Дунсян

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дунсян
(撒尔塔)
Агульная колькасць 621500 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання  Кітай 
Мова дунсянская
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы манголы, дауры, мангоры, бааань, паўночныя югуры

Дунся́н (саманазвы: 撒尔塔, манг.: Дуншян ястан, кіт.: 东乡族) — народ, адна з 56 афіцыйных нацыянальных меншасцяў Кітая. Жывуць пераважна ў правінцыі Ганьсу і Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне. Агульная колькасць (2010 г.) - 621 500 чал.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Дунсян — мангольскі народ. Згодна дунсянскаму паданню, іх продкі трапілі ў Ганьсу ў XIII ст. разам з войскам Чынгісхана для аховы межаў. У другой палове XIV ст. дунсян прынялі іслам і, такім чынам, вылучыліся з ліку іншых манголаў, якія спавядалі будызм і шаманізм. Сучасная назва народа мае кітайскае паходжанне і значыць "усходняе паселішча" або "насельнікі ўсходняга паселішча". Самі дунсян клічуць сябе сарт або сант.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Дунсян жывуць пераважна ў горнай засушлівай мясцовасці. Асноўны традыцыйны занятак — паліўнае земляробства. Вырошчваюць збожжавыя культуры, бульбу, гародніну. Жывёлагадоўля мае дапаможнае значэнне.

Традыцыйныя сельскія сядзібы нагадваюць чатырохкутнік з замкнёным унутраным дваром. Двор адзяляе жытлы ад гаспадарчых памяшканняў. Пабудовы ўзводзяць з гліны і неабпаленай цэглы. У доме абавязкова маецца штучнае ўзняцце кан, якое пакрываюць цыноўкамі і лямцам. На ім спяць, бавяць час, п'юць чай. У мінулым у якасці жытлаў, але часцей гаспадарчых памяшканняў выкарыстоўваліся пячоры.

Дунсянская народная кухня даволі простая. Асноўная ежа — вараная бульба, лапша з гароднінай, ячменныя перапечкі майшу з часныком і спецыямі, густы суп луоба з мясам і гароднінай.

Традыцыйныя мужчынскія строі складаюцца з штаноў, курткі, мяккіх тканных туфляў, кепкі або маленькага капялюшыка. Жаночыя строі ўключаюць кароткі баваўняны халат або кофту з зашпількай на правым боку, штаны, доўгія боцікі. Старыя жанчыны і ўдовы апранаюць белую галаўную павязку, маладыя жанчыны — зялёную, дзяўчаты — белую. Да сярэдзіны XX ст. быў распаўсюджаны звычай спавівання ног у дзяўчат.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова дунсян знаходзілася ў ізаляцыі ад іншых мангольскіх моў з часоў позняга сярэднявечча, а таму захавала некаторыя архаічныя рысы. Для яе характэрны багатыя лексічныя запазычанні з іранскіх моў і кітайскай мовы. Дыялектных адрозненняў амаль не маецца. Пісьмовасць на аснове кітайскай графікі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць вернікаў — мусульмане-суніты.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]