсходнія землі дзяржавы Аляксандры далучыліся да дзяржавы Маур’еў, большасць грэчаскіх полісаў паступова вярнула незалежнасць.

Аблічча Аляксандра адносна добра вядомае, бо ён яшчэ пры жыцці быў шматразова ўвасоблены ў творах жывапісу і скульптуры[21]. Сучаснікі, і сам Аляксандр, лічылі, што найлепшага падабенства дасягнулі скульптуры прыдворнага скульптара Лісіпа, напрыклад «Аляксандр з кап’ём». Відавочна, сапраўдным можна лічыць партрэт Аляксандра на сінтэтычнай батальнай карціне, якая была ўзноўлена з мазаічнай копіі ў Пампеях і захоўваецца ў Неапалі.

Аляксандр быў першым вядомым прадстаўніком эліністычнага свету, які не насіў барады. Такім чынам ён стварыў моду не насіць барады, якой, з выняткам філосафаў, трымаліся публічныя асобы ў Грэцыі і Італіі да часоў Адрыяна.[22].

Сям’я. Прыватнае жыццё

[правіць | правіць зыходнік]
Аляксандр у бітве пры Ісе. Мазаіка з Пампеяў (не пазней за 79 год н.э.).

Тры жонкі Аляксандра і яго адзіны сын, народжаны ў шлюбе:

Аляксандр Македонскі
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
1. Раксана
 
 
 
 
2. Статыра
 
 
3. Парысатыда
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Аляксандр IV (323—309 да н.э.)
 
 

Акрамя Аляксандра IV, прэтэндэнтам на спадчыну цара лічыўся Геракл, сын каханкі Аляксандры Барсіны (ці Берсіны). Акрамя таго, у антычныя часы існавалі чуткі пра магчымую бісексуальнасць Аляксандра, а каханкамі цара лічылі яго паплечніка Гефестыёна і еўнуха Багоя.

Аляксандр у гісторыі. Ацэнкі

[правіць | правіць зыходнік]

Незвычайны вобраз Аляксандра Македонскага яшчэ ў старажытнасці паслужыў пісьменнікам для розных гісторыка-прыгодніцкіх твораў, якія былі шырока распаўсюджаныя ў літаратуры Грэцыі, Рыма, Блізкага Усходу, сярод іх асаблівай папулярнасцю карыстаўся раман «Александрыя», які быў вельмі папулярны і на землях колішняй Русі, яго чыталі ўсе адукаваныя людзі таго часу, у т.л. і Ф. Скарына. Пры гэтым беларускі першадрукар рэкамендаваў чытаць не «Александрыю», а біблейскую кнігу Макавеяў, дзе ўзгадваецца Аляксандр:

Аще ли же кохание имаши ведати о военных а о богатырских делех, чти книги Судей или книги Махавеев, более и справедливее в них знайдеш, нежели во Александрии или во Тройи[23]

У Вялікім княстве Літоўскім былі вядомы розныя варыянты «Александрыі» — і пераклад з лацінскай мовы, які нёс адбітак еўрапейскага рыцарскага раману, і пераклад з грэчаскай мовы, захаваны ў Візантыі. Некаторыя сюжэты з жыцця Аляксандра трапілі ў беларускія народныя казкі і ў рэпертуар батлейкі[24].

Захавалася і шмат гістарычных крыніц, якія распавядаюць пра жыццё цара. Творы сучаснікаў Аляксандра (Харэт з Мілета, Мядэй і Палікліт з Ларысы, Эфіп з Алінфы, Анесікрыт з Астыпалеі, Пталамей) не захаваліся, як і афіцыйная гісторыя паходу, якую ствараў гістарыёграф Калісфен (абвінавачаны ў здрадзе і забіты царом у 327 годзе да н.э.). Галоўныя гістарычныя крыніцы па жыцці Аляксандра адносяцца да перыяду з I стагоддзя да н.э. да II стагоддзя н.э. Гэта біяграфія Плутарха, а таксама агульныя гістарычныя творы Дыядора Сіцылійскага, Арыяна, Квінта Курцыя Руфа, Пампея Трога (апошні твор быў захаваны ў скарочынам выглядзе Юстынам). Яны спасылаюцца ў асноўным на сучаснікаў цара, але таксама на Клітарха, які стварыў гераізаваную біяграфію цара, вельмі папулярную ў старажытнасці.

З ідэалізаваным вобразам Аляксандра Македонскага спрачаюцца ўжо біяграфічныя звесткі пра яго. Аляксандр жорстка расправіўся са старым сябрам Парменіёнам і сынам таго, Філотам, уласнаручна забіў ў час застольнай бяседы Кліта, аднаго са сваіх паплечнікаў у войнах.

Вобраз Аляксандра і розныя сюжэты з яго жыцця неаднаразова выкарыстоўваліся еўрапейскімі мастакамі, скульптарамі, пісьменнікамі, паэтамі. Акрамя таго, Аляксандра добра ведалі на Ўсходзе як Іскандэра ці Іскандара. Значную ролю македонскі цар адыгрывае ў творах Фірдаўсі, Нізамі Гянджэві (паэма «Іскандэр-намэ»), Алішэра Наваі. Існуе меркаванне, што згаданы ў Каране Іскандэр Двухрогі (Іскандэр Зулькарнайн) — гэта Аляксандр Македонскі. У Старым Запавеце Аляксандр згадваецца ў першай кнізе Макавеяў і ў кнізе прарока Данііла.

Зноскі

  1. Πλούταρχος 3.5 // Life of Alexander the Great // Βίοι Παράλληλοι
  2. Alexander of Macedon, 356–323 B.C.: a historical biography
  3. а б Любкер Ф. Alexander // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 62–67.
  4. а б Александр Великий // Военная энциклопедияСПб.: Иван Дмитриевич Сытин, 1911. — Т. 1. — С. 284–291.
  5. Роксана // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1899. — Т. XXVII. — С. 29.
  6. Фор П. Александр Македонский. — М.: Молодая гвардия, 2011. — С. 20-22.
  7. Green P. Alexander of Macedon, 356—323 B.C.: A Historical Biography. — Berkeley: University of California Press, 1991. — P. 35
  8. O’Brien J. M. Alexander the Great: The Invisible Enemy. — London—New York: Routledge, 1992. — P. 17.
  9. Hamilton J. R. Alexander’s Early Life // Greece & Rome, 2nd Series. — 1965. — Vol. 12, No. 2 (October). — P. 118.
  10. Hamilton J. R. Alexander’s Early Life // Greece & Rome, 2nd Series. — 1965. — Vol. 12, No. 2 (October). — P. 119.
  11. Hamilton J. R. Alexander’s Early Life // Greece & Rome, 2nd Series. — 1965. — Vol. 12, No. 2 (October). — P. 122
  12. O’Brien J. M. Alexander the Great: The Invisible Enemy. — London—New York: Routledge, 1992. — P. 59.
  13. Шифман И. Ш. Александр Македонский. — Л.: Наука, 1988. — С. 47.
  14. У падтрымку 13 чэрвеня: Ковалёв С. И. Александр Македонский. — Л.: Соцэкгиз, 1937. — С. 110.
  15. Паводле Плутарха (Александр, 76), які кажа пра 28-ы дзень дэсія, Аляксандр памёр 10 чэрвеня.
  16. O’Brien J. M. Alexander the Great: The Invisible Enemy. — London—New York: Routledge, 1992. — P. 215.
  17. greece.greekreporter.com
  18. nashaniva.by
  19. O’Brien J. M. Alexander the Great: The Invisible Enemy. — London—New York: Routledge, 1992. — P. 218.
  20. Alexander the Great and West Nile Virus Encephalitis // Emerging Infectuous Diseases. 2003. Vol. 9, No. 12.
  21. Адна са статуй Аляксандра, выяўленага ў дзіцячым узросце, так захапіла рымскага імператара Нерона, што той загадаў яе пазалаціць.
  22. Хафнер Г. Выдающиеся портреты античности : 337 портретов в слове и образе / Пер. с нем. В. А. Сеферьянц. — М.: Прогресс, 1984. — 311 с. (руск.)
  23. Бразгуноў А. Беларускія Александрыя, Троя, Трышчан: перакладная белетрыстыка Беларусі XV—XVII стст. — Мінск: Беларуская навука, 2009. — С. 15.
  24. Бразгуноў А. Беларускія Александрыя, Троя, Трышчан: перакладная белетрыстыка Беларусі XV—XVII стст. — Мінск: Беларуская навука, 2009. — С. 17.
  • Гафуров Б. Г., Цибукидис Д. И. Александр Македонский и Восток. — М.: Главная редакция восточной литературы изд-ва «Наука», 1980. — 456 с.
  • Грин П. Александр Македонский: Царь четырех сторон света. — М.: Центрполиграф, 2002. — 299 с.
  • Ковалёв С. И. Александр Македонский. — Л.: Соцэкгиз, 1937. — 137 с.
  • Костюхин Е. А. Александр Македонский в литературной и фольклорной традиции. — М.: Главная редакция восточной литературы изд-ва «Наука», 1972. — 190 с.
  • Маринович Л. П. Время Александра Македонского // Источниковедение Древней Греции. Эпоха эллинизма. — М.: МГУ, 1982. — С. 22-65
  • Маринович Л. П. Греки и Александр Македонский: К проблеме кризиса полиса. — М.: Наука — Восточная литература, 1993. — 288 с.
  • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 137—138. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.
  • Фор П. Александр Македонский. — М.: Молодая гвардия, 2011. — 445 с.
  • Хафнер Г. Выдающиеся портреты античности : 337 портретов в слове и образе / Пер. с нем. В. А. Сеферьянц. — М.: Прогресс, 1984. — 311 с. (руск.)
  • Шахермайр Ф. Александр Македонский. — М.: Наука, 1984. — 384 с.
  • Шифман И. Ш. Александр Македонский. — Л.: Наука, 1988. — 208 с.
  • A Companion to Alexander Literature In The Middle Ages. Ed.: D. Zuwiyya. — Leiden: Brill, 2011. — 410 p.
  • Bosworth A. B. Alexander the Great. // Cambridge Ancient History. Vol. VI: The Fourth century B.C. — Cambridge: Cambridge University Press, 1994. — P. 791—875
  • Chugg A. The Sarcophagus of Alexander the Great? // Greece & Rome, Second Series, Vol. 49, No. 1 (Apr., 2002). — P. 8-26
  • Bosworth A. B. Conquest and Empire: The Reign of Alexander the Great. — Cambridge: Cambridge University Press, 1993. — 348 p.
  • Hamilton J. R. Alexander’s Early Life // Greece & Rome, 2nd Series. — 1965. — Vol. 12, No. 2 (October). — P. 117—124
  • Heckel W. The Conquests of Alexamder the Great. — Cambridge, 2008. — 240 p.
  • Nawotka K. Alexander the Great. — Cambridge, 2010. — 440 p.
  • O’Brien J. M. Alexander the Great: The Invisible Enemy. — London—New York: Routledge, 1992. — 336 p.
  • Stoneman R. Alexander the Great. — Routledge, 1997. — 122 p.
  • Thomas C. G. Alexander the Great in his World. — Blackwell, 2007. — 265 p.