Бааань

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бааань
(боунаң куң)
Агульная колькасць 20074 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання  Кітай
Мова бааньская
Рэлігія іслам, будызм
Блізкія этнічныя групы манголы, дауры, мангоры, дунсян, паўночныя югуры

Бааа́нь (саманазва: боунаң куң, манг.: Бууань) або банань (кіт.: 保安) — народ, найменшая з 56 афіцыйных нацыянальных меншасцяў Кітая. Бааань падзелены на 2 асноўныя групы, кожная з якіх размаўляе на сваім дыялекце мовы мангольскага паходжання. Адна з іх насяляе правінцыю Ганьсу. Яе прадстаўнікі спавядаюць іслам. Другая насяляе правінцыю Цынхай. Сярод яе прадстаўнікоў пашыраны будызм ламаісцкага кірунку. Агульная колькасць (2010 г.) — 20 074 чал.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Мяркуецца, што бааань — нашчадкі манголаў, якія сяліліся ў памежных гарнізонах каля Тыбета (зараз правінцыя Цынхай) у XIII — XVI стст. У сярэдзіне XIX ст. з-за канфлікту з цынскімі ўладамі частка бааань перасялілася на поўнач, у Ганьсу.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Бааань займаюцца земляробствам і жывёлагадоўляй. Важным заняткам здаўна лічылася лясная гаспадарка, здабыча драўніны і паляванне. Бааань славяцца як добрыя вытворцы нажоў.

Жытлы будуюць з неабпаленай цэглы, агароджваюць высокім цагляным плотам. Дом мае два-тры пакоі. Большую частку галоўнага пакоя адводзяць пад штучнае ўзвышша кан, на якім спяць і п’юць чай. Асноўным харчовым прадуктам лічыцца бульба. Чай робяць з малаком, маслам і соллю.

У адрозненне ад суседніх народаў, жанчыны бааань заўсёды носяць галаўныя павязкі: старыя жанчыны і ўдовы — белыя, маладыя жанчыны — зялёныя, дзяўчаты — чорныя. Народны жаночы строй таксама ўключае халат з шырокімі доўгімі рукавамі. Мужчыны апранаюць халаты і па тыбецкаму звычаю — доўгія шалікі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]