Асобы беларускі збор

З пляцоўкі Вікіпедыя

Асобны беларускі збор — спецыяльныя курсы падрыхтоўкі арганізатараў партызанскага руху для дзеяння на тэрыторыі Беларусі. Створаны паводле рашэння ЦК КП(б)Б. Дзейнічаў у красавіку—лістападзе 1942 года.

Структура[правіць | правіць зыходнік]

Размяшчаліся курсы каля г. Мурам Уладзімірскай вобласці. Адборам асабовага складу, фарміраваннем груп і атрадаў, займаўся ЦК КП(б)Б. Загадам Народнага камісарыята абароны СССР (НКА СССР) ад 14 красавіка 1942 года камандаванню Маскоўскай ваеннай акругі, Прыволжскай ваеннай акругі і Уральскай ваеннай акругі была дана дырэктыва аб адкамандзіраванні ў распараджэнне ЦК КП(б)Б 2500 ваеннаслужачых-беларусаў. Збор праводзіўся ў 99-м запасным палку. На зборы прайшлі навучанне сярэдняга камскладу 432 чал., малодшага — 515, радавых — 1666, з іх членаў партыі — 316, камсамольцаў — 640, беспартыйных — 1657[1]. Акрамя таго, Галоўнае палітычнае ўпраўленне РСЧА адкамандзіравала ў распараджэнне ЦК КП(б)Б 60 партыйных і савецкіх работнікаў.

Вучэбная праграма[правіць | правіць зыходнік]

Праграма навучання распрацавана ў ЦК КП(б)Б і зацверджана Наркаматам абароны СССР. Уся праграма навучання была разлічана на 200 гадзін пры ўмове праходжання яе за 20 дзён. Да 20 мая 1942 года першы выпуск вялікай групы, якая скончыла навучанне, были сфармаваны першыя 12 партызанскіх атрадаў, а пазней было сфарміравана яшчэ 2 атрады. Усе атрады мелі агульную сістэму арганізацыі па 50 чалавек на чале з камандзірам, камісарам і начальнікам штаба, аднолькавая колькасць ўзбраення, боепрыпасаў, рыштунку. 27 мая на пасяджэнні Бюро ЦК КП(б)Б былі зацверджаны назва, раён дзеяння, камандны і асабісты склад, партарг кожнага партызанскага атрада. Былі вызначаны і баявыя заданні атрадаў. Асабліва ставілася задача сістэматычна інфармаваць ЦК КП(б)Б як пра сваё баявое жыццё і працу, так і аб дзейнасці ўсіх выяўленых партызанскіх атрадаў і падпольных арганізацый на месцах. Кожнаму атраду надавалася партатыўная радыёстанцыя «Поўнач».

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку ліпеня 1942 года ўсе атрады праз «Віцебскія вароты» перапраўлены на акупіраваную тэрыторыю Беларусі. Атрады «Бясстрашны», «Быстры», «Навальніца», «Мсцівец» накіраваны ў Віцебскую вобласць; атрады «Бура», «Гвардзеец», «Знішчальнік», «Смерць фашызму» — у Мінскую, «Бальшавік», «За Радзіму», «Перамога» — у Магілёўскую, атрад «Меч» — у Гомельскую[2]. Падрыхтаваных на зборы арганізатараў партызанскага руху перапраўлялі ў тыл ворага разам з дыверсійнымі групамі. Атрады і групы, забяспечаныя рацыямі, наладжвалі сувязь з партызанскімі атрадамі і падпольнымі арганізацыямі. За час існавання Асобага беларускага збору падрыхтавана 2865 чалавек. З іх сфарміраваны і накіраваны ў тыл ворага 15 атрадаў і 100 арганізатарскіх груп агульнай колькасцю асабовага складу ў 2378 чалавек; у тым ліку 60 інструктараў мінна-падрыўной справы і 2318 падрыўнікоў[3]. Многія атрады выраслі ў партызанскія брыгады.

У кастрычніку 1942 года Ассобы беларускі збор быў рэарганізаваны ў спецыяльную школу ЦК КП(б)Б з задачай далейшай падрыхтоўкі партыйных і камсамольскіх працаўнікоў для падполля. Спецшкола была перадыслацыравана на станцыю Сходня каля Масквы[4].

Зноскі

  1. Партыйны архіў ЦК КПБ. — Ф. 74. — Воп. 33а. — Спр. 412. — Арк. 46.
  2. Партыйны архіў ЦК КПБ. — Ф. 4. — Воп. 33а. — Спр. 302. — Арк. 5—6.
  3. Партыйны архіў ЦК КПБ. — Ф. 4. — Воп. 29. — Спр. 27. — Арк. 90.
  4. Партыйны архіў ЦК КПБ. — Ф. 4. — Воп. 33а. — Спр. 524. — Арк. 50.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Старинов, И. Вопросы подготовки кадров к ведению партизанской войны / Илья Старинов // Дюков, А. Кто командовал советскими партизанами: организованный хаос / Александр Дюков. — Москва: Вече, 2012. — 301, [2] с., [4] л. ил. — С. 253—254. — (1418 дней Великой войны). — ISBN 978-5-9533-6308-2.